Top.Mail.Ru

Перапіс насельніцтва, таварныя біржы, узаемадзеянне з Пакістанам

На трэцяй сесіі Палаты прадстаўнікоў быў адобраны шэраг важнейшых законапраектаў.



Як адзначыў Старшыня Палаты прадстаўнікоў Ігар Сергяенка, пасяджэнне адбылося напярэдадні святкавання Дня Вялікай Перамогі, якая паказала сусветнай супольнасці мужнасць і стойкасць савецкага народа ў барацьбе з фашызмам. «Гэта была сапраўды Айчынная вайна, у якой практычна кожны, незалежна ад узросту, веры, рэлігіі, нацыянальнай прыналежнасці імкнуўся ўнесці свой уклад у абарону Радзімы, наблізіць той доўгачаканы момант, калі над зрынутым рэйхстагам у Берліне ўзвіўся Сцяг Перамогі», — звярнуў увагу спікер.  

«Тыя, хто сёння зноў спрабуе разыграць „усходнюю карту“, наўмысна забываючы пра тое, што менавіта савецкі салдат вызваліў Еўропу ад нацызму, павінны памятаць урокі гісторыі, разумець увесь цяжар наступстваў палітыкі рэваншызму і спробаў перапісаць вынікі Другой сусветнай вайны, — выказаў упэўненасць Ігар Сергяенка. — Мы ведаем цану міру. Але мала ведаць — трэба актыўна працаваць, каб быць моцнымі: абараняць суверэнітэт і незалежнасць, развіваць эканоміку, выхоўваць новыя пакаленні беларусаў у духу патрыятызму і любові да сваёй Радзімы. Другой Радзімы не бывае, і мы павінны прыкласці максімум намаганняў, каб зрабіць яе прыгажэйшай, зручнейшай для жыцця, а калі давядзецца — абараняць яе са зброяй у руках, як рабілі нашы гераічныя продкі тыя доўгія 1418 дзён Вялікай Айчыннай». 

Спікер з шкадаваннем адзначыў, што ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны становіцца ўсё менш і менш. «І кожнае 9 мая — не проста свята, а яшчэ напамін. Мы жывём літаральна ў момант, калі сыходзіць пакаленне, якое бачыла вайну сваімі вачыма», — сказаў Ігар Сергяенка. Ён заклікаў дэпутатаў прыняць удзел ва ўсіх святочных мерапрыемствах у акругах і ахінуць увагай ветэранаў. 

Падчас чарговай сесіі дэпутаты прынялі праект Закона «Аб змяненні Закона Рэспублікі Беларусь «Аб перапісе насельніцтва». Як адзначыла старшыня Нацыянальнага статыстычнага камітэта Іна Мядзведзева, законапраектам прадугледжваецца знізіць узрост рэспандэнтаў, якія самастойна могуць прадстаўляць першасныя статыстычныя дадзеныя пра сябе, да 15 гадоў на дату правядзення перапісу насельніцтва. «У законапраекце прапануецца замацаваць права рэспандэнтаў ведаць мэту правядзення перапісу насельніцтва і абавязак прымаць удзел у ёй», — адзначыла Іна Мядзведзева. Паводле яе слоў, замацаванне абавязку рэспандэнтаў удзельнічаць у гэтым мерапрыемстве дасць магчымасць акцэнтаваць увагу на неабходнасці ўдзелу ў перапісе насельніцтва, павысіць адказнасць і свядомасць пры прадстаўленні дакладных першасных статыстычных дадзеных.  


У размове з журналістамі Іна Мядзведзева паведаміла, што пробны перапіс пройдзе ў кастрычніку 2027 года. «Абраныя Бабруйск і Бабруйскі раён. Мы пастараемся папрацаваць з 15 тысячамі чалавек, якія будуць з намі працаваць непасрэдна па планшэтах», — звярнула ўвагу яна. Паралельна з гэтым на ўсю краіну будзе запушчаны прататып інтэрнэт-перапісу, і кожны жадаючы зможа ў 2027 годзе пратэставаць адпаведнае праграмнае забеспячэнне. Гаворачы аб дакладнай колькасці насельніцтва Беларусі, Іна Мядзведзева канстатавала, што на 1 студзеня 2026 года насельніцтва краіны склала звыш 9 мільёнаў 56 тысяч чалавек. 

Дэпутаты Палаты прадстаўнікоў падчас чарговай сесіі ў другім чытанні прынялі законапраект «Аб змяненні Закона Рэспублікі Беларусь «Аб таварных біржах». Законапраект накіраваны на комплекснае рэгуляванне адносін у галіне біржавога гандлю з улікам правапрымяняльнай практыкі, у тым ліку ўстанаўленне дадатковых біржавых паслуг, якія забяспечваюць якасць аказання біржавых паслуг. 

Член Пастаяннай камісіі па жыллёвай палітыцы, гандлі і будаўніцтве Алена Лапцева ў размове з журналістамі адзначыла, што пры падрыхтоўцы да другога чытання ў законапраект былі ўнесены некаторыя карэкціроўкі ў сувязі з прапановамі, якія паступілі, а таксама заключэннем экспертаў. «Па-першае, дададзена колькасць суб’ектаў біржавай лагістычнай дзейнасці. Па-другое, грамадзянскае заканадаўства замацавана як крыніца рэгулявання біржавога гандлю. Па-трэцяе, асноўным відам дзейнасці таварнай біржы прызнаецца толькі арганізацыя і рэгуляванне біржавога гандлю. Па-чацвёртае, замацавана заканадаўствам, што ўдзельнікі біржавога гандлю абавязаны аплачваць паслугі, якія аказвае таварная біржа», — пералічыла парламентарый.  

У ходзе сесіі парламентарыі таксама шэраг важных міжнародных пагадненняў. Сярод іх — законапраект «Аб ратыфікацыі Мемарандума аб узаемадзеянні паміж Урадам Рэспублікі Беларусь і Урадам Ісламскай Рэспублікі Пакістан па супрацоўніцтве ў сферы працы і працаўладкавання». У размове з журналістамі член Пастаяннай камісіі па міжнародных справах Галіна Бяляева падкрэсліла, што ратыфікацыя Мемарандума дазволіць стварыць добрыя ўмовы для прамога ўзаемадзеяння нашых профільных ведамстваў, а таксама спросціць працэс пошуку неабходных кваліфікаваных кадраў, дапаможа больш аператыўна абменьвацца інфармацыяй у галіне заканадаўства, свабодных вакансій, што ў сваю чаргу будзе спрыяць больш эфектыўнаму папаўненню дэфіцыту працоўных кадраў у канкрэтных галінах эканомікі нашай краіны.  

«На дадзены момант у нашай краіне ў наяўнасці 140 тысяч вакансій, прычым 60 % з іх — рабочыя прафесіі. Прыняцце мемарандума ў сваю чаргу дапаможа зрабіць працэс пошуку неабходных кваліфікаваных кадраў, працэс працаўладкавання больш арганізаваным, больш празрыстым і кантраляваным з боку органаў дзяржаўнай улады», — рэзюмавала парламентарый. 

Данііл ХМЯЛЬНІЦКІ
Фота БелТА 

З нагоды 

«Наш агульны поспех залежыць ад зладжанасці дзеянняў» 

Ігар Сергяенка ўзнагародзіў пераможцаў конкурса «Палата прадстаўнікоў у фокусе СМІ» 

У Дзень работнікаў радыё, тэлебачання і сувязі ў Палаце прадстаўнікоў падвялі вынікі другога конкурсу на найлепшую творчую працу па асвятленні дэпутацкай дзейнасці — «Палата прадстаўнікоў у фокусе СМІ». Конкурс ахапіў 6 намінацый, якія адлюстроўваюць найважнейшыя напрамкі парламенцкай інфармацыйнай працы ў 2025 годзе. 

Звяртаючыся да пераможцаў творчага конкурсу, Старшыня Палаты прадстаўнікоў адзначыў, што запрошаныя сёння ў Авальную залу журналісты высока трымаюць планку прафесійнага майстэрства, сумленна, аб’ектыўна, справядліва асвятляюць дзейнасць дэпутатаў. «Вы забяспечваеце інфармацыйны суверэнітэт краіны, процідзейнічаючы знешнім пагрозам, гібрыдным войнам, — звярнуў увагу спікер. — З гонарам вытрымалі экзамен і летась падчас найважнейшых палітычных падзей — прэзідэнцкіх выбараў, Усебеларускага народнага сходу. У перыяд значных этапаў гістарычнага развіцця вы дапамагалі і дапамагаеце людзям разумець сутнасць таго, што адбываецца сёння ў краіне і свеце, выбудоўваеце адкрыты дыялог паміж грамадствам і ўладай».  

Ігар Сергяенка адзначыў, што цікавасць журналістаў да дзейнасці беларускага парламента з кожным годам расце, пра што сведчаць дадзеныя статыстыкі. Павышаецца не толькі колькасць матэрыялаў, але і іх якасць: «Па сутнасці ваша дзейнасць — неад’емная частка заканатворчага працэсу. Вы ўключаеце ў гэтыя тэмы нашых грамадзян, забяспечваеце адкрытасць, інфармуеце аб заканадаўчых рашэннях, падымаеце тэмы для дыскусій, прыцягваючы да гэтай працы і дэпутатаў. Наш агульны поспех залежыць ад зладжанасці дзеянняў». Спікер падкрэсліў, што дэпутаты адкрытыя для новых ініцыятыў ад журналістаў. 

На разгляд экспертнай камісіі паступілі журналісцкія матэрыялы ад 65 рэспубліканскіх і рэгіянальных медыя. Лідарамі па актыўнасці сталі Гродзенская і Магілёўская вобласці. Журы ацэньвала журналісцкае майстэрства, дакладнасць выкладу, грамадскую значнасць, аналітычны падыход і грамадскі рэзананс прадстаўленых на конкурс публікацый. Па выніках быў вызначаны 21 фіналіст.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю