Вы тут

Курс маладога байца для дэпутата


У аграгарадку Яроміна Гомельскага раёна Аляксандр Курэц з сям’ёй жыве чацвёрты год. За гэты час малады бацька сямейства паспеў праявіць сваю актыўную грамадзянскую пазіцыю і заваяваў давер людзей. Аляксандра спачатку выбралі старшынёй Маладзёжнага савета пры Яромінскім сельвыканкаме, а пасля на выбарах дэпутатаў мясцовых Саветаў у адзіны дзень галасавання — дэпутатам Яромінскага сельскага Савета дэпутатаў. Ён самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.


Не ў службу, а ў дружбу

Аляксандр Курэц — начальнік пажарнай аварыйна-ратавальнай часці Веткаўскага раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях. Сам родам з Віцебскай вобласці. Скончыў Гомельскі ўніверсітэт грамадзянскай абароны МНС Рэспублікі Беларусь. На Гомельшчыне маладым курсантам знайшоў сваё сямейнае шчасце. Пасля вучобы чатыры гады служыў у Жлобінскім раёне. 

Па месцы службы мужа-ратавальніка паехала працаваць і маладая жонка Аляксандра — Аліна Курэц. Яна ўрач-акушэр-гінеколаг. 

У сям’і падрастае сын Макар, а два месяцы таму ў маладых бацькоў нарадзілася дачка Арына. Жыве сям’я ратавальніка і ўрача ў аграгарадку Яроміна Гомельскага раёна. Менавіта з пераездам у сельскую мясцовасць зусім нечакана для маладога бацькі і прафесійнага ратавальніка пачалася яго грамадская дзейнасць.

— Я вясковы, і ў горадзе на паверсе мне было вельмі цяжка, калі жылі ў Гомелі. Купілі спачатку лецішча ў Гомельскім раёне, а потым і жонцы, якая была выключна гарадскім чалавекам, так спадабалася загараднае жыццё, што сталі шукаць дамок у вёсцы, — згадвае Аляксандр. — Рады, што пасяліліся ў Яроміне. Гэта, вядома, вельмі буйны сельскі населены пункт, ёсць абсалютна ўся інфраструктура, каб жыць і гадаваць дзяцей.

З юнацтва вельмі актыўны, Аляксандр, як толькі пераехаў жыць на новае месца, падпісаўся на профіль Гомельскага раёна ў сацыяльнай сетцы. Цікавіўся фатаграфіямі і ролікамі аб мерапрыемствах у розных вёсках.

— Мне спадабалася, што можна пабачыць, як і чым жывуць людзі ў розных населеных пунктах, але было мала навін аб нашым Яроміне, і я напісаў аб гэтым каментарый да аднаго з пастоў. Не ведаў тады, хто мадэрыруе профіль, як гэта ўвогуле адбываецца, і здзівіўся, што мне вельмі аператыўна адказалі. Адказаў жыхар нашага Гомельскага раёна, вядомы актывіст, старшыня камісіі па рэгіянальнай палітыцы і ўзаемадзеянні з органамі мясцовага самакіравання Маладзёжнага парламента пры Нацыянальным сходзе Рэспублікі Беларусь Станіслаў Сямёнаў. Ён прапанаваў сустрэцца, — расказвае Аляксандр.

Хапіла паўгадзіны размовы з самым вядомым маладым актывістам Гомельскага раёна, каб заразіць прафесійнага ратавальніка жаданнем распачаць свой першы грамадскі праект. Аляксандр пазнаёміўся з кіраўніцтвам Яромінскага сельсавета. У хуткім часе яго выбралі старшынёй маладзёжнага савета пры сельвыканкаме. Дапамагаў у арганізацыі суботнікаў і розных мерапрыемстваў у аграгарадку. Паралельна стварыў і пачаў весці групу ў сацыяльнай сетцы для жыхароў сельсавета. Літаральна за пару месяцаў вясковая анлайн-суполка Аляксандра Курца аб’яднала больш за 600 чалавек.

Вясковы эфір

— З-за таго, што ў жыхароў нашых увогуле не было ніякай агульнай групы, асноўны мой пасыл быў у вырашэнні штодзённых пытанняў, інфармацыйная дапамога. Пачаў з самага простага, а, як аказалася, важнага для нашых жыхароў — кантактнай інфармацыі ўсіх сацыяльна значных аб’ектаў. Прасоўваў групу, дарэчы, спачатку праз бацькоўскія чаты школы і спартыўных гурткоў, куды ходзіць мой сын. Даслаў запрашэнні далучыцца ў групу. Сёння, крыху больш чым за год існавання, у нашай групе 1400 чалавек, — тлумачыць Аляксандр.

Іх група — адлюстраванне жыцця ў аграгарадку: ад фотарэпартажаў з усіх масавых свят да важнай інфармацыі ад адказных службаў. Вядзе групу Аляксандр Курэц самастойна.

— Некалькі разоў з моманту заснавання групы праводзіў сацыяльныя апытанні, што людзі хочуць бачыць у ёй. Было важна, каб чат не ператвараўся ў «барахолку», куды скідаюць аб’явы аб продажы. За гэтым трэба было асабліва спачатку сачыць і папярэджваць, што група гэта інфармацыйная. Прапанаваў праз галасаванне вызначыць, што для нас кантэнт дарэчны і што — недарэчны. У «бане» ў нас паштоўкі, якія засмечваюць «эфір». Але людзі, напрыклад, прагаласавалі за аб’явы аб правядзенні кірмашоў, рэалізацыі прадукцыі сельгаспрадпрыемстваў на тэрыторыі нашага сельсавета. Просяць размяшчаць інфармацыю аб вакансіях на прадпрыемствах, якія працуюць на тэрыторыі нашага сельсавета. Пішу таксама аб’явы ад камунальных прадпрыемстваў: калі, напрыклад, будзе адключэнне святла і на якіх вуліцах, інфармую аб прыёме ўчастковага інспектара міліцыі і шмат яшчэ аб чым, што хвалюе і цікавіць нашых жыхароў, — дадае малады дэпутат.

Рабіць камандай

Калі Аляксандр прыняў рашэнне вылучыць сваю кандыдатуру ў дэпутаты сельскага Савета дэпутатаў, пайшоў па дамах збіраць подпісы, а заадно правёў жывое апытанне ў людзей, ці карысная для іх група, якую ён вядзе. Крытычныя заўвагі былі, але жыхары Яроміна адназначна падтрымалі такі сацыяльны праект Аляксандра.

— У жыцці нашага аграгарадка такі анлайн-камунікат рэальна прыносіць свой плён. Напрыклад, у групе ўзнялі праблему захламленасці завулка паміж вуліцай Новай і школай. Вырашылі сабрацца і навесці парадак на дарозе, па якой ходзяць нашы дзеці. Правялі міні-суботнік — і ўсё, праблему вырашылі. Плённае выкарыстанне групы і як пляцоўкі, дзе можна падзяліцца інфармацыяй, фатаграфіямі, відэа з мерапрыемстваў, якія праходзяць у нашым клубе, — кажа Аляксандр.

Да Дня абаронцаў Айчыны ён арганізоўваў вясковы чэмпіянат па падцягванні для хлапчукоў і іх тат. Спартыўную залу дала ДЮСШ Гомельскага раёна, а ахвотнікаў прыняць удзел у спаборніцтве Аляксандр склікаў таксама ў агульным чаце. Сам вырабіў дыпломы для ўзнагароджання. Нядаўна малады яромінскі дэпутат перадаў у сельскі клуб набыты няновы стол для настольнага тэніса. Работнікі яго падрамантавалі, пафарбавалі. Аляксандр таксама праз групу запрашае прыходзіць у клуб і гуляць.

— Паўплываць на развіццё свайго населенага пункта можа любы актывіст, які хоча працаваць з людзьмі, мае жаданне дапамагаць, і няважна, колькі яму гадоў, якая ў яго адукацыя, хто ён па прафесіі. Я, напрыклад, не хачу мірыцца з тым, што нашы дзеці шмат часу праводзяць у тэлефонах: яны такія ж актыўныя і энергічныя, як мы ў іх узросце, але і нам, дарослым, трэба паказаць прыклад спартыўнай актыўнасці. Не перастаю радавацца, колькі ўсяго ў нашым населеным пункце зроблена для дзяцей, каб яны вучыліся, займаліся спортам, развіваліся і фізічна, і творча. Як толькі ёсць магчымасць, іду з сынам гуляць у футбол на стадыён у нашым аграгарадку. Цяпер, як дачка нарадзілася, дык і яе ў калясачцы бяром з сабой. Вы б бачылі, колькі дзяцей збіраецца. Вельмі хацелася б, каб гэта ўсё падтрымлівалі і заўважалі бацькі. Заахвоціць іх таксама, думаю, дапаможа наша агульная група, — спадзяецца Аляксандр.

Дэпутат кажа, што і ў службе, і ў грамадскай рабоце сям’я — яго надзейны тыл: без падтрымкі жонкі Аліны не справіўся б.

— Цяпер у мяне новы этап у жыцці. Толькі вучуся, што значыць быць дэпутатам. На нейкім яшчэ юнацкім максімалізме вельмі шмат ідэй адразу хочацца ажыццявіць. Але я для сябе вызначыў, што працаваць варта разам камандай дэпутатаў, каб ідэі ўсе старанна абмяркоўваліся. Цяпер у мяне дэпутацкі курс маладога байца, яшчэ трэба вельмі шмат чаму вучыцца не толькі ў іншых народных выбраннікаў, але і ў людзей, што жывуць побач, — прызнаецца малады дэпутат.

Наталля КАПРЫЛЕНКА

Фота з архіва героя матэрыяла

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Захаваць. Нельга знесці

Захаваць. Нельга знесці

Знакі прыпынку нарэшце расстаўлены.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Стральцам на гэтым тыдні не трэба пераацэньваць сваіх магчымасцяў.