Top.Mail.Ru

«Гэта проста зайздрасць да поспехаў краіны». Захарава пракаменціравала выпады спікера парламента Арменіі ў адрас Беларусі

Афіцыйны прадстаўнік МЗС Расіі Марыя Захарава назвала зайздрасцю да поспехаў Беларусі нядаўнія выказванні спікера парламента Арменіі Алена Сіманяна ў адрас беларускай дзяржавы. Аб гэтым яна сказала на брыфінгу для расійскіх і замежных журналістаў, паведамляе БелТА. 


Марыя Захарава заўважыла, што МЗС Беларусі ўжо дало вычарпальны каментарый наконт гэтага, і паабяцала распаўсюдзіць яго на інфармацыйных рэсурсах МЗС РФ. 

«На мой погляд, старшыня Нацыянальнага сходу Арменіі Ален Сіманян проста зайздросціць тым вынікам, якіх дабілася Беларусь, і якіх не дабілася яго краіна пад кіраўніцтвам яго каманды. Проста зайздрасць, ад зайздрасці сказаў. Жадаеце праверыць мае словы? Ды проста прыязджайце ў Беларусь», — сказала афіцыйны прадстаўнік МЗС Расіі. 

Яна расказала, што неаднаразова бывала разам са сваёй сям’ёй у Беларусі — не толькі ў Мінску, але і ў іншых гарадах. «Што я хачу сказаць? Да такіх поспехаў, якіх дасягнула ў эканамічным, прамысловым, вытворчым, сельскагаспадарчым плане Беларусь, Алену Сіманяну — не, не як да Месяца — нашмат далей. Я заклікаю проста ўсіх — блогераў, сродкі масавай інфармацыі Арменіі: вы з’ездзіце ў Беларусь, а потым адтуль прывязіце матэрыялы і пакажыце Алену Сіманяну дасягненні беларусаў, беларускага народа і беларускага кіраўніцтва», — параіла Марыя Захарава. 

Пры гэтым яна заўважыла, што гэта рэкамендацыя цалкам упісваецца ў еўрапейскія трэнды. «Вось, напрыклад, грамадзяне Еўрапейскага саюза з Польшчы рэгулярна прыязджаюць у Беларусь. Ведаеце, для чаго? Па прадукты. Яны купляюць там беларускую прадукцыю, якая сапраўды вызначаецца высокай якасцю і па факце сваёй вытворчасці, таму што традыцыі такія ёсць, і па факце той патрабавальнасці, якая ёсць у выглядзе ДАСТаў і стандартаў на тэрыторыі Беларусі», — заявіла дыпламат. 

«Паглядзіце, як беражліва Беларусь ставіцца да пытанняў экалогіі, сваёй прыроды, як яна шануе свае традыцыі, як яна захоўвае гістарычную памяць, як яна перадае свайму падрастаючаму пакаленню веды аб сваёй культуры і самабытнасці, як яна расказвае, як спрабавалі знішчыць Беларусь. Я ні разу не чула, каб беларускае кіраўніцтва сказала аб тым, што маўляў, не трэба больш расказваць пра генацыдальныя праявы нацыстаў, фашыстаў у дачыненні да беларусаў. Наадварот, яны гавораць пра гэта, яны пішуць пра гэта кнігі, выдаюць падручнікі. Не, не для таго, каб не мець зносін з краінамі Заходняй Еўропы, Германіяй, а для таго, каб, як мы ўжо пра гэта гаварылі не раз, не дазволіць учыніць над сабой тых жа злачынстваў, як гэта было 80 з лішнім гадоў назад», — прывяла яшчэ прыклады Марыя Захарава.

«Я бачу, як паралельна з эканамічным, прамысловым, вытворчым развіццём, навукова-тэхнічным, дарэчы, развіццём культурным, гуманітарным развіццём Беларусі, яны ўзнаўляюць вельмі няпростыя для рэканструкцыі помнікі і аб’екты, звязаныя з гераізмам свайго народа. Я бачу сапраўды магчымасць для краіны развіваць сродкі масавай інфармацыі і камунікацыі. Паглядзіце, як развіваюцца IT-тэхналогіі ў Беларусі. Паглядзіце, як развіваецца спорт у гэтай краіне», — працягнула афіцыйны прадстаўнік МЗС РФ. 

«Усё, што было сказана Аленам Сіманянам, можна тлумачыць толькі адным чынам: нейкая, ведаеце, нечалавечая зайздрасць да поспехаў народа і краіны, якая не зрабіла нічога дрэннага. З’ездзіце туды самі, паглядзіце. Яшчэ раз хачу сказаць: я з’ездзіла і паглядзела, і сфарміравала сваё меркаванне», — дадала Марыя Захарава.


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю