І робіць гэта сапраўды па-майстэрску. Яе работы шмат разоў выстаўляліся на розных пляцоўках.
Ніць Надзеі
У 9 гадоў у Надзеі дыягнаставалі рэдкае і складанае захворванне пазваночніка. Два гады яна правяла дома, лежачы ў спецыяльнай гіпсавай выцяжцы. Да 16 гадоў рэгулярна праходзіла рэабілітацыйныя курсы. Каб неяк заняць дачку, унесці ў яе манатонныя будні элемент творчасці, прыгажосці, маці навучыла Надзю вязаць. Можна сказаць, што Таццяна Віктараўна дала дачцэ своеасаблівую ніць Арыядны, якая не дазволіла ёй згубіць сябе ў хваробе, а падтрымлівала на плаву. Пачынала дзяўчынка з цацак, потым асвоіла шалікі, шкарпэткі, рукавіцы.
Цуд сваімі рукамі
Сваю першую карціну «Галава каня» Надзея Раўтовіч звязала для творчага конкурсу «Цуды сваімі рукамі», які абвясцілі на працы з нагоды 23 лютага і 8 Сакавіка.
— Я разумела: шалікам і шапкай нікога не здзівіш, — успамінае мая суразмоўніца. — А вось калі паспрабаваць звязаць карціну... Ідэю падказала мая дачка Маргарыта, якая любіць коней. Сярод мноства «цудаў сваімі рукамі» маю работу адзначылі як адну з найлепшых.
Гэта вельмі акрыліла Надзею. Ёй захацелася звязаць серыю вельмі розных жаночых вобразаў. Год за годам яна стварала дзясяткі падобных карцін: у стылі ар-дэко і рэпрадукцыі карцін вядомых майстроў. Сярод іх «Жанчына з гадзіннікам» Пабла Пікасо, «Бірузовая Мэрылін» Эндзі Уорхала, «Партрэт Жаны Эбютэрн у вялікім капелюшы» Амедэа Мадзільяні. Нараўне з жаночай тэмай Надзея ўвасабляла з дапамогай спіц і іншыя свае задумы. Тэхніка, якой карыстаецца Надзея Раўтовіч, называецца інтарсія. Выконваецца карціна суцэльным палатном шэраг за шэрагам — часам іх колькасць у вышыню даходзіць да 200. У працэсе адначасова бывае задзейнічана некалькі дзясяткаў клубкоў.

Праца патрабуе ўважлівасці, уседлівасці, цярплівасці. «Палітра» ў Надзеі найбагацейшая: поўсць, бавоўна, лён, махер, металізаваныя ніткі. Для большай яркасці і выразнасці ідэй майстар дапаўняе свае творы вышыўкай, гузікамі, пацеркамі, стужкамі.
— У мяне (і гэта пацвярджаюць нават псіхалагічныя тэсты) вельмі высокі паказчык устойлівасці да манатоннай працы, — адзначае Надзея Раўтовіч. — Таму складанасць інтарсіі мяне не адпужвае. Наадварот, вязанне карцін для мяне — выдатная арт-тэрапія: яна супакойвае, дапамагае зняць стрэс, захаваць душэўную гармонію. Хоць, вядома, часам здараюцца моманты стомленасці, калі хочацца зрабіць паўзу.
Адна з самых тэхнічна складаных карцін мастачкі — «Асмолаўка. Пакаленне next»: для яе ўвасаблення яна адначасова выкарыстоўвала 35 клубкоў. «Партрэт Жаны Эбютэрн у вялікім капелюшы» адкладала на паўгода, але ў пэўны момант раптам зразумела, як з дапамогай нітак перадаць асаблівасць карціны вялікага Мадзільяні, і давяла задуманае да канца. Незавершаных работ у Надзеі Раўтовіч няма.
Лекі ад маркоты
Надзея Раўтовіч лічыць сваё жыццё вельмі цікавым. Дыпламаваны педагог-псіхолаг (скончыла БДПУ імя М. Танка), яна працуе ў сферы энергазабеспячэння, а вольны час прысвячае мастацтву. Найлепшы час для творчасці ў Надзеі Раўтовіч — выхадныя і адпачынкі. Але і ў будні, як бы ні стамілася, абавязкова імкнецца ўвечары выкраіць хоць бы паўгадзіны для любімага хобі.

— Летась я ўступіла ў Беларускі саюз дызайнераў, — расказвае Надзея. — Гэта яшчэ больш пашырыла магчымасці. Ужо даўно прадстаўляю на суд гледачоў не толькі карціны, але і іншыя вязаныя вырабы. Падчас аднаго з выставачных праектаў «Джаз! Каты! Вясна!», які традыцыйна праводзіцца ў Нацыянальным цэнтры сучасных мастацтваў, публіка магла ўбачыць аранжавы джэмпер з выявай чорнага ката «У чырвоных пацерках», які з задавальненнем носіць мая дачка. У гэтым годзе ў Палацы мастацтва падчас экспазіцыі «FARBA Lab. Агонь. Босх» дэманстравалася мая інсталяцыя «Можна глядзець на агонь бясконца...» Увасабляючы сваю задуму, я звязала 42 світары для 42 «пален», прычым кожны світар — са сваім узорам. Агульны метраж выкарыстаных нітак каля 4 км. Ідэя ў тым, што не толькі вогнішча сагравае нас, але і мы падтрымліваем яго цеплыню пры дапамозе вязаных світараў.
У кнігах водгукаў наведвальнікі выставак пакідаюць аб работах Надзеі Раўтовіч вельмі цёплыя словы, захапляючыся яе фантазіяй. Для аўтара гэта вялізны стымул. Сустрэчы з цікавымі людзьмі, новыя знаёмствы — яшчэ адзін бонус, падораны яе захапленнем. Знаходзіць разуменне сваёй творчасці Надзея, на шчасце, і ў сям’і. Звязаныя ёю прадметы гардэробу ва ўсіх сэнсах саграваюць мужа і дачку. Сама Надзея таксама ахвотна носіць уласнаручна звязаныя джэмперы і безрукаўкі і, вядома ж, незаўважанай не застаецца.
Вольга Паклонская
Фота з архіва гераіні