Top.Mail.Ru

Старшыня Вярхоўнага Суда Беларусі накіруе ў ФРГ копію прыгавору ў адносінах да нацыста Зіглінга

Няўхільнасць пакарання і вяршэнства права


Старшынёй Вярхоўнага Суда Рэспублікі Беларусь Андрэем ШВЕДАМ прынята рашэнне аб накіраванні ў кампетэнтныя органы Федэратыўнай Рэспублікі Германія копіі прыгавору, які ўступіў у законную сілу, па крымінальнай справе ў адносінах да грамадзяніна ФРГ Ганса Ойгена Зіглінга, прызнанага 11 сакавіка бягучага года вінаватым ва ўчыненні генацыду беларускага народа. Пра гэта падчас брыфінгу паведаміла прэс-сакратар Вярхоўнага Суда Рэспублікі Беларусь Юлія ЛЯСКОВА.

— Вярхоўны Суд Рэспублікі Беларусь праводзіць сістэмную прававую работу па даследаванні трагічных падзей Вялікай Айчыннай вайны ў рамках разгляду крымінальных спраў аб генацыдзе беларускага народа, — адзначыла Юлія Ляскова. — Сёння спробы рэабілітацыі нацызму, скажэння рэальных ацэнак і вынікаў ваенных падзей уяўляюць сур’ёзную пагрозу міру і бяспецы нашай дзяржавы. Невыпадкова абарона гістарычнай памяці аднесена да стратэгічных нацыянальных інтарэсаў Рэспублікі Беларусь. У гэтым кантэксце набывае асаблівую значнасць не толькі публічны разгляд Вярхоўным Судом Рэспублікі Беларусь крымінальных спраў аб генацыдзе, але і паслядоўнае інфармаванне грамадскасці, у тым ліку на міжнародным узроўні, аб выніках такога разгляду.

Прэс-сакратар акцэнтавала ўвагу, што Вярхоўным Судом Рэспублікі Беларусь упершыню дадзена крымінальна-прававая ацэнка дзеянням нацысцкага злачынца Ганса Ойгена Зіглінга ў гады Вялікай Айчыннай вайны на тэрыторыі БССР. Такім чынам, нашай дзяржавай рэалізаваны прынцып няўхільнасці адказнасці за цяжкія злачынствы, якія не маюць тэрмінаў даўнасці.

Вярхоўным Судом Рэспублікі Беларусь устаноўлена, што Зіглінг, з’яўляючыся камандзірам украінскай паліцэйскай роты, а затым 57-га батальёна ахоўнай паліцыі, у перыяд 1942 — 1944 гадоў на часова акупаваных тэрыторыях БССР арганізоўваў карныя аперацыі і кіраваў імі. Пры яго ўдзеле знішчана 11 населеных пунктаў, пазбаўлена жыцця не менш за 1706 чалавек, уключаючы не менш за 238 малалетніх дзяцей.

У Вярхоўным Судзе адзначылі, што Зіглінг не толькі аддаваў злачынныя загады, але і асабіста ўдзельнічаў у расстрэлах і павешаннях мірных жыхароў. Яго злачынныя дзеі цалкам падпадаюць пад вызначэнне генацыду ў адпаведнасці з Канвенцыяй ААН аб папярэджанні злачынства генацыду і пакаранні за яго ад 9 снежня 1948 года і нацыянальным заканадаўствам Рэспублікі Беларусь.

— Крымінальныя справы аб генацыдзе, у тым ліку крымінальная справа ў адносінах да Зіглінга, юрыдычна пацвярджаюць, што генацыд беларускага народа быў запланаваным, ідэалагічна матываваным і адміністрацыйна арганізаваным злачынствам, у якім удзельнічалі ўсе інстытуты Трэцяга рэйха, — дадала прэс-сакратар Вярхоўнага Суда Беларусі. — Маштабы генацыду, разгорнутага нацысцкай Германіяй і яе супольнікамі ў дачыненні да савецкага народа і беларускага народа ў прыватнасці, не мелі прэцэдэнту ў сусветнай гісторыі. Дакументальна пацверджана колькасць ахвяр — больш за тры мільёны чалавек на тэрыторыі нашай краіны, знішчана больш за 12 800 населеных пунктаў, дзейнічала звыш 560 лагераў смерці. Аднак да цяперашняга часу рэакцыя сусветнай супольнасці не адпавядае маштабу гэтай трагедыі.

