Top.Mail.Ru

Удзельнікаў ІІ Маладзёжнага ваенна-патрыятычнага форуму прыняў Гомель

У мерапрыемстве прынялі ўдзел каля 300 ліцэістаў, сувораўцаў, кадэтаў і выхаванцаў патрыятычных клубаў з усіх рэгіёнаў краіны.


Асноўнай падзеяй форуму стала пленарнае пасяджэнне, тэма якога — «Патрыятычнае выхаванне моладзі — аснова незалежнасці дзяржавы». На адкрытую і змястоўную размову з моладдзю сабраліся высокія службовыя асобы, кіраўнікі сілавых ведамстваў краіны. 

Шанаваць карані 

Старшыня Савета Рэспублікі Наталля Качанава ў сваім выступленні дакладна акрэсліла тыя сістэмныя пагрозы, з якімі сёння сутыкаецца маладое пакаленне. Гэта і інфармацыйная агрэсія, і спробы перапісаць гісторыю і сцерці памяць аб Вялікай Перамозе, а, здараецца, і чалавечая абыякавасць. 

Як падкрэсліла Старшыня Савета Рэспублікі, сёння інтэрнэт і сацыяльныя сеткі даюць каласальныя магчымасці, але менавіта там цяпер актыўна распаўсюджваюцца фэйкі, радыкальныя ідэі, ілжывыя аўтарытэты. І моладзь становіцца галоўнай мішэнню. Наталля Качанава заклікала моладзь да медыяадукаванасці, крытычнага мыслення і ўласнай інфармацыйнай абароны. Кожны малады чалавек, паводле пераканання спікера, павінен не проста спажываць кантэнт, а разумець, з якой мэтай і кім ён створаны.


Як нагадала Наталля Качанава, сёння нашай краіне спрабуюць навязаць чужыя, зручныя камусьці версіі мінулага. Мэта гэтых дзеянняў — вырваць гістарычныя карані, раз’яднаць народ і пазбавіць яго будучыні. Супрацьстаяць гэтаму, упэўнена спікер, можна толькі з апорай на праўду, якая захоўваецца ў музеях, сямейных архівах, патрыятычных маршрутах і, што вельмі важна, — у жывых, адкрытых зносінах. 

— Трэці, не менш небяспечны выклік — абыякавасць. Мабыць, не менш небяспечны, чым адкрытая хлусня. Бо абыякавы чалавек становіцца заўсёды зручным аб’ектам для чужога ўплыву. Адказ адзін — уцягнутасць у вучобу, спорт, грамадскае жыццё, валанцёрства, пошукавы рух, ваенна-патрыятычныя клубы, рэальныя справы на карысць сваёй краіны, — заклікала Старшыня Савета Рэспублікі.

Асобна спікер спынілася на тэме Вялікай Айчыннай вайны — незагойнай ране ў сэрцы кожнага беларуса. Сімвалічна, па яе словах, што ІІ Маладзёжны ваенна-патрыятычны форум праходзіць напярэдадні святой для кожнага беларуса даты — Дня Перамогі і ў год 85-годдзя пачатку Вялікай Айчыннай вайны. 

— Вайна пакінула глыбокі след у лёсах усіх народаў Савецкага Саюза і, вядома, неаддзельная ад гісторыі кожнай беларускай сям’і, — падкрэсліла Наталля Качанава. — Мы ні на хвіліну не павінны забывацца. Няма апраўдання жорсткасці, тэрарызму, агрэсіі. Мы павінны зрабіць усё магчымае, каб ідэалогія нацызму больш ніколі не знаходзіла водгуку ў душах людзей. Гэта аснова нашага разумення міру, свабоды, незалежнасці і цаны чалавечага жыцця. На тэрыторыі Беларусі ўзведзена больш за 8,5 тысячы помнікаў і абеліскаў, а захаванне гістарычнай праўды стала паслядоўнай дзяржаўнай палітыкай, — зрабіла акцэнт спікер.


Жывы прыклад 

Звяртаючыся да моладзі, Наталля Качанава прывяла словы Прэзідэнта Аляксандра Лукашэнкі, які неаднаразова падкрэсліваў, што трэба берагчы дасягнутае, мір, спрадвечныя традыцыі, нашы каштоўнасці і гісторыю, якой мы па праве ганарымся. 

— Мір сам сябе не захавае, краіна сама па сабе не стане моцнай. Усё гэта робяць людзі. І якім будзе наша заўтра, залежыць найперш ад маладых людзей, — падкрэсліла Наталля Качанава.

Развіццё сістэмы маладзёжнага парламентарызму сёння вельмі актыўна развіваецца пры падтрымцы Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі. Так, больш за пяць гадоў працуе Маладзёжны савет, у які ўваходзяць прадстаўнікі ўсіх рэгіёнаў краіны, і маладыя людзі могуць рэалізаваць сацыяльна значныя ідэі, удзельнічаюць у заканатворчым працэсе і ў мерапрыемствах пад эгідай верхняй палаты парламента. Знакавая ініцыятыва Савета Рэспублікі і Савета Федэрацыі Расіі — «Цягнік Памяці», які з кожным годам пашырае геаграфію, і сёлета адправіўся па месцах баявой славы ў пяты раз. 


— За апошнія гады ваенна-патрыятычны рух у Беларусі стаў па-сапраўднаму масавым. Гэта значнае дасягненне. Толькі на базе сілавых ведамстваў створана і працуе 320 ваенна-патрыятычных клубаў, у якіх займаюцца больш за 10 тысяч хлопчыкаў і дзяўчынак. У Беларусі працуе 9 кадэцкіх вучылішчаў, у якіх навучаецца звыш 1750 падлеткаў. Больш за 70 % іх выпускнікоў становяцца курсантамі ваенных навучальных устаноў. Расце колькасць вучняў профільных класаў, колькасць маладых удзельнікаў праектаў і акцый патрыятычнай накіраванасці. І мы шчыра ўдзячныя за гэта кіраўнікам, Міністэрству абароны, Міністэрству ўнутраных спраў, Міністэрству па надзвычайных сітуацыях, Дзяржаўнаму пагранічнаму камітэту, Міністэрству адукацыі, а таксама ўсім настаўнікам і кіраўнікам клубаў, хто працуе з моладдзю па прызванні, укладвае ў гэта сэрца і душу, разумеючы, што за гэтым — захаванне суверэнітэту і бяспекі нашай краіны, — асабліва падкрэсліла спікер.

Як рэзюмавала Наталля Качанава ў размове з журналістамі, калі казаць пра вынікі ваенна-патрыятычнай дзейнасці за апошнія гады — то гэта, безумоўна, сур’ёзная работа актывістаў, кіраўнікоў, педагогаў, якія вучаць моладзь асабістым прыкладам. 

Фіналам двухдзённага форуму стала цырымонія закладкі памятных капсул з зямлёй, дастаўленай з месцаў воінскай славы розных абласцей Беларусі і Мінска. Завяршыліся мерапрыемствы ўскладаннем кветак да падножжа Кургана Славы і святочным канцэртам.

Наталля КАПРЫЛЕНКА, 
Фота БелТА

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю