Вы тут

Ці можна ўжываць прыправы замест вітамінаў?


Спецыі калісьці былі даступныя толькі для багатых, але сёння перац, каляндра, карыца, кмен, куркума ёсць на кухні амаль у кожнай гаспадыні. Расказваем пра некаторыя з самых карысных і дарагіх прыпраў, якія дзякуючы вялікаму ўтрыманню антыаксідантаў дапамагаюць не толькі захоўваць маладосць, але і супрацьстаяць такім сур’ёзным хваробам, як рак і сардэчна-сасудзістыя захворванні.

Якая прыправа самая дарагая ў свеце і ці апраўдвае яна свой кошт? Пра гэта і іншае расказвае нейрахірург, навуковы супрацоўнік аддзялення пухлін галаўнога мозгу РНПЦ анкалогіі і медыцынскай радыялогіі імя М. М. Аляксандрава, выкладчык кафедры неўралогіі і нейрахірургіі Інстытута павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кадраў аховы здароўя Беларускага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта Гумен Гарбанніджад.


— Калі казаць пра рэчывы, якія нас аб’ядноўваюць з далёкім мінулым, бо дайшлі ў нязменным выглядзе з часоў да нашай эры, то гэта прыправы. Некаторыя з іх выкарыстоўвалі ў Шумерскай цывілізацыі. Пра іх гаючыя ўласцівасці ведалі ў старажытныя часы. Спецыямі карыстаюцца цяпер і будуць ужываць у далейшым.

Адразу скажу: нягледзячы на тое што многія прыправы маюць сур’ёзныя лячэбныя ўласцівасці, імі цяпер не лечацца. Так, яны могуць прыносіць карысць арганізму, але для лячэння ў XXІ стагоддзі ёсць сучасныя лекі.

Цар усіх прыпраў — шафран. Гэта самая дарагая на нашай планеце спецыя. Кілаграм сапраўднага шафрану каштуе больш як пяць тысяч долараў. Ён выкарыстоўваецца ў дарагіх рэстаранах.

Радзіма шафрану — Індыя, Кітай і Кашмір. Найбуйнейшымі экспарцёрамі шафрану ў свеце сёння з’яўляюцца Іспанія і Іран. Першыя запісы пра шафран знойдзены ў Шумерскай цывілізацыі каля 2700 гадоў да нашай эры.

Ужо каля тысячы гадоў таму старажытныя ўрачы яго выкарыстоўвалі ў якасці лекаў. Авіцэна казаў, што шафран павялічвае патэнцыю, верагоднасць зацяжарыць, змяншае дрэнны настрой і засцерагае нашу печань, таксама заспакойвае нервовую сістэму і дае добры сон.

Шафран у перакладзе гучыць як «залатыя ніткі». Атрымліваюць спецыю з рыльцаў кветак шматгадовай расліны пад назвай «пурпурны крокус». Сабраны шафран знешне нагадвае скрутак зблытаных нітак, колер якіх вар’іруецца ад цёмна-чырвонага да чырвона-цаглянага. Водар прыправа мае ярка выяўлены з лёгкімі ноткамі свежаскошанага сена.

Высокі кошт на гэтую спецыю тлумачыцца не толькі працаёмкім працэсам вытворчасці, але і абмежаванымі аб’ёмамі сыравіны. У адным кілаграме шафрану — больш чым 200 тысяч рыльцаў крокусу. Пры гэтым у адной кветцы іх усяго тры. Рыльцы збіраюць уручную, пасля сушаць. Вырошчваць, даглядаць кветкі, уручную сабраць — гэта вялікая праца. З плантацыі ў гектар можна атрымаць не больш чым 8–12 кг гатовай прыправы.

— Ці апраўдвае яна свой кошт?

— Шафран з’яўляецца моцным антыаксідантам. З усіх спецый тут ён лідар. Як вядома, адна з прычын старэння клетак — свабодныя радыкалы. Дзякуючы антыаксідантам шафран аслабляе іх разбуральнае ўздзеянне і замаруджвае працэсы старэння.

Таксама ён валодае супрацьракавымі ўласцівасцямі. Лічыцца, што шафран змяншае хуткасць размнажэння атыповых клетак у арганізме. Ён не знішчае ракавыя клеткі, але замаруджвае іх рост. Таксама ён павялічвае мужчынскую моц. У сучасных таблетках, якія прызначаюць для павелічэння патэнцыі, у саставе часта сустракаецца шафран.

