Маштабнае мерапрыемства сабрала ў Палацы Рэспублікі беларусаў з усіх куткоў нашай краіны. Прысвечана яно памяці герояў Вялікай Айчыннай вайны. Яго ўдзельнікамі сталі ветэраны вайны і працы, члены грамадскіх аб’яднанняў і палітычных партый, прадстаўнікі дыпламатычнага корпуса і духавенства, шматлікія дэлегацыі з рэгіёнаў.
Да пачатку асноўнай праграмы ў фае Палаца Рэспублікі была прадстаўлена тэматычная экспазіцыя, падрыхтаваная супрацоўнікамі Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны. Цэнтральнай тэмай экспазіцыі стаў уклад жанчын у набліжэнне Перамогі — нароўні з мужчынамі яны змагаліся за мір як у тыле, так і на фронце. Пра гераічнае мінулае беларускага народа наведвальнікам расказалі скульптурныя кампазіцыі, плакаты, лістоўкі і іншыя экспанаты.
Віншуючы прысутных са сцэны Палаца Рэспублікі, Дзяржсакратар Савета Бяспекі Аляксандр Вальфовіч адзначыў, што 9 Мая ўвайшло ў наша жыццё як дзень славы, гонару і бязмернай падзякі пакаленню пераможцаў:

— Перамога ў Вялікай Айчыннай вайне — вынік аб’яднаных намаганняў усіх брацкіх народаў Савецкага Саюза. Гэтая кровапралітная вайна паказала, што даць адпор моцнаму ворагу можа толькі згуртаванае грамадства сапраўдных патрыётаў, упэўненых у правасці сваёй справы, цвёрда перакананых, у імя чаго яны ваююць, нястомна працуюць і за што паміраюць. Нашы бацькі, дзяды і прадзеды ў барацьбе з ворагам не задумваліся ні на хвіліну, аддаючы сваё жыццё. Яны вызвалілі ад карычневай чумы фашызму не толькі нашу родную Рэспубліку Беларусь, але і многія краіны Еўропы. Сёння ў Еўропе імкнуцца аб гэтым не ўспамінаць. Але мы гэта памятаем і заўсёды будзем памятаць. Мы таксама памятаем, што большасць еўрапейскіх дзяржаў разам з Гітлерам ішлі ў тыя дні заваёўваць жыццёвую прастору на ўсходзе. Ішлі рабаваць і забіваць. Гэта ў тым ліку па іх віне Беларусь у ваеннае ліхалецце пацярпела як ніхто іншы. Мы страцілі кожнага трэцяга.

Як адзначыў Аляксандр Вальфовіч, па меры таго як пераможны май 1945 года сыходзіць у гісторыю, становяцца ўсё больш прыкметнымі спробы перагледзець значэнне ўкладу савецкага народа ў разгром фашызму. Прычым гэтыя спробы набываюць усё больш настойлівы і адкрыта цынічны характар.
— У аснове такіх дзеянняў ляжыць не столькі аналіз рэальных гістарычных фактаў, колькі іх падбор, свядомае скажэнне і маніпуляцыя грамадскай свядомасцю, — сказаў дзяржсакратар. — Набірае абароты працэс гераізацыі нацысцкіх злачынцаў, усё часцей узвялічваюцца тыя, хто ў гады вайны супрацоўнічаў з фашысцкім рэжымам. У шэрагу еўрапейскіх краін дэманціруюцца помнікі савецкім воінам-вызваліцелям, а месцы гібелі салдат падвяргаюцца апаганьванню. А значыць Дзень Перамогі — гэта яшчэ і нагода для сур’ёзных разважанняў. Чаму праз некалькі дзесяцігоддзяў пасля Вялікай Айчыннай вайны ў свеце пачалі забывацца пра зверствы фашызму? Як у «цывілізаванай» Еўропе магла зарадзіцца і набраць сілу ідэалогія неанацызму? І, нарэшце, ці хопіць у замежнай палітычнай эліты розуму, каб не ўзводзіць сцены і новыя раздзяляльныя лініі, не правакаваць новыя, яшчэ больш разбуральныя канфлікты?

У той жа час, падкрэсліў Аляксандр Вальфовіч, у Беларусі беражліва ставяцца да свайго мінулага, ганарацца подзвігамі пакалення пераможцаў, ушаноўваюць памяць аб загінулых у дні суровых выпрабаванняў.
— Вялікая Айчынная вайна займае выключна важнае месца ў лёсе кожнага беларуса. Пажоўклыя фатаграфіі родных і блізкіх, якія змагаліся на франтах, партызанскіх атрадах і падполлях, якія гінулі ад рук карнікаў, якія кавалі перамогу ў тыле ворага, — гэта самыя дарагія рэліквіі ў сямейных архівах. Мы ганарымся тым, што з’яўляемся спадкаемцамі духоўна моцнага народа, які выжыў у фашысцкіх канцлагерах. Як сказаў кіраўнік дзяржавы, трэба, зубамі ўчапіўшыся, захоўваць і трымацца за гістарычную памяць. Бо памяць аб Вялікай Айчыннай вайне, гераізме народа з’яўляецца цэментуючай асновай для грамадства, — падкрэсліў ён. — Паслядоўнае прасоўванне дзяржаўнай гістарычнай палітыкі будзе і надалей нашай важнай задачай, стратэгіяй самазахавання і ўстойлівага развіцця. Мы, як і раней, накіраваны на забеспячэнне стабільнасці і міру ў рэгіёне. Залогам гэтага з’яўляецца найперш сфарміраваная за 30 гадоў незалежнасці эфектыўная сістэма нацыянальнай бяспекі. Мір і спакой у нашых дамах — гэта безумоўны прыярытэт у рабоце ўсяго сілавога блока.

Павіншаваўшы ветэранаў і падзякаваўшы ім за падоранае нам мірнае, спакойнае і шчаслівае жыццё, Аляксандр Вальфовіч звярнуўся таксама да моладзі, у чыіх руках — будучыня:
— Давайце на імгненне ўявім сабе тых салдат, якія не вярнуліся з палёў бітваў. Большасць з іх былі зусім юныя, такія, як вы сёння. Яны не паспелі ў поўнай меры спазнаць радасць кахання, не ўвасобілі ў жыццё свае мары, але яны выразна ведалі, за што яны ваююць і дзеля чаго паміраюць. Прашу вас беражліва захоўваць памяць аб іх. Няхай подзвіг герояў, дзядоў і прадзедаў, натхняе вас на новыя здзяйсненні, дзеля дабрабыту і працвітання нашай любімай Рэспублікі Беларусь. Няхай заўсёды будзе мірным неба над нашай Айчынай.

Працягам урачыстага вечара стала тэатралізаванае дзейства, у якім задзейнічалі вядучых выканаўцаў, акцёраў тэатра і кіно. Яно стала напамінам аб важнасці захавання гістарычнай памяці і выказваннем глыбокай удзячнасці ўсім тым, хто мужна абараняў сваю Радзіму ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Часам нават цаной уласнага жыцця.
Даслоўна
Як адзначыў першы намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Беларусі Уладзімір Пярцоў, Дзень Перамогі заўсёды меў для беларусаў асаблівы сэнс. Таму гэтымі перадсвяточнымі днямі па ўсёй Беларусі, у кожным абласным, раённым цэнтры і сталіцы нашай краіны, праходзіць мноства мерапрыемстваў:

— Я ўпэўнены, што яны напоўнены сапраўднымі, прасякнутымі памяццю, высокай творчасцю нумарамі. Яны прыцягваюць да сябе моладзь, паколькі самая галоўная задача — перадаць маладым людзям наш гістарычны код, тую самую гістарычную праўду, расказаць ім пра подзвігі такіх жа маладых людзей, якія калісьці пайшлі ваяваць у самыя лепшыя гады свайго жыцця, якія аддалі сваю маладосць, якія перажылі тыя нягоды, — адзначыў Уладзімір Пярцоў. — Многія аддалі жыццё для таго, каб мы нарадзіліся і жылі на гэтай зямлі. Таму любыя актыўнасці, якія ў нас арганізаваны ў рамках святкавання 9 Мая, — мота-, аўта-, велапрабегі, марафоны, разнастайныя выстаўкі, акцыі — гэта ўсё на карысць. Для таго каб захаваць гістарычную памяць і перадаць яе тым, хто маладзейшы, тым, хто пра гэту вайну чуў толькі з кінафільмаў, з кніг, падручнікаў гісторыі. Самае галоўнае — перадаць той дух Перамогі, дух народа-пераможцы, які ёсць у нас, у тых, хто старэйшы.
Аміна НАЗАРАВА
Фота БелТА