Сёння ў Слаўгарадзе сустракаюць удзельнікаў III паходу «Мой край Прыдняпроўскі: маршрутамі памяці» ў рамках абласнога праекта «#Мая_Зямля_Прыдняпроўе».
На працягу трох дзён 10 каманд з розных куткоў вобласці наведвалі месцы памяці і славы Магілёўскай зямлі, знаёміліся з яе прыродай і славутасцямі, сустракаліся з мясцовымі жыхарамі і сваімі равеснікамі, удзельнічалі ў добраўпарадкаванні месцаў воінскай славы, успаміналі пераможцаў, прысвячалі ім песні пад гітару.

Удзельнікі паходу — моладзь. Як адзначае намеснік дырэктара Магілёўскага абласнога цэнтра творчасці Наталля Стральцова, турысцка-экскурсійны напрамак шырока запатрабаваны ў адукацыйнай дзейнасці і садзейнічае фарміраванню развітой асобы.
— Мы як адны з арганізатараў гэтага мерапрыемства можам з адказнасцю заявіць, што кожны паход — гэта адкрыццё новых старонак сваёй малой радзімы, прыемныя знаёмствы і ўражанні, — кажа яна. — Удзельнікі паходу ўзаемадзейнічаюць паміж сабой, дапамагаюць адзін аднаму, атрымліваюць новы досвед, станоўчыя эмоцыі. Яны з гонарам кажуць: «Мая родная зямля — гэта Прыдняпроўе! Кожны яе куток захоўвае таямніцы стагоддзяў, кожны яе сантыметр паліты крывёй абаронцаў і вызваліцеляў. Наша задача — захаваць гісторыю малой Радзімы для тых, хто пойдзе ў паход праз шмат гадоў.
Абласны праект «#Мая_Зямля_Прыдняпроўе» накіраваны на папулярызацыю раёнаў Магілёўшчыны, яе малых і сярэдніх гарадоў у мэтах захавання ўнікальнай сацыякультурнай спадчыны Прыдняпроўскага краю і стварэнне станоўчага іміджу вобласці на рэспубліканскім і міжнародным узроўнях. Конкурс паходаў адзін са складнікаў гэтага вялікага праекта.
Нэлі ЗІГУЛЯ
Фота з архіва Магілёўскага абласнога цэнтра творчасці