Напрыканцы мая адчыняць свае дзверы ваенна-патрыятычныя лагеры для дзесяцікласнікаў, даўшы старт летняй аздараўленчай кампаніі. А з 1 чэрвеня сезон пачнецца для ўсіх. Адметна, што ў большасць лагераў пуцёўкі яшчэ можна знайсці, у тым ліку ў «Зубраня».
Для ўсіх ахвотных і ў спрошчаным парадку
Такія маштабныя аб’ёмы аздараўлення адпавядаюць патрэбнасці ў адпачынку і аздараўленні школьнікаў і дасягаюцца дзякуючы таму, што дзяржава штогод выдзяляе неабходныя аб’ёмы фінансавання. Сёлета на гэтыя мэты выдзелена 84 мільёны рублёў, што на 11 млн больш, чым летась.
— Усе дзеці, якія маюць патрэбу і жадаюць, будуць ахоплены адпачынкам і аздараўленнем у выхаваўча-аздараўленчых і спартыўна-аздараўленчых лагерах. Гэта будзе каля 400 тысяч дзяцей, з іх 235 тысяч пройдуць аздараўленне ў лагерах з дзённым знаходжаннем, так званых прышкольных, а 165 тысяч — у лагерах з кругласутачным знаходжаннем, — расказвае намеснік начальніка аддзела дзяржаўных закупак, ідэалагічнай і метадычнай работы Рэспубліканскага цэнтра па аздараўленні і санаторна-курортным лячэнні насельніцтва Аляксей ЖЭЛЯНКОЎ.
Гэтым летам дзяцей прымуць каля 5,5 тысячы аб’ектаў — 4,5 тыс. лагераў з дзённым знаходжаннем і каля тысячы кругласутачных. Таксама свае дзверы з 1 чэрвеня ўжо адчыняць 148 стацыянарных загарадных лагераў. На іх падрыхтоўку выдаткавана больш за 31 мільён рублёў, у тым ліку 600 тысяч рублёў з рэспубліканскага бюджэту, усе астатнія выдаткі ўзялі на сябе мясцовыя выканаўчыя ўлады і ўласнікі.
Істотна спрасціўся парадак атрымання пуцёвак: у прыватнасці, зараз бацькам няма неабходнасці шукаць камісію па аздараўленні для таго, каб накіраваць дзіця ў лагер. Дастаткова самому звярнуцца ў абраны лагер, заключыць дамову набыцця пуцёўкі і, прадаставіўшы неабходныя дакументы, атрымаць яе з дзяржаўным патанненнем. Калі бацькі жадаюць дадаткова патанніць пуцёўку, то тут давядзецца задзейнічаць наймальніка і звярнуцца ў камісію па аздараўленні, якая створана па месцы працы аднаго з бацькоў. Адзначым, што ў многіх арганізацыях пуцёўкі ў лагеры дадаткова патанняюцца наймальнікамі.
Канікулы з карысцю
Сёлета кошт пуцёўкі ў лагер з кругласутачным знаходжаннем складзе ў сярэднім 760 рублёў. Пры гэтым яе патанненне за кошт сродкаў рэспубліканскага бюджэту складзе 302 рублі, а гэта 40 % ад кошту. Што датычыцца патаннення з улікам сродкаў наймальнікаў і прафсаюзных арганізацый, у адпаведнасці з заканадаўствам бацькі абавязаны заплаціць за пуцёўку не менш як 10 %, усё астатняе можа кампенсаваць работадаўца і прафсаюз. Такім чынам, калі пуцёўка будзе каштаваць 760 рублёў, пры ўсіх магчымых патанненнях 76 рублёў павінны заплаціць бацькі. Дарэчы, летась сярэдні кошт пуцёўкі ў стацыянарны лагер склаў 735 рублёў.
У лагер з дзённым знаходжаннем пуцёўка каштуе каля 175 рублёў, памер дзяржаўнай кампенсацыі — 127 рублёў, а гэта 73 % ад кошту. У большасці лагераў з дзённым знаходжаннем бацькі даплацяць, як гэтага патрабуе заканадаўства, усяго 5 %.
