Вы тут

Якія змяненні чакаюцца ў новай рэдакцыі Чырвонай кнігі


Захаванне рэдкіх і знікальных відаў раслін і жывёл — адна з прыярытэтных задач, вырашэнне якой ажыццяўляецца на дзяржаўным узроўні. Адным з элементаў гэтай работы з’яўляецца вядзенне нацыянальнай Чырвонай кнігі. 


Катэгорыю аховы мяркуюць панізіць і для рысі

Спецыялісты расказалі аб падрыхтоўцы да выдання новай рэдакцыі Чырвонай кнігі Беларусі.

Першае выданне, нагадала кансультант упраўлення біялагічнай і ландшафтнай разнастайнасці галоўнага ўпраўлення рэгулявання абыходжання з адходамі, біялагічнай і ландшафтнай разнастайнасці Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Таццяна Жалязнова, было выпушчана ў 1981 годзе. Гэта аднатомнік, куды ўвайшло 80 відаў жывёл і 85 — дзікарослых раслін. Другое выданне ўбачыла свет у 1993-м і складалася ўжо з двух тамоў — жывёлы (182 віды) і расліны (214 відаў). Гэта значыць, дадаткова ўключылі 107 новых відаў жывёл і 109 — раслін. Але адначасова выключылі 5 і 14 відаў адпаведна. Трэцяе выданне выйшла ў 2006 годзе і змяшчала 189 відаў жывёл і 214 — дзікарослых раслін. Дадалося 64 новыя, выключана 57 — па жывёлах; і 91 і 31 — адпаведна па раслінах.

Цяпер дзейнічае чацвёртае выданне Чырвонай кнігі. У яго ўваходзіць 203 віды жывёл і 303 — раслін. У параўнанні з папярэдняй рэдакцыяй колькасць відаў жывёл павялічылася на 14, а раслін — на 29. Але былі выключаны, напрыклад, рапушка еўрапейская, вялікая белая чапля, сліва калючая, звычайны падуст.

Як адзначыла спецыяліст Мінпрыроды, нягледзячы на тое, што агульная колькасць відаў у Чырвонай кнізе з гадамі павялічваецца, усё ж некаторыя з іх выключаюцца са спіса рэдкіх і знікальных. І гэта адбываецца дзякуючы мерам, якія спрыяюць паляпшэнню стану папуляцый і дазваляюць мяняць статус аб’ектаў. Асноўная ж прычына папаўнення чырванакніжнага спіса — змяненне клімату і антрапагенная нагрузка.

У мэтах захавання рэдкіх жывёл і раслін Мінпрыроды вядзецца работа па перадачы пад ахову і ўліку месцаў пражывання і росту такіх аб’ектаў. Пры гэтым устанаўліваецца спецыяльны рэжым, які землекарыстальнік або ўладальнік воднага аб’екта абавязаны выконваць. Так, пачынаючы з 2021 года ў цэлым па краіне аформлена 1237 месцаў росту і пражывання чырванакніжнікаў: у Брэсцкай вобласці 85 месцаў, Віцебскай — 160, Гомельскай — 157, Гродзенскай — 297, Мінскай — 449, Магілёўскай — 89. Акрамя таго, распрацоўваюцца і рэалізоўваюцца планы дзеянняў па захаванні такіх відаў. Ужо выконваюцца 16 планаў па дзікіх жывёлах і 30 — па дзікарослых раслінах. У гэтым годзе Нацыянальнай акадэміяй навук будзе актуалізаваны план па кіраванні папуляцыяй рысі і аналагічныя дакументы распрацаваны для мядзведзя, барсука. Пры гэтым датычна мядзведзя будзе праведзены ўлік па новай методыцы.

Сёлета працягнецца работа над новай — пятай рэдакцыяй нацыянальнай Чырвонай кнігі. Плануецца, што ў яе ўключаць 305 відаў раслін, пры гэтым 26, якія раней уваходзілі ў 4-е выданне, — будуць выключаны, паведаміла Таццяна Жалязнова. Што датычыцца жывёл, то мяркуецца ў наяўны спіс уключыць 21 новы від і выключыць з яго 12. Па шэрагу відаў жывёл прыродаахоўны статус будзе паніжаны.

Як растлумачыў генеральны дырэктар НПЦ НАН Беларусі па біярэсурсах Аляксандр Чайкоўскі, сярод новых чырванакніжнікаў з’явіцца гіганцкая вячэрніца (Nyctalus lasіopterus). Нядаўна было выяўлена месцазнаходжанне невялікай калоніі ў Гомельскай вобласці. Гэтаму самаму буйному ў Еўропе кажану будзе нададзены прыродаахоўны статус 1-й катэгорыі.

За апошнія 30 гадоў у Беларусі вырасла колькасць зуброў у 9 разоў. Таму катэгорыю аховы для яго мяркуецца панізіць з 3-й на 4-ю. Бурага мядзведзя чакае паніжэнне з 1-й на 4-ю катэгорыю. Таксама будзе паніжана катэгорыя для рысі і барсука. Дзякуючы станоўчай дынаміцы росту колькасці, палепшыцца становішча гарнастая. Яго перавядуць з 3-й у 4-ю катэгорыю. А вось звычайны хамяк, якога ўжо шмат гадоў не рэгіструюць у краіне, зменіць катэгорыю з 3-й на 1-ю.

Што да птушак, то навукоўцы прапануюць заходні падвід глушца ўключыць у Чырвоную кнігу з наданнем яму 2-й катэгорыі. Апошнія 20 гадоў яго колькасць скарацілася практычна ў два разы. Стан папуляцый арлана-белахвоста, дамавога сыча, залацістай шчуркі, драча палепшыліся, і катэгорыю прыродаахоўнага статусу для іх мяркуецца панізіць.

Сярод рыб ручаёвую стронгу, верагодна, перавядуць з 2-й у 3-ю катэгорыю. А, як мяркуюць спецыялісты, з-за актыўнасці чужароднага ратана-галавешкі катэгорыю абарыгеннага віду — гальяна азёрнага вымушана павысяць з 3-й да 1-й.

Усе прапановы па прапанаваных змяненнях статусаў рэдкіх і знікальных відаў, адзначыў Аляксандр Чайкоўскі, будуць яшчэ абмяркоўвацца, і не толькі ў вузкім коле спецыялістаў, але і з прыцягненнем грамадскасці.

Адказваючы на пытанне карэспандэнта «Звязды» аб мэтазгоднасці правядзення ўліковых мерапрыемстваў па мядзведзі без звестак аб прыдатных для яго месцаў пасялення і нявызначанасцю пераважнай шчыльнасці звера на адзінку плошчы, Таццяна Жалязнова растлумачыла, што ўсё ж улікі — гэта крок да планамернай работы па кіраванні папуляцыяй. Сёлетні год фактычна трэці па ўліку мядзведзяў. Раней выкарыстоўваўся анкетны метад. Ён дапускаў вялікую хібнасць. У канцы мінулага года ў НПЦ па біярэсурсах была распрацавана новая методыка, якая прадугледжвае большую дакладнасць. Яе апрабуюць сёлета. Выкарыстоўваючы актуалізаваныя даныя, у якіх павінны будуць знайсці адлюстраванне як колькаснае, так і геаграфічнае размеркаванне асобін, распрацуюць план кіравання папуляцыяй. Пры гэтым спецыяліст Мінпрыроды акцэнтавала ўвагу на тым, што ў выпадку ўзнікнення праблемных сітуацый з буйным драпежнікам механізмы вырашэння канфлікту працуюць ужо сёння. Камісіі, створаныя ў мясцовых органах улады, маюць права прымаць рашэнні, аж да выдалення з асяроддзя пасялення агрэсіўных асобін.

Андрэй КАРАБЕЛЬНІКАЎ

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Адукацыя

Наталля Карчэўская: Культуры патрэбны прыток новых людзей

Наталля Карчэўская: Культуры патрэбны прыток новых людзей

Рэктар БДУКМ — пра падрыхтоўку прафесійных кадраў для ўстаноў культуры.

Грамадства

Батанічны сад — месца, напоўненае спакоем і прыгажосцю

Батанічны сад — месца, напоўненае спакоем і прыгажосцю

Прагуляліся па квітнеючым Цэнтральным батанічным садзе: расказваем аб уражаннях

Грамадства

Ці забяспечваецца ахова грамадскага парадку на Мінскім моры?

Ці забяспечваецца ахова грамадскага парадку на Мінскім моры?

Пра гэта даведаліся карэспандэнты «Звязды».

Гандаль

Кандытарскія вырабы — брэнд беларускай харчовай прамысловасці

Кандытарскія вырабы — брэнд беларускай харчовай прамысловасці

Напярэдадні Міжнароднага сімпозіума кандытараў эксперты расказалі аб планах і перспектывах кандытарскай галіны.