Вы тут

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса


Беларусь і Антарктыка... Паміж імі — тысячы кіламетраў. Яны размешчаны на розных паўшар’ях Зямлі. Калі ў нас зіма, там лета. Праўда, не падобнае на наша: слупок тэрмометра рэдка перавышае 0 ° С, і гэта толькі на ўзбярэжжы. А паблізу полюса холаду тэмпература ў цёплы сезон падымаецца да −30 °С. Узімку, калі надыходзіць час снежных бур, маразы бываюць да −85 °С. Што ў нас агульнага і чаму айчынныя навукоўцы імкнуцца трапіць на шосты кантынент, расказаў вядучы навуковы супрацоўнік Інстытута эксперыментальнай батанікі імя В. Ф. Купрэвіча Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі кандыдат біялагічных навук Віталь Лукін.


— Віталь Васільевіч, вы былі ўдзельнікам 15-й Беларускай антарктычнай экспедыцыі (БАЭ). Каля чатырох месяцаў даследавалі лядовыя абшары. Няўжо ўсе таямніцы роднай беларускай зямлі ўжо раскрыты і інтарэсы навукоўцаў цяпер далёка за морамі і акіянамі?

— У нашай прыроды таямніц шмат, хопіць не на адно пакаленне даследчыкаў, тым больш пастаянна ўдасканальваюцца метады, з’яўляюцца новыя інструменты, якія дазваляюць значна глыбей вывучаць тыя ці іншыя аб’екты. Аднак Антарктыда з прычыны сваёй аддаленасці ад цывілізацыі шмат у чым захавала першароднае аблічча, яе экасістэмы можна расцэньваць як своеасаблівы эталон для пэўных даследаванняў, напрыклад, дынамікі і адаптацыі супольнасцяў да кліматычных змен. Для вучоных заўсёды важна знайсці і вызначыцца з пунктам адліку. А, ведаючы, што ў Антарктыдзе ўжо больш за паўтара дзясятка гадоў ёсць свой беларускі «пункт апоры», так бы мовіць, прырода гэтага рэгіёна для нас стала нечужой.

У 2006 годзе два беларускія спецыялісты Леанід Турышаў і намеснік начальніка Рэспубліканскага гідраметэацэнтра Аляксей Гайдашоў сталі першымі прадстаўнікамі суверэннай Беларусі на ледніковым мацерыку ў рамках рэалізацыі Дзяржаўнай праграмы па даследаванні палярных рэгіёнаў Зямлі. Перад імі стаяла задача правесці рэкагнасціровачныя даследаванні па выбары пастаяннага месца базіравання і ацаніць перспектывы стварэння нацыянальнай даследчай інфраструктуры ў Антарктыдзе. Амаль праз дзесяць гадоў, у снежні 2015 года, быў закладзены першы аб’ект Беларускай даследчай станцыі «Гара Вячэрняя» (БАС). Па стане на 31 снежня 2023 г. БАС складаецца з больш як дзясятка аб’ектаў рознага прызначэння. Яе канструктыўныя асаблівасці і аддзелачныя матэрыялы дазваляюць вытрымліваць 60-градусныя маразы і парывы ветру да 80 м/с. Таўшчыня сцен з негаручага пенаполіўрэтану дасягае 100 мм.

— Наколькі багаты жывёльны і раслінны свет Антарктыкі?

— Калі браць наземную біёту, то яна, вядома, больш сціплая, чым на іншых кантынентах. Але вонкавы выгляд ледзяной пустыні падманлівы. Млекакормячыя прадстаўлены марскімі відамі — цюленямі і кітамі. У літаратуры пазначана 16 відаў. Мне за час экспедыцыі пашчасціла ўбачыць цюленя-крабаеда і цюленя Уэдэла, а падчас даследаванняў на навукова-экспедыцыйным судне (НЭС) «Акадэмік Фёдараў» — кітоў: паўднёвага малога паласаціка і кашалота. Птушак вядома 47 відаў. Рэптылій і амфібій не выяўлена. У прэсных вадаёмах сустракаюцца водарасці, бактэрыі і зоапланктон. А калі ўзяць Паўднёвы акіян, то цяжка нават прыкладна ўявіць, колькі рыб яго насяляе (у актуальнай літаратуры пазначаецца не менш як 200 відаў), а пра марскіх беспазваночных я наогул прамаўчу... Нездарма кажуць, што пра космас мы ведаем больш, чым пра акіяны. Так што патэнцыял даследаванняў вялізны.

Флора складаецца ў асноўным з лішайнікаў і мхоў. Ёсць толькі два віды вышэйшых раслін — калабантус кіта (Colobanthus quіtensіs) і вострына антарктычная (Deschampsіa antarctіca), але яны растуць на антарктычным паўвостраве. Царства грыбоў прадстаўлена мікраміцэтамі, і іх разнастайнасць якраз вывучаецца ў нашым інстытуце.

Калабантус кіта — квітнеючая расліна сямейства Гваздзіковых, якая вонкава нагадвае мхі. Дасягае ў вышыню ад 1,5 да 8 см. Нізкае ўтрыманне вады ў тканках (адметнасць, уласцівая ўсёй расліннасці Антарктыды) перашкаджае абледзяненню клетак, таму калабантус кіта паспяхова супрацьстаіць маразам.

Вострына антарктычная — расліна сямейства Злакаў. Добра прыстасаваная да суровых умоў: мае кароткі вегетацыйны перыяд, вытрымлівае замаразкі нават падчас цвіцення. У 1960-х гадах вострына ў асноўным расла на ўчастках Антарктыды, якія заставаліся свабоднымі ад лёду на працягу 6600 гадоў. Аднак пасля 2009-га гэтыя расліны ўсё часцей засяляюць тэрыторыі, што вызваліліся ад лёду за апошнія стагоддзі.

— У чым заключаецца работа навукоўцаў-біёлагаў у экспедыцыі?

— У асноўным гэта збор узораў раслін і арганічных субстратаў на прадмет усё тых жа мікраміцэтаў або іншых мікраарганізмаў, даследаванне марскіх арганізмаў, улік млекакормячых і птушак. І няважна, хто ты па спецыялізацыі — заолаг або батанік, — ты павінен па максімуме выканаць праграму даследаванняў, заданне якой сфарміравана зыходзячы з навуковых і перспектыўных практычных інтарэсаў.

— Правесці за палярным кругам 130 дзён... для вучонага — гэта многа ці мала? Ці ўсё ўдалося зрабіць?

— Мне пашанцавала не так, як іншым членам экспедыцыі: я правёў на кантыненце ўсяго два месяцы, а яшчэ два з паловай — на НЭС «Акадэмік Фёдараў». Затое геаграфія маіх даследаванняў уключала расійскія станцыі «Прагрэс» і «Мірны». Падчас марской часткі ўдалося правесці шмат назіранняў за птушкамі і марскімі млекакормячымі, а на станцыях — сабраць перспектыўны матэрыял, які цяпер знаходзіцца ў працэсе апрацоўкі. Дзякуючы супрацоўніцтву з удзельнікамі 68-й Расійскай антарктычнай экспедыцыі (РАЭ) удалося пабываць у сапраўды ўнікальных месцах, дзе рэдка ступала нага чалавека.

Антарктыда — тэрыторыя, якая носіць афіцыйны статус запаведніка сусветнага значэння, дзе працуюць навукоўцы з усяго свету. Там увогуле размешчана больш як сто пастаянных і сезонных навуковых станцый і баз, якія прадстаўляюць 55 дзяржаў, што ўваходзяць у Дагавор аб Антарктыцы.

— На вашу думку, у перспектыве якія кірункі работы вучоных-біёлагаў у Антарктыдзе будуць найбольш актуальнымі?

— Паўтаруся, антарктычныя экасістэмы — гэта эталон. У нас ёсць унікальны шанц захаваць яго ў першародным выглядзе і, адсочваючы дынаміку экасістэм, ацэньваць уплыў глабальных працэсаў. Перспектыўнымі, на мой погляд, з’яўляюцца ў першую чаргу даследаванні раслінных супольнасцяў у прывязцы да іх месцазнаходжання. Гэта эталонныя экасістэмы, своеасаблівыя індыкатары змяненняў клімату і іншых працэсаў. Класіфікацыя дапаможа ацаніць патэнцыял біялагічнай разнастайнасці існуючай і патэнцыяльнай і, як вынік, паслужыць больш дакладнаму разуменню генетычнага рэсурсу. Атрыманне чыстых культур мікраміцэтаў і экстрэмафільных бактэрый адкрывае магчымасці пошуку каштоўных ферментаў і біялагічна актыўных рэчываў, якія дзейнічаюць пры нізкіх тэмпературах. Прарыўны кірунак — вывучэнне фітахімічнага і фармакалагічнага патэнцыялу прадстаўнікоў ліхенабіёты і брыяфлоры Антарктыкі, заснаваны на прымяненні сучасных омікс-тэхналогій, у тым ліку метабаломнага прафілявання ўзораў, іх імунамадулявальнага дзеяння ў адносінах да імунакампетэнтных клетак чалавека і супрацьпухліннага дзеяння ў дачыненні да розных ліній пухлінных клетак іn vіtro. Дарэчы, такія работы вядуцца ўжо ў навуковых арганізацыях Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, у тым ліку і ў нашым інстытуце. Патэнцыял вывучэння марской біёты, пэўна, невычэрпны як сам акіян. Такім чынам, вывучэнне і захаванне біялагічнай разнастайнасці, і не толькі Антарктыды, — гэта каласальная інвестыцыя ў будучыню. Менавіта таму, здавалася б, такая далёкая і халодная Антарктыда на самай справе блізкая па мэтах і задачах нашай біялагічнай навуцы.

Андрэй КАРАБЕЛЬНІКАЎ

Фота Віталя ЛУКІНА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Уважлівасць і правілы бяспекі — галоўны фактар зніжэння вытворчага траўматызму

Уважлівасць і правілы бяспекі — галоўны фактар зніжэння вытворчага траўматызму

Летась зафіксавана зніжэнне колькасці выпадкаў гібелі на вытворчасці. 

Грамадства

Ад чаго залежыць бяспека атракцыёнаў?

Ад чаго залежыць бяспека атракцыёнаў?

З пачатку года атракцыёны праверылі 43 разы.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.