Ён мае ў тым ліку і ўласцівасці антыдэпрэсантаў. Калі ўжываць невялікую колькасць шафрану, ён на кароткі час павышае настрой. Аднак трэба сказаць, калі з’есці некалькі грамаў такой спецыі, наступае перадазіроўка і гэта можа скончыцца смерцю.

— Колькі шафрану можна бяспечна ўжываць у дзень?

— Аптымальная доза — 30 міліграмаў, каб атрымаць тую карысць, аб якой мы казалі. Ва ўсходніх краінах шафран амаль штодзень выкарыстоўваецца ў розных стравах, і дэфіцыту яго няма. А ў еўрапейскіх краінах, ЗША гэта прыправа не так моцна распаўсюджана, але ён прадаецца ў капсулах. І ўрач дапаможа падабраць аптымальную дозу. Яго прызначаюць для ўмацавання імунітэту, павышэння патэнцыі, барацьбы са старэннем, прафілактыкі анкалагічных хвароб.

— Якія віды раку папярэджвае шафран?

— Зараз колькасць анкалагічных захворванняў расце. З дзесяці чалавек чатыры дакладна захварэюць на рак. Адзін з відаў анкалогіі, які моцна распаўсюджаны, у тым ліку ў ЗША, гэта рак тоўстага кішэчніка. Звязана тое з дрэннай якасцю ежы, ужываннем прадуктаў з вялікім утрыманнем цукру і фастфуду. Дык вось адначасова з лячэннем раку тоўстага кішэчніка прызначаюцца шафран у капсулах, ён да працэсу лячэння адносін не мае, але замаруджвае хуткасць росту пухліны ў тоўстым кішэчніку.

Таксама шафран мае добрыя ўласцівасці пры гінекалагічных хваробах. Увогуле раней на Усходзе жанчыны, якія мелі моцныя болі перад менструацыяй, ужывалі шафран, ён аблягчаў стан. І сёння ўсходнія жанчыны выкарыстоўваюць яго, хоць гэта нятанны сродак.

Акрамя таго, шафран мае аналагічныя ўласцівасці з кавай. Пах шафрану мае антыстрэсавыя і антыдэпрэсіўныя якасці. Ён актывізуе пэўныя ўчасткі ў галаўным мозгу, якія зніжаюць стрэс і аказваюць лёгкі антыдэпрэсіўны эфект. Кава мае падобныя ўласцівасці: калі мы чуем яе духмянасць, у нас таксама мяняецца настрой.

Лічыцца, што шафран паляпшае страваванне і карысны людзям, якія маюць праблемы са страўнікам. Некаторыя яго выкарыстоўваюць, каб зменшыць вагу. Наўпрост ён не мае ніякіх адносін для зніжэння вагі, але людзі, якія ўжываюць шафран у ежу, адзначаюць, што ў іх пачуццё сытасці наступае раней. Аднак гэтая ўласцівасць не ўніверсальная і не для ўсіх. У Амерыцы праводзіўся эксперымент, калі некалькім дзясяткам чалавек давалі таблеткі шафрану, але толькі некаторыя скінулі вагу і казалі, што пачуццё насычэння ў іх наступае хутка і есці не хочацца. Да таго ж пачуццё сытасці потым застаецца на больш працяглы час.

Як вядома, амаль чвэрць насельніцтва планеты пакутуе на сардэчна-сасудзістыя хваробы. Шафран змяншае колькасць халестэрыну і зніжае артэрыяльны ціск. Такім чынам ён абараняе сценкі сасудаў ад атэрасклератычных бляшак. Улічваючы, што пры зніжэнні артэрыяльнага ціску сэрцу лягчэй працаваць, можна сказаць, што шафран паляпшае кровазварот у арганізме і ў каранарных артэрыях.

Тры асноўныя сродкі, якія сучасная медыцына рэкамендуе для прафілактыкі хваробы Альцгеймера: куркума, вітамін D і шафран. Апошні — самы галоўны з іх.

— Ці ёсць прыправа, блізкая па сваіх якасцях да шафрану і пры гэтым больш даступная?

— Гэта куркума. Яна прыйшла з Індыі. Са старажытных часоў яна выкарыстоўвалася і ў Індыі, і ў Тайландзе, што пацвярджаецца старажытнымі запісамі. Толькі ў Сярэднявеччы яна дабралася да Еўропы. Паколькі шафран там быў вядомы сваімі карыснымі ўласцівасцямі даўно і яго выкарыстоўвалі ў медыцыне, то куркума, падобная яму па ўласцівасцях, атрымала назву «індыйскі шафран». Яна вырабляецца з кораня куркумы доўгай. Таксама выкарыстоўваецца ў сумесі прыправы кары. Яна таксама валодае антыаксідантнымі ўласцівасцямі, хоць і ў меншай ступені, чым шафран.

У 1501 годзе партугальцы трапілі ў Індыю і, ацаніўшы смак індыйскай ежы з духмянымі пахамі, запоўнілі свае караблі куркумой, так яна трапіла ў Еўропу. У той час у Еўропе асноўнай прыправай была соль і, магчыма, перац, і па сучаснай смакавай шкале ежа была нясмачнай. Еўрапейцы навучыліся дадаваць куркуму ў свае стравы, бо зразумелі, што яна мяняе колер ежы, надае новы смак і водар.

На Усходзе яна дадаецца ў многія стравы, нават робяць чай з куркумы. У Еўропе яна не так шырока выкарыстоўваецца, таму еўрапейскі і амерыканскі варыянт — куркума ў таблетках, капсулах і ў якасці біядабавак.

Трэба сказаць, што ў Індыі і Кітаі куркуму выкарыстоўваюць як лекі ў альтэрнатыўнай медыцыне да цяперашняга часу. Лічыцца, што яна амалоджвае скуру, змяншае боль у суставах пры рэўматызме, паляпшае стан страўнікава-кішачнага тракту. Улічваючы, што куркума мае моцныя супрацьзапаленчыя ўласцівасці, яна змяншае працэс хранічнага запалення ў арганізме.

Куркума самастойна дрэнна засвойваецца, і яе карысныя ўласцівасці мінімальныя, калі не змешваць спецыю з чорным перцам. З гэтай прычыны ва ўсіх біядабаўках з куркумой ёсць чорны перац.

Куркумін, які ўтрымліваецца ў куркуме, добра актывізуе перадачу нервовых імпульсаў паміж аксонамі і ў сувязі з гэтым лічыцца добрым сродкам для прафілактыкі хваробы Альцгеймера. Паколькі яна мае моцныя супрацьзапаленчыя ўласцівасці, то змяншае запаленчы працэс у сценках сасудаў. Таму людзі, які пастаянна ўжываюць куркуму, маюць больш здаровыя сасуды. Як і шафран, яна спрыяе здароўю каранарных артэрый.

— Ці замаруджвае яна, як і шафран, рост ракавых клетак?

— Так. Урачы пакуль не могуць адназначна сказаць, што яна неяк уплывае на лячэнне раку тоўстага кішэчніка, але з вялікай упэўненасцю сцвярджаюць, што спрыяе замаруджванню росту некаторых атыповых клетак. Таксама куркума станоўча дзейнічае пры лячэнні артрозу і артрыту, мае антыдэпрэсіўныя ўласцівасці і замаруджвае працэсы старэння.

Штодзённа можна ўжываць ад 500 да 2000 міліграмаў гэтай спецыі. Звычайна прызначаецца 600 міліграмаў тры разы на дзень. Аднак ёсць індывідуальная генетычная непераноснасць куркумы. Людзі з ёй не могуць ужываць больш чым 1000 міліграмаў куркумы ў суткі. Яна выклікае моцнае ўздуцце жывата і боль у эпігастральнай вобласці. Такім людзям непажадана яе ўжываць нават у звычайнай дозе. Адзінага меркавання ў медыкаў наконт ужывання куркумы цяжарнымі жанчынамі няма, таму ім лепш параіцца з урачом.

Пра дзве іншыя не менш карысныя прыправы — карыцу і каенскі перац — чытайце ў бліжэйшых нумарах «Звязды».

Алена КРАВЕЦ

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе адметны фестываль песні і паэзіі ў Маладзечне?

Чым сёлета будзе адметны фестываль песні і паэзіі ў Маладзечне?

Арганізатары і ўдзельнікі свята запэўніваюць — знайсці сабе адпачынак па душы зможа кожны.

Экалогія

У Беларусі пабудуюць 30 рэгіянальных смеццеперапрацоўчых заводаў

У Беларусі пабудуюць 30 рэгіянальных смеццеперапрацоўчых заводаў

Агульная плошча звалак у Беларусі займае каля 4 тысяч гектараў. 

Грамадства

Ірына Даўгала: Сям’я для беларусаў застаецца найвышэйшай каштоўнасцю

Ірына Даўгала: Сям’я для беларусаў застаецца найвышэйшай каштоўнасцю

«Сям’я закладвае ў чалавеку мараль, здольнасць спраўляцца з выпрабаваннямі, патэнцыял для развіцця, яна навучае любові, самаахвярнасці, культуры».