Вы тут

Як загараджальная пабудова на беларуска-польскай граніцы ўплывае на Белавежскую пушчу?


27 сакавіка рэактыўная маніторынгавая місія ЮНЕСКА/МСАП, якая праводзіць ацэнку ўздзеяння загараджальнай пабудовы на беларуска-польскай граніцы, завяршыла сваю работу ў Беларусі. На працягу чатырох дзён міжнародныя эксперты сумесна з прадстаўнікамі Мінпрыроды, Кіраўніцтва справамі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, Камітэта дзяржкантролю, Дзяржпагранкамітэта, ДПУ «Нацыянальны парк «Белавежская пушча», органаў мясцовага самакіравання і грамадскасці даследавалі частку пушчы на тэрыторыі Брэсцкай і Гродзенскай абласцей.


Як расказаў на выніковай прэс-канферэнцыі першы намеснік міністра прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Аляксандр Корбут, у студзені 2022 года без правядзення неабходных будаўнічай і экалагічнай экспертызы польскі бок пачаў узвядзенне агароджы, якая праходзіць у тым ліку і па тэрыторыі трансгранічнага аб’екта Сусветнай спадчыны ЮНЕСКА «Белавежская пушча». У чэрвені таго ж года аб’ект, які складаецца з бетону, жалеза і калючага дроту, быў завершаны.

На думку беларускіх вучоных, з-за штучнага раздзялення пушчы і ўзведзенага загараджальнага збудавання ўзнікла рэальная пагроза існаванню рэдкіх і асабліва каштоўных прыродных комплексаў. Парушэнне глебавага покрыва прыводзіць да змены ўзроўню грунтавых вод, што, у сваю чаргу, можа прывесці да гібелі стараўзроставых лясоў, дэградацыі забалочаных тэрыторый і водна-балотных угоддзяў. Блакіраванне сталых міграцыйных калідораў буйных млекакормячых, падзел папуляцый рысі і ваўка негатыўна адбіваюцца на стане біяразнастайнасці рэгіёна. Транспартны трафік, які павялічыўся, служыць патэнцыяльнай пагрозай для распаўсюджвання інвазійных відаў раслін, у першую чаргу гэта сумнік канадскі.

Беларускі бок яшчэ на этапе прыняцця польскім бокам рашэння аб узвядзенні агароджы шматразова звяртаўся ў міжнародныя прыродаахоўныя структуры ААН з патрабаваннем не дапусціць будаўніцтва, якое разбурае экасістэму Белавежскай пушчы. Аднак ніякай рэакцыі не было. І толькі ЮНЕСКА як арганізацыя, якая сапраўды добрасумленна і абсалютна непрадузята выконвае свае функцыі, адрэагавала і ўключыла ў парадак 45-й сесіі Камітэта Сусветнай спадчыны ЮНЕСКА пытанне аб стане трансгранічнага аб’екта «Белавежская пушча».

Дзякуючы гэтаму, у рамках выканання рашэння 45COM 7B.21, прынятага ў верасні 2023 года, была арганізавана цяперашняя маніторынгавая місія.

Кіраўнік аддзела прыроднай спадчыны Цэнтра сусветнай спадчыны ЮНЕСКА і супрацоўнік Міжнароднага саюза аховы прыроды (МСАП) вывучылі ўплыў загараджальнай пабудовы на цэласнасць асабліва ахоўнай прыроднай тэрыторыі — Белавежскай пушчы, яе экалагічныя функцыі, а таксама магчымасці перамяшчэння дзікіх жывёл. Таксама ў рамках работы місіі былі праведзены сустрэчы, дзе ўдзельнікі выказалі сваё бачанне праблемы, абмяняліся думкамі. Аднадушна было адзначана, што негатыўнае ўздзеянне на экасістэмы Белавежскай пушчы ўжо праяўляецца і з часам сітуацыя будзе толькі пагаршацца. У сваю чаргу міжнародныя эксперты пасля падрыхтоўкі справаздачы аб правядзенні рэактыўнай маніторынгавай місіі дадуць яе на азнаямленне беларускаму боку. А вынікі будуць разгледжаны падчас 46-й сесіі Камітэта сусветнай спадчыны ЮНЕСКА, якая пройдзе з 21 да 31 ліпеня бягучага года ў Дэлі (Рэспубліка Індыя).

Намаганні беларускага боку па захаванні каштоўнасці Белавежскай пушчы, паводле слоў начальніка галоўнага ўпраўлення экалагічнай палітыкі, міжнароднага супрацоўніцтва і навукі Мінпрыроды Таццяны Кананчук, не раз былі высока ацэнены міжнароднымі арганізацыямі. У той жа час яшчэ ў 2018 годзе Камітэтам сусветнай спадчыны ЮНЕСКА беларускаму і польскаму бакам было рэкамендавана ўзмацніць узаемадзеянне па ахове адзінага аб’екта і прыняць сумесны план кіравання. Нягледзячы на неаднаразовыя спробы Мінпрыроды запрасіць польскі бок да распрацоўкі дадзенага дакумента, адказ да гэтага часу так і не паступіў. Таксама падчас падрыхтоўкі місіі Камітэт ЮНЕСКА прасіў Польшчу і Беларусь да 1 лютага 2024-га падаць сумесную справаздачу аб стане захаванасці аб’екта. Аднак з-за адмовы польскім бокам ад сумеснай дзейнасці справаздачы кожная краіна прадставіла паасобку.

Як адзначыла спецыяліст Мінпрыроды, міжнародныя эксперты разумеюць, што пакуль няма дыялогу паміж краінамі, у адзіночку беларускі бок не зможа забяспечыць захаванасць пушчы і яе ўнікальныя каштоўнасці. Але захоўваецца надзея, што ЮНЕСКА ўсё ж зможа выступіць пасрэднікам і пасадзейнічае аднаўленню міждзяржаўных кантактаў і сумеснай рабоце.

Завяршаючы прэс-канферэнцыю, Аляксандр Корбут канстатаваў, што цяпер мы стаім перад небяспекай знішчэння цэласнасці экасістэм Белавежскай пушчы. А прымаючы да ўвагі ўзаемасувязь усіх кампанентаў навакольнага асяроддзя і трансгранічны характар тэрыторыі, гэта можа ўяўляць пагрозу для экасістэм усяго еўрапейскага рэгіёна. Таму так важна даводзіць праўдзівую інфармацыю аб тым, што адбываецца, да ўсіх зацікаўленых бакоў. Мінпрыроды ў рабоце з ЮНЕСКА будзе кіравацца двума прынцыпамі: дзве краіны — адзін лес і навука і прырода — па-за палітыкай!

Андрэй КАРАБЕЛЬНІКАЎ

Фота аўтара

Загаловак у газеце: ​Дзве краіны — адзін лес

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Што абмяркоўвалі на нарадзе органаў мясцовага самакіравання Брэстчыны ў Пінскім раёне?

Што абмяркоўвалі на нарадзе органаў мясцовага самакіравання Брэстчыны ў Пінскім раёне?

Добраўпарадкаванне населеных пунктаў і навядзенне парадку на зямлі.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Стральцам на гэтым тыдні не трэба пераацэньваць сваіх магчымасцяў.