Актыўны ўдзел у патанненні пуцёвак для пэўных катэгорый дзяцей прымаюць мясцовыя выканаўчыя і распарадчыя органы, у прыватнасці, для аздараўлення дзяцей-інвалідаў, дзяцей-сірот, дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў ці знаходзяцца ў цяжкай жыццёвай сітуацыі. Такія дзеці могуць патрапіць у лагер бясплатна пры праве на бясплатнае санаторна-курортнае лячэнне або аздараўленне. Штогод Рэспубліканскі цэнтр па аздараўленні і санаторна-курортным лячэнні насельніцтва забяспечвае пуцёўкамі каля 11 тысяч дзяцей-сірот, дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў і больш за 5 тысяч дзяцей-інвалідаў. Летам гэтыя аб’ёмы будуць нарошчаны.
З улікам дадатковых мер, якія сёлета прыняло Міністэрства адукацыі, вялікая ўвага ўдзяляецца арганізацыі работы лагераў ваенна-патрыятычнага профілю. Гэтым летам у такіх лагерах адпачне больш як 27 тысяч дзяцей, значна больш, чым летась. Менавіта яны першымі адчыняць свае дзверы для школьнікаў — у апошнія дні мая прымуць першых дзесяцікласнікаў.
Рэспубліканская летняя аздараўленчая кампанія будзе праходзіць у рамках акцыі «Лета — гэта мы! Лета для краіны». Найбольш значнымі мерапрыемствамі акцыі стануць: фестываль лагераў працы і адпачынку «Разам працуем, разам гуляем, разам да вяршыняў крочым», акцыя «Марафон добрых спраў — ад малых учынкаў да вялікіх здзяйсненняў», дзіцячы конкурс ідэй па арганізацыі летняга адпачынку і аздараўлення «Энергія лета на добрыя справы», тэматычныя мерапрыемствы, флэш-мобы, анлайн-мерапрыемствы і максімальная колькасць актыўнасцяў для таго, каб дзіцячы адпачынак быў праведзены з карысцю, арганізаваны бяспечна і запомніўся надоўга. Вялікая ўвага будзе ўдзелена рабоце па ідэалагічным, грамадзянскім і патрыятычным выхаванні ва ўсіх аздараўленчых лагерах.
Пуцёўкі яшчэ ёсць
«Беларускі «Артэк», як называюць самы знакаміты лагер краіны «Зубраня», летам прыме не толькі айчынных школьнікаў, а і дзяцей з замежных краін. Згодна з распараджэннем кіраўніка дзяржавы аздараўленне сёлета тут пройдуць 272 дзіцяці з Алжыра, В’етнама, Егіпта, Зімбабвэ, Індыі, Кітая, Кыргызстана, Лаоса, М’янмы і Узбекістана. У час знаходжання ў Беларусі дзеці пройдуць медыцынскае абследаванне і атрымаюць неабходнае санаторна-курортнае лячэнне. Акрамя таго, яны наведаюць культурныя мерапрыемствы і знакавыя гістарычныя аб’екты ў Мінску і ў рэгіёнах, дзе пазнаёмяцца з традыцыямі і побытам беларусаў.
Запрашэнне дзяцей з іншых краін па ініцыятыве кіраўніка дзяржавы арганізуецца штогод з 2017 года. За гэты час у Беларусі адпачылі і атрымалі лячэнне больш як 2,5 тысячы дзяцей з 45 дзяржаў свету. Першым маштабным праектам стала запрашэнне 300 дзяцей з Сірыі. Штогод прыязджаюць дзеці з дзясятка розных краін.
— Ёсць заяўкі на адпачынак у «Зубраня» дзяцей з Арабскіх Эміратаў і ад нашых блізкіх суседзяў — Расіі. Мы з’яўляемся «беларускім «Артэкам», і адпачынак у нас сапраўды запатрабаваны, — дзеліцца дырэктар Нацыянальнага дзіцячага адукацыйна-аздараўленчага цэнтра «Зубраня» Таццяна АСМАЛОЎСКАЯ.
Трэба сказаць, што пры жаданні яшчэ можна паспець купіць пуцёўку і ў «Зубраня» на лета — на пятую змену. А вось на топавыя — другую і трэцюю — разбіраюць яшчэ зімой. Пры гэтым, улічваючы матэрыяльна-тэхнічную базу — адну з найлепшых у краіне, і ўзровень камфорту, а таксама змену працягласцю 18-21 дзень, пуцёўка сюды можа каштаваць у два-тры разы даражэй за сярэднюю цану. У цэлым жа ўсе беларускія лагеры прапануюць гэтым летам у сярэднім каля пяці змен працягласцю 15-18 дзён і прымуць усіх ахвотных.
Алена КРАВЕЦ
Фота БелТА і Лізаветы ГОЛАД