Юлія Ляскова адзначыла, што судовая сістэма ФРГ у пасляваенны перыяд выяўляла непрымальную паблажлівасць да нацысцкіх злачынцаў. Мелі месца спробы прымянення тэрмінаў даўнасці да масавых забойстваў падчас Вялікай Айчыннай вайны на тэрыторыі СССР і БССР.

— Як сведчаць нямецкія архіўныя матэрыялы, у 70-я гады мінулага стагоддзя была спроба прыцягнуць да адказнасці камандзіраў 57-га батальёна ахоўнай паліцыі, у тым ліку і Ганса Зіглінга. Аднак рашэннем пракуратуры пры зямельным судзе Мюнхена, 20 кастрычніка 1976 года было спынена расследаванне ў адносінах да яго за адсутнасцю «дастатковых доказаў віны». 

Вярхоўнаму Суду Беларусі вядома, што пасля вайны Зіглінг пражываў у Баварыі і займаўся прадпрымальніцкай дзейнасцю. Гэта значыць, пры жыцці нацысцкі злачынец пазбег заслужанага пакарання.

— Для Рэспублікі Беларусь прызнанне факту генацыду, здзейсненага нацысцкім злачынцам Зіглінгам, — не толькі аднаўленне гістарычнай справядлівасці, гэта сістэмная крымінальна-прававая ацэнка дзеянняў нацысцкіх злачынцаў і іх супольнікаў на тэрыторыі нашай краіны ў рамках разгляду канкрэтных крымінальных спраў аб генацыдзе, — адзначыла Юлія Ляскова. — Старшыня Вярхоўнага Суда Рэспублікі Беларусь Андрэй Швед выказаў просьбу да нямецкіх калег уважліва паставіцца да ацэнкі ў прававой плоскасці матэрыялаў крымінальнай справы ў дачыненні да Ганса Зіглінга. Перакананыя, што кампетэнтныя органы ФРГ павінны даць менавіта прававую ацэнку дзеянняў, учыненых Гансам Зіглінгам у гады Вялікай Айчыннай вайны на тэрыторыі БССР, зыходзячы з матэрыялаў, якія накіроўваюцца намі.

Згодна з Канвенцыяй ААН аб папярэджанні злачынства генацыду і пакаранні за яго ад 9 снежня 1948 года, генацыд з’яўляецца міжнародным злачынствам, якое не мае тэрміну даўнасці. Дзяржавы-ўдзельніцы, якімі з’яўляюцца як Рэспубліка Беларусь, так і Федэратыўная Рэспубліка Германія, абавязаны ажыццяўляць універсальную юрысдыкцыю ў адносінах да такіх асоб. Дзеючая судовая сістэма Германіі прадугледжвае прамую юрыдычную кампетэнцыю для кваліфікацыі дзеянняў нацысцкага рэжыму. Тэрмін даўнасці за генацыд па германскім праве не ўжываецца. 

Такім чынам, Вярхоўны Суд Рэспублікі Беларусь, зыходзячы з прынцыпаў няўхільнасці пакарання і вяршэнства права, з мэтай аднаўлення гістарычнай праўды і справядлівасці ставіць перад нямецкім бокам пытанне аб неабходнасці вярнуцца да вытворчасці па справе ў адносінах да Ганса Зіглінга і перагледзець раней прынятыя рашэнні па фактах учыненых ім злачынстваў. 

Яна ВАЛАСАЧ

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю