На адной з самых буйных плантацый бульбы Мінскай вобласці днямі завяршаецца сяўба культуры. Яна размяшчаецца каля аграгарадка Сітнікі, куды карэспандэнты «Звязды» і накіраваліся. Надвор’е стаяла гарачае і сонечнае, а ў полі актыўна працаваў энерганасычаны «Беларус 3522». На 6 мая прадпрыемствам было засеяна 720 гектараў бульбы з 760 запланаваных. Пасадка яе стартавала 15 красавіка. Чакаецца, што да суботы фронт работ будзе канчаткова выкананы.
Асаблівасць гэтага прадпрыемства ў тым, што яно вырошчвае і перапрацоўвае бульбу пераважна для ўласнай вытворчасці — вырабу снэкавай прадукцыі, бульбянога пюрэ. Намеснік генеральнага дырэктара ААТ «Машхарчпрад» Віктар ДЗІЛЬМАН расказаў, што ад гэтага залежыць і выбар сартоў, якія штогод высаджваюцца на палях. На прадпрыемстве выбіраюць пераважна «Канэкт», «Маніфест», «Піроль», «Вектар» і «Апал».
— Каля 10 % ад усёй бульбы ідзе на продаж, — адзначае Віктар Іванавіч. — Тыя сарты, што ідуць на перапрацоўку для вырабу чыпсаў, напрыклад, нізкаўраджайныя. Таму што нам не патрэбна назапашванне цукроў. Тут свая спецыфіка. Акрамя таго, мы не выкарыстоўваем арганічныя ўгнаенні. Усе неабходныя элементы папаўняюцца мінеральнымі — мы з восені ўносім 500 кілаграмаў хлорыстага калію ў фізічнай вазе, а вясной 300 кілаграм суперфасфату ў фізічнай вазе і 500 кілаграм сульфату амонію, які ўтрымлівае серу і азот.
Усяго на пасадцы бульбы задзейнічаны 23 работнікі, расказвае намеснік дырэктара.


— Гэта чатыры механізатары, чатыры памочнікі, на сартаванні ў нас працуе брыгада са Століна, якая складаецца з дзевяці чалавек, плюс пяць вадзіцеляў і адзін пагрузчык.
Віктар Іванавіч падкрэсліў, што механізатарам стала прасцей працаваць у палях са з’яўленнем шэрагу сучасных прылад.

— Я ў прыватнасці пра сістэму навігацыі, — кажа ён. — Пад рулём размяшчаецца нешта кшталту рухавіка, на экране адбіваюцца контуры палёў. Гэтая сістэма разлічвае сама, як і дзе менавіта рухацца трактару разам з сеялкай, механізатару патрэбна ў неабходным месцы паставіць тэхніку. Калі трактар набліжаецца да канца поля, механізатар адключае сістэму, разварочвае трактар і рухаецца далей. Гэта вельмі зручна.
Механізатара Дзмітрыя КАРАЛЕЦКАГА мы заспелі ў полі за работай.
— Працаваць пачынаем у сем гадзін раніцы і заканчваем у сем вечара, — адзначае ён. — Спачатку прыходзім на завод, адтуль нас развозяць на месца, дзе працуем. За кожным замацаваны пэўны шэраг задач. Тэхніка нас з раніцы чакае на мехдварах. На абед прывозяць у поле гарачае харчаванне: гэта суп, мяса з гарнірам і кампот або чай. Але час абеду мы не адседжваем. Хуценька паелі — і за працу. Хвілін дваццаць хапае.

Працаваць на тэхніцы айчыннай вытворчасці, адзначае Дзмітрый, — адно задавальненне.
— Надвор’е цяпер хоць і гарачае, але саджаць — што трэба, — запэўніў ён. —Прыязджайце на ўборачную!
Дарэчы
Камітэт па сельскай гаспадарцы і харчаванні Мінскага аблвыканкама дзеліцца свежымі лічбамі: у Мінскай вобласці на 7 мая пасаджана 3,6 тыc. га бульбы (55 % ад плана).
Яна ВАЛАСАЧ
Фота Лізаветы ГОЛАД
Пухавіцкі раён