Вы тут

Чым здзіўляе Слуцкі краязнаўчы музей


Нагодай наведаць Слуцкі краязнаўчы музей стаў нядаўні падарунак музею новых экспанатаў часоў Вялікай Айчыннай вайны ад сям’і случчан. Але ў самім музеі перш за ўсё пахваліліся залай, прысвечанай космасу. Акрамя таго, высветлілася, што ўстанова прызнана найлепшым раённым краязнаўчым музеем на Міншчыне за 2023 год. Не наведаць яе карэспандэнт «Звязды» проста не мог.


У Случчыны багатае мінулае. І лепш за ўсё гэта адчуваецца менавіта ў мясцовым краязнаўчым музеі, які за гады свайго існавання ператварыўся ў шматпрофільную навуковую ўстанову. Тут вырашаюцца важныя даследчыя і творчыя задачы па стварэнні высокапрафесійных экспазіцый, камплектаванні і вывучэнні калекцый. Першымі экспанатамі, дарэчы, стала газета «Звязда» 1942 года выдання, а таксама лістоўкі падпольнай партызанскай друкарні, прадметы побыту і нацыянальнае адзенне.

Новыя экспанаты

Напрыканцы сёлетняй вясны багатую калекцыю Слуцкага краязнаўчага музея папоўнілі экспанаты часоў Вялікай Айчыннай вайны. Вось як пра іх расказвае дырэктар Слуцкага краязнаўчага музея Алена ГУДОВІЧ: «Са старых партрэтаў на нас глядзяць двое. Ён — бравы ваенны з ганарлівым позіркам і шматлікімі ўзнагародамі на грудзях. Яна — прыгожая маладая жанчына з мілай, добрай усмешкай. Гэта Варфаламей Іванавіч і Ганна Пятроўна Чычковы. Іх партрэты, якія былі напісаны падчас Вялікай Айчыннай вайны невядомым мастаком, у дар Слуцкаму краязнаўчаму музею перадалі нашчадкі — унучка Таццяна Шаталава, праўнучка Ганна і прапраўнук Уладзімір».

Партрэты напісаны алоўкамі на звычайнай прасціне, тлумачыць кіраўнік установы. На жаль, імя мастака не вядома. У кутку на адной з карцін ёсць толькі невялікі подпіс «М. Арцыс». Родныя Чычковых сказалі, што аўтар разам з іх продкам прыязджаў у адпачынак пасля шпіталя. Па словах сям’і, карціны хутчэй за ўсё былі створаны з фатаграфіі, а не з натуры.

«Яны толькі трапілі ў нашы фонды, таму навуковую апрацоўку яшчэ не паспелі зрабіць. Магчыма, у хуткім часе навукова-фондавы аддзел і навуковыя супрацоўнікі здабудуць больш інфармацыі», — заўважае Алена Гудовіч.

Варфаламей Іванавіч Чычкоў удзельнічаў у Фінскай вайне. У часы Вялікай Айчыннай быў удзельнікам Курскай бітвы, Арлоўскай наступальнай аперацыі, эвакуацыі мірных жыхароў з блакаднага Ленінграда па Ладажскім возеры, вызвалення Польшчы і Прагі. Вярнуўся дадому ў 1946 годзе. Пражываў у вёсцы Бокшыцы Слуцкага раёна. Працаваў у сельскім Савеце, затым на Беларускай чыгунцы. Выхаваў двух дзяцей. Пайшоў з жыцця ў 1974 годзе. Пахаваны ў вёсцы Васілінкі.

«Маёр Варфаламей Іванавіч Чычкоў служыў у танкавых войсках. Паводле нашай інфармацыі, у адной з бітваў ён атрымаў сур’ёзнае раненне і кантузію. Пасля выпіскі са шпіталя яго разам з ад’ютантам адправілі ў вёску Бокшыцы Слуцкага раёна да жонкі на аднаўленне. Быў узнагароджаны ордэнам Чырвонай Зоркі і ордэнам Айчыннай вайны ІІ ступені», — гэта пакуль усё, што могуць сказаць у Слуцкім краязнаўчым музеі пра чалавека, выява якога цяпер сярод экспанатаў. І гэта — толькі пачатак вялікай работы, якая стаіць за кожнай рэччу, што знаходзіцца тут на захоўванні.

Случчына старажытная

Пра старажытнасць самога Слуцка сведчаць знойдзеныя на тэрыторыі горада манеты, посуд, шахматныя фігуркі з косці і дрэва, формы для адліўкі металаў з ювелірнай майстэрні XІІ стагоддзя і... жаночы абутак таго ж часу.

У верасні 2016 года каля ўваходу ў Палац шлюбаў быў усталяваны помнік Анастасіі Слуцкай. Урачыстае адкрыццё манумента прымеркавалі да 900-годдзя горада. Аўтары праекта — скульптар Сяргей Аганаў і архітэктар Сяргей Багласаў.

Анастасія Слуцкая — дачка Мсціслаўскага князя Івана Юр’евіча ад першага шлюбу. У 90-х гадах XV стагоддзя яе выдалі замуж за Слуцкага і Капыльскага князя Сямёна Слуцкага. У 1503 годзе муж Анастасіі памёр, і яна ўзяла кіраванне княствам на сябе, паколькі іх сын быў яшчэ малы. Слуцкія землі нярэдка падвяргаліся нападам татарскіх войскаў яшчэ пры жыцці князя Сямёна. Пасля яго смерці маладая ўдава стала на абарону Слуцкага княства ад набегаў татараў і сама асабіста была на чале войска. Так, з 1505 да 1508 года ёй удалося абараніць Слуцк, хоць усё ж тэрыторыя княства падвергнулася спусташэнню.

Помнік Анастасіі Слуцкай — гэта чатырохметровая скульптура, якая складаецца з двух элементаў — каменю і бронзы. Пастамент важыць шэсць тон, вага каменнай «спадніцы» — пяць тон, вага бронзавай скульптуры княгіні — 600 кілаграмаў. Гэта першы ў Беларусі помнік, дзе бронза спалучаецца з гранітам.

«У маі 1617 года ў Слуцку была адкрыта першая гімназія. Класічная гімназія была мужчынскай. Гэта была сур’ёзная і разам з тым свецкая ўстанова. У ёй вывучалі старажытнагрэчаскую мову, латынь, англійскую, французскую, нямецкую, польскую мовы. Слуцкія князі нярэдка наймалі настаўнікаў з Еўропы», — распавядае Васіль Цішкевіч.

У розныя часы ў Слуцку пражывалі прадстаўнікі розных канфесій: іўдзеі, праваслаўныя, католікі.

Гераічная

Зала «Вайна. Трагедыя. Памяць» прысвечана некалькім войнам: з Напалеонам 1812 года, Першай сусветнай, міжваеннаму перыяду, Савецка-фінскай, Вялікай Айчыннай.

У пачатку ХХ стагоддзя ў Слуцкім раёне нарадзіўся будучы паэт, перакладчык і журналіст Акім Пятровіч Астрэйка — больш вядомы пад псеўданімам Анатоль Астрэйка. У суровыя дні барацьбы нашага народа супраць нямецка-фашысцкіх захопнікаў Анатоль Астрэйка напісаў зборнік вершаў «Слуцкі пояс». Аўтар прысвяціў зборнік Слуцкім партызанам брыгады імя В. П. Чкалава.

«Анатоль Астрэйка напісаў некалькі дзясяткаў вершаў і звярнуўся да першага сакратара Слуцкага падпольнага райкама партыі Іпаліта Канановіча з просьбай выдаць партызанскі зборнік, — распавядае навуковы супрацоўнік Слуцкага краязнаўчага музея Васіль Цішкевіч. — У 1943 годзе друкарня Слуцкай падпольнай газеты „Народны мсцівец“ выпусціла „Слуцкі пояс“. Партызаны, якія ваявалі ў розных брыгадах Слуцкага злучэння, вельмі бераглі гэты зборнік. Ніхто не вырваў ніводнага ліста з кнігі для таго, каб зрабіць самакрутку».

Зборнік друкавалі ў вольны ад выдання газет і плакатаў час. Слуцкія партызаны адбівалі ў нямецкіх захопнікаў паперу, знаходзілі фарбу, выкарыстоўвалі прыродныя матэрыялы.

«Кніга стала зброяй з нямецкай прапагандай. Барацьба ідэалогій была важнай часткай вайны паміж нямецкімі акупантамі і савецкімі салдатамі і партызанамі», — адзначыў Васіль Цішкевіч.

«У нас ёсць экспазіцыя зямлянкі, у якой партызаны-падпольшчыкі друкавалі газеты і лістоўкі. Аднак самыя каштоўныя экспанаты ў сувязі з вялікай датай — 80-годдзем Перамогі над фашысцкай Германіяй — сёння прадстаўлены на ВДНГ у Маскве. Не стаў выключэннем і друкаваны станок з гэтай экспазіцыі, на якім у гады акупацыі нашы слаўныя продкі друкавалі газеты і лістоўкі. На ім і быў надрукаваны зборнік вершаў „Слуцкі пояс“ Анатоля Астрэйкі», — расказвае навуковы супрацоўнік.

«Ураджэнка Слуцка Галіна Сыцько яшчэ да вайны выйшла замуж за ваеннага, у іх нарадзіліся двое дзетак. У 1941 годзе яе муж пайшоў на фронт, а яна разам з маленькімі сынам і дачкой з’ехала з акупаванага горада да бацькоў мужа ў вёску Гутніца. Там з ёй выйшлі на сувязь партызаны», — расказвае яшчэ адну ваенную гісторыю суразмоўца.

Галіна Сыцько стала пастаяннай сувязной паміж партызанамі і падпольшчыкамі. Маладая, прыгожая, далікатная жанчына брала на сябе вельмі складаныя заданні: збірала ў горадзе інфармацыю для партызан, праводзіла дыверсіі. І ніколі не расставалася са сваёй маленькай чорнай сумачкай.

«У гэтай сумцы яна пераносіла не толькі лістоўкі, але і англійскія міны. Такога роду мінай з гадзіннікавым механізмам Алена Мазанік узарвала Вільгельма Кубэ. Сына Галіны Сыцько назвалі Джан, бо яго бацька ў даваенныя гады служыў у Закаўказзі. Там імя Джан раўнасільнае нашаму Іван і пры гэтым мае значэнне „сябар“. Галіна Сыцько падтрымлівала сувязь з аптэкай, якую ўзначальваў Васіль Літоўкін, пераносіла ў партызанскія атрады медыкаменты. Яе добрая знаёмая — Марыя Раманенка, якую партызаны называлі Жаннай, была медсястрой. Яна выратавала жыццё Джану і Івану Стасевічу, які потым стане вядомым мастаком», — дадае Васіль Цішкевіч.

29 чэрвеня 1944 года пачаліся баі за Слуцк, а на наступны дзень — 30 чэрвеня — ён цалкам быў вызвалены. Сёння паўтара дзясятка вуліц горада носіць імёны герояў — удзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны, якія прымалі ўдзел у баях за вызваленне Случчыны.

У жніўні 1945 года фотакарэспандэнт газеты «Чырвоная Зорка» Арканаў зрабіў здымак, на якім дывізія генерал-маёра Кузняцова вярталася з Германіі праз Слуцк. Случчане сустракалі герояў з кветкамі. На фатаграфіі захаваны момант, дзе маладая случчанка ўручае салдату кветкі.

«Праз 78 гадоў, зусім нядаўна, нам удалося ўстанавіць, што на фатаграфіі — гвардыі сяржант Генадзь Красноў з дывізіі Кузняцова. А мірная грамадзянка, якая дорыць яму кветкі — Валя Садоўская, — жыхарка Слуцка», — раскрывае імёны Васіль Цішкевіч.

Ёсць у Слуцкім краязнаўчым музеі аддзел, прысвечаны вайне ў Афганістане. Па словах навуковага супрацоўніка, ветэраны той вайны цесна супрацоўнічаюць з музеем. Яны часта прыходзяць сюды, сустракаюцца з моладдзю. «Нягледзячы на ўзрост, здароўе, яны прыходзяць і з радасцю праводзяць гутаркі. Многія перадалі свае асабістыя рэчы музею. Берцы, блакітны берэт, разгрузачныя камізэлькі, сігнальныя сцяжкі, панамы, рацыі, рамяні, сумку — усё гэта стала часткай экспазіцыі», — пералічвае экскурсавод.

Касмічная

Слуцкі краязнаўчы музей адзіны ў Беларусі, дзе ёсць касмічная зала «Шлях да зорак». Яе адкрыццё адбылося 1 снежня 2022 года. Багатая экспазіцыя апавядае пра ўклад ураджэнцаў Случчыны ў справу асваення космасу, пачынаецца ён задоўга да палёту Марыны Васілеўскай.

«Мы па праве можам ганарыцца нашымі землякамі, якія ўнеслі неацэнны ўклад у асваенне космасу. Так, напрыклад, 27 красавіка 1849 года ў Слуцку нарадзіўся Вітольд Карлавіч Цэраскі. Скончыўшы ў 1866 годзе з сярэбраным медалём мясцовую гімназію, на наступны год паступіў на фізіка-матэматычны факультэт Маскоўскага ўніверсітэта. Па заканчэнні навучальнай установы Вітольда, як аднаго з найлепшых студэнтаў, запрасілі на працу ў гэты ж універсітэт», — працягвае экскурсію Васіль Цішкевіч.

З 1874 года ураджэнец Слуцка пачаў працаваць у астранамічнай абсерваторыі пры ўніверсітэце, а ў 1890 годзе ўзначаліў яе. На гэтай пасадзе вучоны прапрацаваў да 1916 года. Адным з першых пачаў ужываць фатаграфію ў астраноміі. Заснаваў Маскоўскую школу астрафотаметрыі. У 1887 годзе пабудаваў фотаметр (на аснове фотаметра Цэльнера), з якім выканаў шэраг даследаванняў: вызначыў зорныя велічыні і склаў каталогі зорак у каляпалярнай вобласці.

«Адным з выпускнікоў знакамітай Слуцкай гімназіі быў Ілья Капіевіч, які па ўказанні Пятра І стварыў першую карту зорнага неба на рускай мове. Гэтая карта — унікальная рэч. Па ёй рускія маракі пасля вучыліся хадзіць у мора», — дапаўняе касмічную гісторыю Случчыны навуковы супрацоўнік музея.

У кастрычніку 1903 года ў Слуцку нарадзіўся знакаміты Сямён Косберг. Ён узначальваў канструктарскае бюро ў Варонежы, якое займалася стварэннем вадкаснага ракетнага рухавіка, два з якіх былі ўсталяваныя на ракету «Усход-1» з Юрыем Гагарыным.

Галоўнай распрацоўкай 

Косберга стаў кіслародна-газавы вадкасны ракетны рухавік для трэцяй ступені ракеты-носьбіта «Усход», якая забяспечыла выхад на арбіту ўсіх першых савецкіх касмічных караблёў.

«Слуцкі краязнаўчы музей — адзіны з раённых музеяў Беларусі, які падпісаў дагавор аб супрацоўніцтве з музеем-запаведнікам Ю. А. Гагарына, які ў горадзе Гагарын (Смаленская вобласць Расійскай Федэрацыі). Мы праводзім культурна-масавыя мерапрыемствы, звязаныя з асваеннем космасу, не толькі па святах. Непасрэдны ўдзел у падрыхтоўцы і запуску першага штучнага спадарожніка Зямлі браў таксама ўраджэнец Случчыны — генерал-палкоўнік Канстанцін Герчык. Ён прайшоў свой шлях ад артылерыста да камандзіра ракетнай арміі. Яго ўклад у развіццё касманаўтыкі вельмі значны. Пры ім усталёўваліся першыя ракетныя комплексы, стартавыя пляцоўкі», — працягвае экскурсавод.

У чэрвені 1957 года палкоўніка Герчыка накіравалі на палігон № 5 (так тады называўся «Байканур»), дзе на пасадзе начальніка штаба ён удзельнічаў у запуску першага ў свеце штучнага спадарожніка Зямлі. А ўжо праз год стаў начальнікам «Байканура». Пад камандаваннем Канстанціна Герчыка адпрацоўваліся зыходныя варыянты балістычных ракет, ішла падрыхтоўка да запуску касмічных караблёў «Усход» у пілатаваным варыянце. У 1972 годзе ён стаў камандуючым 50-й Смаленскай ракетнай арміі.

«У 80-я гады яшчэ адзін ураджэнец нашай зямлі — генерал-лейтэнант авіяцыі Юрый Жукаў на працягу сямі гадоў узначальваў касмадром Байканур. Пры ім была пабудавана стартавая пляцоўка, дастаўлена і запушчана Міжнародная касмічная станцыя «Мір», — працягвае Васіль Цішкевіч.

15 лістапада 1988 года Юрый Жукаў кіраваў пускам касмічнай праграмы савецкай шматразовай транспартнай касмічнай сістэмы «Энергія» — «Буран». Пры ім адпрацоўвалі і новую ракету-носьбіт «Зеніт», выконвалі пілатаваныя палёты па праграме «Інтэркосмас». Менавіта «Байканур» стаў яго апошнім месцам службы, там у 1989-м генерал-лейтэнант Юрый Жукаў падаў рапарт аб адстаўцы.

Канстанцін Давідоўскі з вёскі Ізбудзішчы Слуцкага раёна быў штурманам у складзе экіпажа «Месяцахода-1». У сакавіку 1971 года, каб павіншаваць жанчын-калег, якія ажыццяўлялі інжынернае і тэхнічнае забеспячэнне, з Міжнародным жаночым днём, ён разлічыў маршрут так, каб месяцаход выпісаў коламі на месячным грунце «8 Сакавіка». Але з-за недахопу энергіі слова «сакавіка» напісаць не ўдалося, паколькі месяцаход працаваў ад сонечных батарэй, а падзарадка павінна была адбыцца толькі на наступны дзень з усходам сонца. Лічба атрымалася вялікай — стаметровай. Экіпаж сфатаграфаваў тварэнне сваіх рук і прадэманстраваў супрацоўніцам. Ён падарыў Слуцкаму краязнаўчаму музею бясцэнныя здымкі з месяца.

«Наш зямляк Ігар Шаўчук доўгі час працаваў у канструктарскім бюро «Тупалеў». Ён распрацоўваў канструкцыі, уводзіў у вытворчасць самалёты серыі «Ту», — працягвае захапляльную гісторыю краю Васіль Цішкевіч. — У 1994 годзе заняў пасаду дырэктара Эксперыментальнага завода ААТ «Тупалеў». У 1997 годзе Савет дырэктараў даверыў Ігару Шаўчуку пасаду генеральнага дырэктара прадпрыемства. З 1998 года быў старшынёй Савета дырэктараў прадпрыемства, а з 2001 года — прэзідэнтам, генеральным канструктарам ААТ «Тупалеў».

Ігар Шаўчук шмат увагі ўдзяляў мадэрнізацыі баявых авіяцыйных комплексаў. У гады яго кіраўніцтва істотна вырас аб’ём дзяржабаронзаказу, ажыццяўлялася праграма мадэрнізацыі Ту-160, Ту-95, Ту-22М, якія з’яўляліся асновай стратэгічнай і далёкай авіяцыі Расіі.

Беларусь ужо больш за дзясятак гадоў па праве лічыцца касмічнай дзяржавай. Пад кіраўніцтвам генеральнага дырэктара ААТ «Пеленг» Уладзіміра Пакрышкіна ў краіне ажыццяўляецца рэалізацыя касмічнага прыборабудавання. «Мы ўдзячныя яму за цеснае супрацоўніцтва і чакаем у госці. Мы з гонарам пакажам адзіную ў Беларусі салідную кампазіцыю па ракетабудаванні і касманаўтыцы», — запрашае Васіль Цішкевіч.

Развіццё

Акрамя навукова-даследчай і зборнай дзейнасці, супрацоўнікі Слуцкага краязнаўчага музея праводзяць вялікую асветніцкую працу. Арганізоўваюць і праводзяць лекцыі, музейна-педагагічныя заняткі і іншыя мерапрыемствы. У склад установы ўваходзіць музей этнаграфіі, навукова-фондавы аддзел і Галерэя мастацтваў імя Уладзіміра Сцяпанавіча Садзіна. Апошняя была ўрачыста адкрыта ў 2005 годзе Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь Аляксандрам Лукашэнкам падчас рэспубліканскага свята «Дажынкі».

«Экскурсіі праводзім даволі часта. Летась — 500, сёлета, на канец вясны, — больш за 150, — дзеліцца Васіль Цішкевіч. — Да нас прыязджаюць не толькі з усёй Беларусі, але і з-за мяжы. Турыстам часта прапануюць маршрут Слуцк — Салігорск, у які абавязкова ўваходзіць наведванне Слуцкага краязнаўчага музея».

У 2022 годзе Мінскі мастацкі камбінат за афармленне Слуцкага краязнаўчага музея атрымаў дыплом першай ступені. Па выніках 2023 года Слуцкі краязнаўчы музей быў прызнаны найлепшым раённым краязнаўчым музеем Мінскай вобласці.

Данііл ХМЯЛЬНІЦКІ

Фота аўтара

г. Слуцк

Выбар рэдакцыі

Культура

Сусвет пад крыламі наміткі

Сусвет пад крыламі наміткі

Гутарка з мастацтвазнаўцам Марыяй Віннікавай.

Грамадства

Дадатак для падаткаў

Дадатак для падаткаў

Ключавыя навацыі звязаны з лічбавай сферай.