Жыццё шматграннае ў сваёй складанасці. Вайна ў Персідскім заліве высмоктвае з амерыканскага бюджэту мінімум мільярд долараў. Таксама амерыканская эканоміка нясе і іншыя выдаткі, звязаныя з вайной. У прыватнасці, даражэе паліва, падымаюцца тарыфы на авіяперавозкі, ёсць і іншыя непрыемнасці.
Але акрамя відавочных і дастаткова шматлікіх пасіваў, ёсць і актыў. Пасля налёту на Іран амерыканскі долар змяніў падзенне на ўмацаванне. Як ні парадаксальна, але значнасць і моц амерыканскай валюты на адносна звыклым узроўні падтрымліваюцца баявымі дзеяннямі. Як толькі яны скончацца, ключавая сусветная валюта можа зноў пайсці на спад.
Гэты фактар не вельмі заўважны для абывацеляў, хоць у сярэдне- і доўгатэрміновай перспектывах паўплывае і на іх дабрабыт, але каціроўкі долара ў значнай ступені ўплываюць на фінансавы стан тых, хто трымае ўладу, у тым ліку і Дональда Трампа, які пазіцыянуе сябе хутчэй як бізнесмен, чым як палітык. А камерцыя ў англа-саксонскай маральна-этычнай сістэме каардынат па сваім цынізме можа паспрачацца з палітыкай.
Будзем аб’ектыўныя: ЗША з’яўляюцца магутнай сілай у геапалітычным раскладзе. І яны — безумоўныя лідары па некаторых кірунках. Але далёка не па ўсіх. Несумненна, Штаты — галоўны дырыжор у сусветных фінансах. Супастаўнай па ўсіх параметрах і характарыстыках доларавай фінансавай інфраструктуры на сённяшні момант не існуе. Аднак свае фінансавыя інструменты паступова, але няўхільна, развівае Кітай. Несумненна, свет тут і цяпер, рэзка і адразу не пяройдзе на разлікі ў юанях ці ў іншых грашовых адзінках у міжнародных аперацыях. Лідзіруюць Штаты і па інвестыцыях у навукова-даследчыя і доследна-канструктарскія работы. Але па колькасці патэнтаў іх ужо абганяе той жа Кітай. І відавочнае тэхналагічнае лідарства Новага
Свету ўжо ў сярэднетэрміновай перспектыве становіцца вельмі сумнеўным. У доўгатэрміновай перспектыве ініцыятывы Кітая вельмі непакояць амерыканцаў. І гэта пазіцыя афіцыйна адлюстравана ў стратэгічных дакументах Белага дома, у якіх КНР дакладна пазначана пагрозай нумар адзін для ЗША.
Пры ўсёй амерыканскай моцы, у гэтай краіны ёсць шматлікія сістэмныя праблемы і структурныя дысбалансы, назапашаныя за дзесяцігоддзі. Эксперты рознага статуту іх выдатна і даўно бачаць. І скрупулёзна аналізуюць.
У курсе, што не ўсё ў парадку, і палітыкі. Усведамленне праблемы — важны этап. Але складана знайсці чароўную формулу эканамічнай рэінкарнацыі, адшукаць нечаканае спалучэнне горкіх інгрэдыентаў рэформаў, каб жыватворны эліксір быў не толькі жыватворным, але і салодкім для абывацеля. Праславутая мадэрнізацыя амерыканскай эканомікі багатая сацыяльнымі зрухамі і сацыяльнай незадаволенасцю, а то і палітычным бунтам электарату на чарговых выбарах.
Папярэднія адміністрацыі Белага дома спрабавалі цяжкасці вырашыць у мяккім рэжыме, гэткімі паўмерамі. Яны на справе аказаліся затратнымі і неэфектыўнымі. У нейкай ступені Дональд Трамп — чалавек смелы, хоць не заўсёды паслядоўны і стратэгічна празорлівы. Але ён рашыўся рэзкім ударам рассячы гордзіеў вузел эканамічных праблем. Нязграбная, але зразумелая па мэтах, тарыфная палітыка, спроба парэзаць траты і аптымізаваць дзяржаўныя выдаткі, якія абраслі невыразнымі і незразумелымі праектамі...
Не атрымалася. Амерыканскае грамадства ў масе сваёй аказалася не гатова да мадэрнізму. Прыйшлося вельмі аператыўна даваць задні ход. Гісторыя з тарыфамі летась мела бясконцую колькасць парадоксаў.
З палітычнай трыбуны Дональд Трамп раскідваўся пратэкцыянізмам направа і налева. А ў цішыні працоўных кабінетаў чыноўнікі эканамічнага блока, літаральна ў ручным рэжыме дэзавуіравалі рашэнні кіраўніка Белага дома, рознымі хітрыкамі адкрываючы форткі для імпарту, каб не разарваліся ланцужкі паставак і не апусцелі паліцы амерыканскіх гіпермаркетаў.
Пакуль канцэпцыя MAGA (зробім Амерыку зноў вялікай) так і засталася ў большай ступені прапагандысцкім лозунгам, чым эканамічнай стратэгіяй. Так, рэіндустрыялізацыя ЗША адбываецца, але паступова, не з выбуховай дынамікай, якой хацелася амбіцыйнаму прэзідэнту. Але шораху на ўнутраным і сусветным фінансавых рынках ініцыятывы Дональда Трампа нарабілі. За год яго кіраўніцтва нервовасць дзелавога асяроддзя вырасла ў разы. У выніку нават нарадзіўся іншы канцэпт: прадавай Амерыку. І ў асяроддзі фундатараў гэта ідэя атрымала нашмат большую падтрымку, чым прывабная па гучанні MAGA. І ў канцы мінулага года — у пачатку 2026-га доларавыя актывы сталі распрадавацца. Рабілі гэта акуратна, каб не абрынуць каціроўкі (нармальная інвестыцыйная стратэгія), але працэс быў занадта паслядоўны. І за год долар страціў каля 8 працэнтаў да кошыка асноўных сусветных валют.
З аднаго боку, танная нацыянальная валюта садзейнічае экспарту. З другога, долар, які дэвальвуецца, пагражае стратай аднаго з ключавога актыву ЗША: сусветнага эмісійнага цэнтра. Як гэта ні парадаксальна, але вайна гуляе на карысць амерыканскай грашовай адзінкі. Сусветная турбулентнасць прымушае інвестараў шукаць ціхія гавані.
І пры патэнцыяльным сусветным крызісе доларавыя актывы зноў пачынаюць набываць прывабнасць. З пачатку канфлікту ў Персідскім заліве долар умацаваўся.
Праўда, пасля вычарпання канфлікту яго каціроўкі могуць вярнуцца на ранейшую парадыгму, што, мяркуючы па ўсім, не вельмі задавальняе Вашынгтон. Па сутнасці, вялацякучы канфлікт з закрыццём Армузскага праліва, але без актыўных баявых дзеянняў, у прынцыпе Белы дом задавальняе. Глабальны хаос з-за разрыву ланцужкоў паставак аслабляе амерыканскі бюджэт, але ўмацоўвае фінансавую гегемонію ЗША.
Уладзімір ВАЛЧКОЎ