Top.Mail.Ru

Законапраект аб перапісе насельніцтва прыняты дэпутатамі ў першым чытанні

Праект закона «Аб змяненні Закона Рэспублікі Беларусь «Аб перапісе насельніцтва» прыняты дэпутатамі 7 мая ў першым чытанні, паведамляе БелТА.


Намеснік старшыні Пастаяннай камісіі па бюджэце і фінансах Палаты прадстаўнікоў Аляксандра Міхеенка ў каментарыі журналістам адзначыла, што законапраект змяшчае вельмі шмат змяненняў, якія закрануць усё грамадства. «Асноўная змена — зніжаецца ўзрост рэспандэнтаў, якія могуць удзельнічаць у перапісе, да 15 гадоў. Абумоўлена гэта многімі момантамі», — сказала Аляксандра Міхеенка. У прыватнасці, адзначыла яна, шмат моладзі вучыцца ў каледжах і іншых навучальных установах, і гэта ўжо дастаткова дарослыя людзі. Таму пры правядзенні чарговага перапісу насельніцтва ў 2029 годзе яны будуць мець магчымасць самастойна паўдзельнічаць у перапісе.

Удакладняецца кампетэнцыя мясцовых органаў улады, іншых дзяржаўных арганізацый, якія будуць удзельнічаць у арганізацыі і правядзенні перапісу насельніцтва. Ёсць таксама прапановы, якія будуць разгледжаны пры падрыхтоўцы да другога чытання. «Я думаю, з дапрацоўкай да другога чытання законапраект прыйдзе больш адаптаваным для тых людзей, каго гэта датычыцца», — адзначыла дэпутат.


Мэта прыняцця законапраекта — удасканаленне норм закона «Аб перапісе насельніцтва», накіраванае на аптымізацыю працэсу арганізацыі і правядзення наступных перапісаў насельніцтва з улікам практыкі яго прымянення, міжнародных стандартаў і рэкамендацый у галіне перапісу насельніцтва, а таксама прывядзенне ў адпаведнасць з асобнымі заканадаўчымі актамі.

Праект закона прадугледжвае выкладанне дзейнага закона аб перапісе ў новай рэдакцыі. Рэалізацыя норм, якія змяшчаюцца ў праекце закона, будзе садзейнічаць удасканаленню прававой асновы арганізацыі і правядзення перапісу насельніцтва, накіраванай на задавальненне інфармацыйных патрэбнасцяў дзяржавы і грамадства ў якаснай афіцыйнай статыстычнай інфармацыі.

Прыняцце закона дасць магчымасць устараніць прабелы ў прававым рэгуляванні грамадскіх адносін, а таксама праблемныя пытанні, якія ўзнікаюць пры арганізацыі і правядзенні перапісу насельніцтва. Прадугледжваецца, што гэта дасць магчымасць забяспечыць вызначэнне істытуцыйных асноў перапісу насельніцтва, павысіць эфектыўнасць збору першасных статыстычных даных і якасць афіцыйнай статыстычнай інфармацыі.

Акрамя таго, прыняцце законапраекта дасць магчымасць пашырыць выкарыстанне існуючых у дзяржаўных органах і іншых арганізацыях адміністрацыйных даных і іншай інфармацыі пры арганізацыі і правядзенні перапісу насельніцтва, фарміраванні афіцыйнай статыстычнай інфармацыі аб дэмаграфічным і сацыяльна-эканамічным становішчы насельніцтва Беларусі.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю