У Мінску прайшоў маладзёжны велапрабег «Дарогамі памяці ў Цэнтральным». Калона з больш як 300 удзельнікаў праехала ад мемарыяльнага комплексу «Масюкоўшчына» да стэлы «Мінск — горад-герой». Акцыя стала часткай патрыятычнага праекта «Цэнтральны раён памятае» і прымеркавана да Дня Перамогі.
Сярод удзельнікаў — школьнікі і студэнты, работнікі прадпрыемстваў, прадстаўнікі грамадскіх арганізацый і звычайныя жыхары раёна. Хтосьці рыхтаваўся да заезду цэлымі калектывамі, хтосьці прыйшоў з сям’ёй, а некаторыя — на веласіпедах, якія памятаюць яшчэ савецкі час.

«Гэта не хуткасная гонка, а заезд памяці»
Перад стартам удзельнікаў вітала Наталля Мігун, начальнік упраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі адміністрацыі Цэнтральнага раёна. Яна падкрэсліла, што галоўнае тут — не спартыўныя дасягненні:
— У нас не хуткасная гонка, яшчэ раз нагадаю: гэта заезд памяці. Незалежна ад таго, хто якім прыбыў, усе ўдзельнікі мерапрыемства атрымліваюць памятны медаль.


«Прыйшла па поклічу сэрца»
Сярод тых, хто ўзначаліў калону, была Ганна Логутава (Арына Войт)— старшыня Цэнтральнай раённай арганізацыі Ліберальна-дэмакратычнай партыі Беларусі, эстрадная выканаўца. Яна растлумачыла, што ўдзельнічае адразу ў некалькіх ролях:
— Я прыйшла па поклічу сэрца. Хутка 9 Мая, і ўжо сёння пачынаюцца мерапрыемствы, вельмі важныя для кожнага з нас — як для артыста, як для грамадзянкі Беларусі, як для старшыні партыі. Кожны такі дзень, кожны мемарыял важны. Пакуль мы будзем памятаць, перадаваць гэту памяць дзецям, праяўляць павагу да нашых продкаў, якія ваявалі, і да людзей, якія загінулі, — да таго часу наша зямля будзе як мага далей ад паўтарэння тых страшных падзей.


Жывая гісторыя на двух колах
Асаблівую ўвагу прыцягваў удзельнік на рарытэтным веласіпедзе 1961 года — равесніку першага палёту чалавека ў космас. Уладальнік гэтага цуду тэхнікі — Аляксандр Каліна, выкладчык Мінскага дзяржаўнага музычнага каледжа імя М. І. Глінкі. Яго рарытэтны веласіпед — сямейная рэліквія:
— Яшчэ мой бацька, будучы студэнтам Віцебскага медыцынскага інстытута, удзельнічаў у спаборніцтвах па ўсім Саюзе — рабілі заезды на сотні кіламетраў. Расказваў розныя гісторыі, як цэлы дзень пад дажджом фінішавалі ў розных гарадах. Гэтым працягваецца біяграфія нашай сям’і.
Аляксандр Іванавіч расказаў, што сёння прыехаў на гэтым веласіпедзе на працу, каб адразу ж далучыцца да калоны.


Ад студэнтаў да прафесараў — адзіная каманда
Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт фізічнай культуры на велапрабегу прадстаўляў Міхаіл Дваракоў, загадчык кафедры веласіпедна-канькабежна-коннага спорту і фігурнага катання. Ён падкрэсліў, што студэнты прыйшлі не па прымусе, а па перакананні:
— Студэнты ад першага да чацвёртага курса — не па прымушэнні, а па перакананні. Нават пачаліся спрэчкі, бо не хапіла веласіпедаў — ахвотных было вельмі шмат. Мы традыцыйна ездзім і ў Хатынь, і на Курган Славы, і да стэлы. Каб студэнты ведалі, што такое вайна. Тым больш цяпер, каб яны ведалі, колькі загінулых, колькі слёз было, каб гэта не сышло ў мінулае.
Сваю каманду — 20 чалавек — прывёў і Алег Гоман, галоўны бухгалтар ЖЭУ № 1 Цэнтральнага раёна:
— Мы заўсёды дружна, арганізавана збіраемся. Аднолькавую вопратку заказалі цэнтралізавана спецыяльна да сённяшняга дня. Настрой: бадзёры, патрыятычны, радасны. Сённяшнім маршрутам мы хочам паказаць сваю неабыякавасць да дат, дзеля якіх праводзяцца мерапрыемствы такога маштабу.


«Беларусь стала для мяне другой радзімай»
Адным з самых нечаканых і шчырых удзельнікаў стаў Эзіс Салыхаў — дворнік ЖЭУ № 1, грамадзянін Туркменістана. Ён прыйшоў на велапрабег не па абавязку, а проста таму, што яму гэта блізка:
— Я прыехаў у Беларусь, таму што мне тут падабаецца. Тут вельмі добрыя, чулыя людзі. Я жыву і працую адзін. Люблю сваю працу. На велапрабег прыйшоў проста таму, што мне гэта па душы. Да нас, замежнікаў, ставяцца вельмі добра, паважаюць.
Эзіс прызнаўся, што яго дзед — Абдурахім Салыхаў — быў ветэранам Вялікай Айчыннай вайны, меў узнагароды:
— Я ганаруся, што ў мяне быў такі дзед. Беларусь стала для мяне другой радзімай.

Сямейная гісторыя
Сваёй сямейнай гісторыяй падчас акцыі падзяліўся Юрый Чэчэт, намеснік кіраўніка адміністрацыі Цэнтральнага раёна:
— Сёння наша акцыя прысвечана памяці ўсіх абаронцаў Айчыны, якія загінулі ад рук нямецкіх захопнікаў. Тут, у Масюкоўшчыне, 80 тысяч абаронцаў Айчыны былі па-зверску забітыя. Сённяшняя акцыя паказвае моладзі прыклад: трэба аб’ядноўвацца, каб супрацьстаяць любым праблемам.
Юрый Аляксеевіч расказаў пра свайго дзеда, Васіля Іванавіча Чэчэта. Немцы расстралялі яго разам з першай сям’ёй за сувязь з партызанамі. З раненнем у галаву яго кінулі ў брацкую магілу. Але ён выжыў і выбраўся адтуль. Уся яго першая сям’я загінула. Пасля вайны абаронца стварыў новую сям’ю, нарадзілася двое дзяцей. Да канца жыцця ён заставаўся інвалідам з-за таго ранення.
— Сам дзед ніколі не хацеў расказваць гэту гісторыю, трымаў яе ў таямніцы. Але яго брат — ваенны, палкоўнік — вывеў яго на адкрытую размову. Фатаграфіі дзеда захаваліся, і я перадаю гэту гісторыю сваім дзецям, каб памяць жыла.

Завяршылася акцыя ўскладаннем кветак. Удзельнікі атрымалі памяць — і ў выглядзе медалёў, і, галоўнае, у сэрцах. Велапрабег «Дарогамі памяці» ўжо стаў традыцыяй і, мяркуючы па колькасці ахвотных, будзе працягвацца і ў наступныя гады.
Надзея ЗУЕВА
Фота Валерыя Картуля