Top.Mail.Ru

Раман Галоўчанка: Банкаўская сістэма працуе стабільна

А трэнд да далейшага запаволення інфляцыйных працэсаў дэманструе ўстойлівасць


Пра гэта і іншыя вынікі рэалізацыі грашова-крэдытнай палітыкі Беларусі ў студзені—сакавіку 2026 года на пашыраным пасяджэнні праўлення Нацбанка расказаў старшыня праўлення Нацыянальнага банка Раман Галоўчанка.


Тэндэнцыі развіцця 

Па яго словах, назіраецца ўстойлівае нарошчванне доўгатэрміновай рэсурснай базы банкаў: «Попыт на крэдытныя рэсурсы з боку насельніцтва і эканомікі задавальняецца ў поўным аб’ёме. Інфляцыя запавольваецца, яе дынаміка ў гадавым выражэнні складаецца ніжэй за мэтавую траекторыю. За студзень—сакавік 2026 года цэны выраслі на 1,6 % пры лімітавым параметры 2,5 %. Базавая інфляцыя склала 1,3 % пры мэтавым 1,6 %, — адзначыў Раман Галоўчанка. — У гадавым выражэнні прырост спажывецкіх цэн у сакавіку замарудзіўся да 5,4 %. Аператыўныя даныя за красавік пацвярджаюць устойлівасць трэнду да далейшага запаволення інфляцыйных працэсаў. Ёсць усе перадумовы да таго, што да канца года базавая інфляцыя складзе каля 5 %, а агульная інфляцыя — ніжэй за мэтавы параметр, які ўстаноўлены не больш за 7%».

У першым квартале 2026 года банкі выдалі інвестыцыйных крэдытаў на суму 1,4 мільярда рублёў, расказаў начальнік галоўнага ўпраўлення манетарнай палітыкі і эканамічнага аналізу Нацыянальнага банка Дзмітрый Мурын: «Нацбанк адзначае пазітыўную дынаміку: невялікі спад у пачатку года змяніўся добрымі тэмпамі ў сакавіку. Гэта дае нам падставу меркаваць, што па выніках года мэтавы паказчык па інвестыцыйным фінансаванні банкамі будзе выкананы», — падкрэсліў ён


Выбухная дынаміка

Як адзначыў Дзмітрый Мурын, адным з прыярытэтаў працэнтнай палітыкі застаецца даступнасць крэдытаў, перш за ўсё для юрыдычных асоб. Другі ключавы напрамак — захаванасць зберажэнняў грамадзян і стварэнне прывабных умоў для ўкладчыкаў. Дарэчы, Нацыянальны банк фіксуе рост доўгатэрміновых укладаў насельніцтва: 

«Мы заўсёды ўдзялялі вялікую ўвагу менавіта доўгатэрміновым укладам для таго, каб забяспечыць устойлівы прыток для банкаўскага сектара і, адпаведна, прывабныя ўмовы, — падкрэсліў Дзмітрый Мурын. — Раней быў акцэнт проста на доўгатэрміновыя дэпазіты. Самыя высокія, прывабныя стаўкі былі па дэпазітах крыху больш за год (13-16 месяцаў). З гэтага года пачынаем крыху мяняць прыярытэты, пераходзіць на больш доўгатэрміновыя дэпазіты — звыш трох гадоў. Арыентуем банкі, каб яны менавіта па іх прапаноўвалі самыя высокія працэнтныя стаўкі».

Такім чынам насельніцтва паступова пераарыентуецца на ўклады тэрмінам больш за тры гады. Адпаведная тэндэнцыя, дарэчы, ужо назіраецца. «Дынаміка дастаткова добрая па месяцах. Гэта значыць, калі ў папярэднім годзе ў сярэднім прыцягвалася такіх дэпазітаў каля 2,5 мільёна рублёў штомесяц, то ўжо па студзені атрымалі прырост 14 мільёнаў, па лютым — 37 мільёнаў, па сакавіку — 74 мільёны. Такая выбухная дынаміка прыросту доўгатэрміновых укладаў звыш трох гадоў».


Начальнік галоўнага ўпраўлення манетарнай палітыкі і эканамічнага аналізу Нацбанка таксама звярнуў увагу на пазітыўную дынаміку запаволення інфляцыі ў краіне. Гэта дае дадатковыя аргументы на карысць зніжэння працэнтных ставак на рынку. «Мы бачым, што фундаментальныя эканамічныя фактары, якія раней аказвалі моцнае праінфляцыйнае ўздзеянне ўнутры краіны і з-за мяжы — перш за ўсё імпартаваная інфляцыя, — паступова слабеюць. Усё гэта павышае верагоднасць таго, што ў бліжэйшыя месяцы на разгляд праўлення будзе выносіцца пытанне аб зніжэнні стаўкі рэфінансавання», — растлумачыў ён. Бліжэйшае пасяджэнне па названым пытанні намечана на чэрвень гэтага года. Верагодней за ўсё, будуць разглядацца варыянты зніжэння стаўкі рэфінансавання на 25 ці 50 базісных пунктаў.

Аміна НАЗАРАВА

Фота БелТА

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю