Рэгіянальнаму развіццю Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка ўдзяляе асаблівую ўвагу. Пра гэта сведчаць апошнія мерапрыемствы і камандзіроўкі з удзелам беларускага лідара. Кіраўнік дзяржавы ставіць задачу раўнамернага развіцця ўсіх рэгіёнаў, падкрэсліваючы, што вёскі, малыя і сярэднія гарады — гэта аснова краіны. Ключавой стратэгіяй у гэтым кірунку з’яўляецца ініцыятыва «Адзін раён — адзін праект», накіраваная на стварэнне вытворчасцяў і працоўных месцаў, а таксама развіццё інфраструктуры, уключаючы арэнднае жыллё і будаўніцтва дарог. Больш падрабязна аб тым, чаму кіраўнік дзяржавы трымае гэта пытанне на асаблівым кантролі, разважаюць нашы эксперты.
«На месцы павінны быць дасведчаны кіраўнік і яго каманда»
Пра важнасць развіцця рэгіёнаў член Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па заканадаўстве і дзяржаўным будаўніцтве Андрэй Жамойда ведае не па чутках.

Ён узначальвае прадпрыемства «Конус», якое знаходзіцца ў Лідзе, адказвае за Лідскі і Дзятлаўскі раёны Гродзенскай вобласці, таму ведае, якія праблемы сёння хвалююць людзей на месцах. «Адным з ключавых кірункаў у якасці падтрымкі рэгіёнаў, вядома, выступае ініцыятыва „Адзін раён — адзін праект“, пра важнасць якой неаднаразова заяўляе кіраўнік дзяржавы», — падкрэсліў Андрэй Жамойда.
У якасці паспяховага прыкладу сенатар назваў рэалізацыю пілотнага праекта ў рамках дзяржаўнай ініцыятывы пад назвай «Індычка з Ліды» ЗАТ «Белсалттрэйд». Паводле яго слоў, праект ужо забяспечыў стварэнне больш за 250 рабочых месцаў, а ў найбліжэйшы час плануецца прыняць яшчэ звыш 100 супрацоўнікаў. У перспектыве прадпрыемства мае намер павялічыць аб’ёмы выпуску прадукцыі больш чым у два разы. Акрамя таго, у хуткім часе на Лідчыне пабудуюць новыя фермы для вырошчвання індычкі».
Андрэй Жамойда закрануў і тэму падтрымкі рэгіёнаў ад мясцовай выканаўчай улады. «Падтрымка, можна сказаць, усеагульная, — канстатаваў ён. — З боку мясцовых улад робіцца ўсё для развіцця рэгіёнаў. Немалаважную ролю ў гэтым кірунку адыгрываюць і мясцовыя Саветы дэпутатаў».
З пункту гледжання заканадаўства сенатар таксама не бачыць ніякіх перашкод для развіцця рэгіёнаў. «Самае галоўнае, як вельмі правільна адзначыў Прэзідэнт, — на месцы, у першую чаргу, павінны быць дасведчаны кіраўнік і яго каманда», — прывёў словы беларускага лідара Андрэй Жамойда.
Сенатар яшчэ раз падкрэсліў, што, дзякуючы падтрымцы кіраўніка дзяржавы, ніякіх перашкод для развіцця рэгіёнаў сёння няма. «Упірайцеся і працуйце!» — прывёў адзін з ключавых пасылаў Прэзідэнта Андрэй Жамойда. Менавіта па такім прынцыпе, паводле слоў парламентарыя, і ажыццяўляецца работа прадпрыемстваў у рэгіёне.
«Самае галоўнае — гэта ў нас у галовах, — выказаў упэўненасць Андрэй Жамойда. — У галаве кіраўніка, які павінен імкліва думаць, прымаць рашэнні, ісці наперад, не спыняцца».
Парламентарый узняў яшчэ адну важную тэму, якая таксама знаходзіцца на пастаянным кантролі кіраўніка дзяржавы. Размова — пра адток сельскага насельніцтва. «Як правільна падкрэслівае Прэзідэнт, цяпер за людзей ідзе барацьба. Каб людзі заставаліся на месцах, неабходна ствараць умовы. Гэта, вядома, заработная плата, жыллё, развітая інфраструктура і добрыя транспартныя зносіны. У прынцыпе, гэта ўсё робіцца, і акцэнт цяпер ставіцца менавіта на аграгарадкі, дзе створана інфраструктура для нармальнага пражывання. І гэта, зноў жа, залежыць ад кожнага кіраўніка. Калі сельгаспрадпрыемства моцнае, значыць, людзі будуць трымацца і працаваць. Таму трэба ствараць умовы. Людзей чужых не бывае — усе нашы. Мы павінны накарміць, апрануць, забяспечыць, загрузіць працай, даць годную заработную плату — і тады ў нас усё будзе добра», — рэзюмаваў Андрэй Жамойда.
«Каб вясковы лад жыцця стаў па-сапраўднаму прэстыжным, а праца за межамі мегаполісаў — перспектыўнай»
Член Пастаяннай камісіі па аграрнай палітыцы Палаты прадстаўнікоў Кацярына Паздзяйкіна перакананая, што моцная дзяржава пачынаецца там, дзе створаны ўмовы для камфортнага жыцця кожнага чалавека, незалежна ад яго прапіскі. Асаблівае значэнне, паводле яе слоў, мае ўстойлівае развіццё сельскіх тэрыторый. «Гэта пытанне нашай нацыянальнай харчовай бяспекі і канкурэнтаздольнасці аграрнай эканомікі. Мы абавязаны ствараць на вёсцы такія ўмовы, каб моладзь бачыла там перспектыву, сучасную інфраструктуру і годны прыбытак, — канкрэтызавала парламентарый. — Упэўнена, што наш асноўны вектар — стварыць у кожным населеным пункце ўмовы, дзе хочацца не проста жыць, але і ствараць, гадаваць дзяцей, упэўнена глядзець у заўтрашні дзень. Мы імкнёмся да таго, каб сельскі лад жыцця стаў па-сапраўднаму прэстыжным, а праца за межамі мегаполісаў — перспектыўнай».

Найважнейшым драйверам гэтых перамен, дадала Кацярына Паздзяйкіна, стала ініцыятыва кіраўніка дзяржавы «Адзін раён — адзін праект». «Лічбы гавораць самі за сябе: па выніках мінулай пяцігодкі рэалізаваны 144 праекты, у якія ўкладзена 3,4 мільярда рублёў, — паведаміла эксперт. — Гэта не проста статыстыка. Гэта больш за 6 тысяч новых працоўных месцаў і сучасныя вытворчасці там, дзе іх раней не было». У якасці станоўчага прыкладу народная выбранніца прывяла паспяхова рэалізаваны інвестыцыйны праект у Жабінкаўскім раёне Брэсцкай вобласці пад назвай «Арганізацыя вытворчасці па перапрацоўцы і замарозцы лука, сезоннай замарозцы ягад і агародніны». Аб’ём інвестыцый у асноўны капітал склаў 15,5 мільёна рублёў. Таксама былі створаны новыя працоўныя месцы для насельніцтва.
Яшчэ адзін прыклад паспяхова рэалізаванага ў снежні 2025 года інвестпраекта — «Арганізацыя вытворчасці бетонных вырабаў», ТАА «Магнолія-Агра». Інвестпраект быў рэалізаваны на базе Камянецкага раёна Брэсцкай вобласці. На яго рэалізацыю, паводле слоў дэпутата, было накіравана 3,1 мільёна рублёў. «Праект рэалізаваны за кошт уласных сродкаў інвестара і з прыцягненнем лізінгавага крэдыту. У рамках рэалізацыі праекта „Арганізацыя вытворчасці бетонных вырабаў“ ўстаноўлена новая высокапрадукцыйная тэхналагічная лінія па вытворчасці бетонных вырабаў з сістэмай інтэлектуальнага кіравання PLC, аўтаматычнага складавання і ўпакоўкі, набыта спецыялізаваная тэхніка. У выніку рэалізацыі праекта былі створаны 15 новых працоўных месцаў, а таксама новая сучасная вытворчасць бетонных вырабаў, якая дазволіць ТАА „Магнолія-Агра“ штогод выпускаць да 414 тысяч квадратных метраў тратуарнай пліткі рознага асартыменту», — паведаміла парламентарый.
Яшчэ адзін важны вектар паспяховага развіцця рэгіёнаў — сельская гаспадарка. «У перыяд пасяўной і ўборачнай кампаній увага кіраўніка дзяржавы да стану спраў на палях заканамерная, бо ад поспеху аграрыяў залежыць не толькі напаўненне спажывецкага рынку, але і палітычная ўстойлівасць краіны», — выказала ўпэўненасць Кацярына Паздзяйкіна.
Адток кадраў з рэгіёнаў — яшчэ адзін важны пункт, на які звяртае ўвагу кіраўнік дзяржавы. «Каб спыніць залішнюю канцэнтрацыю рэсурсаў у Мінску і ўдыхнуць новае жыццё ў рэгіёны, у краіне рэалізуецца сістэмны, па-сапраўднаму дзяржаўны падыход, ініцыяваны Прэзідэнтам. Палітыка ў гэтым кірунку грунтуецца на чатырох „кітах“.
Па-першае, гэта тэхналагічны суверэнітэт і стварэнне прэстыжных працоўных месцаў. Пасяўная або ўборачная сёння — гэта спаборніцтва тэхналогій. Дзякуючы асабістай падтрымцы Прэзідэнта наш АПК абсталёўваецца перадавой беларускай тэхнікай.
Па-другое, жыллёвы падмурак. Арэнднае жыллё, ільготнае крэдытаванне і магчымасць з часам стаць гаспадаром уласнага дома — гэта наймагутны эканамічны стымул, які замацоўвае моладзь на месцах і дазваляе ствараць моцныя шматдзетныя сем’і.
Па-трэцяе, інфраструктурны камфорт. Якасныя дарогі, газіфікацыя, сучасныя школы і медыцынскія пункты — сацыяльныя гарантыі павінны быць роўнымі незалежна ад таго, жыве чалавек у Мінску або ў сельскай мясцовасці.
«Нарэшце, найважнейшая частка прэзідэнцкага курсу — ідэалагічная работа па павышэнні статусу чалавека працы. Мы павінны трансляваць праз СМІ і сістэму выхавання вобраз паспяховага сельскага жыхара, ламаючы састарэлыя стэрэатыпы. Жыццё ў вёсцы — гэта экалогія, прастора і стабільнасць, падмацаваныя дзяржаўнай абаронай», — рэзюмавала Кацярына Паздзяйкіна.
«Гэта асноватворны, базавы элемент беларускай свядомасці»
Пільная ўвага да развіцця сельскай гаспадаркі і аграрных рэгіёнаў з’яўляецца базавым элементам свядомасці беларусаў, паведаміў у ток-шоу «Будні» на «Альфа Радыё» дэкан факультэта журналістыкі БДУ, палітолаг Аляксей Бяляеў. Як падкрэсліў эксперт, зямля для беларусаў — гэта аснова ўсяго. «Прэзідэнт — чалавек родам з сельскай мясцовасці, ён разумее значнасць зямлі. Пільная ўвага да развіцця сельскай гаспадаркі, аграрных рэгіёнаў — гэта асноватворны, базавы элемент беларускай свядомасці».

У ходзе апошніх мерапрыемстваў кіраўніка дзяржавы вялікая ўвага была ўдзелена развіццю рэгіёнаў і сацыяльнай базе. «Людзі — гэта галоўнае. І стварыць для іх спрыяльныя ўмовы для жыцця і працы — найважнейшая задача, — лічыць Аляксей Бяляеў. — Як прыцягнуць моладзь у сельскую мясцовасць? Моладзь сёння распешчаная выгодамі цывілізацыі. Значыць, трэба прыносіць гэтыя выгоды туды. „Адзін раён — адзін праект“ — якарны праект, які па сваёй сутнасці павінен быць інавацыйным, аб’ядноўваць інфраструктуру і сацыяльныя аб’екты. Буйная вытворчасць, вакол якой засяроджана шмат спадарожнага, — гэта будзе прыцягваць людзей і ствараць працоўныя месцы».
Дэкан журфака БДУ таксама падкрэсліў, што пільная ўвага Прэзідэнта Беларусі да пасяўной і ўборачнай кампаній, нягледзячы на насмешкі апанентаў, з’яўляецца крытычна важнай. Кіраўнік дзяржавы асабіста аналізуе сітуацыю ў рэгіёнах, выяўляе існуючыя праблемы. «Затым, абапіраючыся на гэтыя даныя, мы спрабуем выраўноўваць развіццё сельскай гаспадаркі па ўсёй краіне, — адзначыў эксперт. — Калі не будзе прадуктаў, мы станем залежныя, і нас лёгка будзе зламаць. Таму забеспячэнне насельніцтва Беларусі асноўнымі харчовымі таварамі, а таксама падтрыманне сельскагаспадарчага экспарту — важны складнік дзейнасці дзяржаўнай улады і Прэзідэнта асабіста».
Аляксей Бяляеў дадаў, што, нягледзячы на карэкціроўкі надвор’я і чалавечы фактар, дасягнутыя вынікі пасяўной (засеяна больш як дзве трэці плошчаў) дэманструюць клопат дзяржавы аб грамадзянах і імкненне забяспечыць іх харчаваннем.
Данііл ХМЯЛЬНІЦКІ