Вы тут

Беларускія навукоўцы расказалі пра новыя спосабы лячэння


Прататып штучнай печані, рэдагаванне геному клетак чалавека для тэрапіі спадчынных і анкалагічных захворванняў, віртуальная рэальнасць для лячэння галавакружэння — гэта не фантастыка, а тэхналогіі сённяшняга дня, створаныя нашымі вучонымі. Пра інавацыйныя метады лячэння і прафілактыкі, распрацаваныя апошнім часам у Беларусі, расказалі навукоўцы і медыкі.


Тэрапія віртуальнай рэальнасцю

Летась у клініках было ўкаранёна 977 новых метадаў. У ліку найноўшых распрацовак — тэхналогія атрымання дэвіталізаванага бясклетачнага матрыкса печані чалавека. Тэхналогія забяспечвае практычна поўнае выдаленне клеткавага кампанента з натыўнай тканкі без пашкоджання экстрацэлюлярнага матрыкса. Распрацаваная тэхналогія дае магчымасць ствараць прататыпы штучнай печані, у тым ліку для прымянення ў клінічнай практыцы. Як растлумачыла начальнік аддзела навукі Міністэрства аховы здароўя Маргарыта Досіна, прататып штучнай печані ўжо прымяняецца ў Мінскім навукова-практычным цэнтры хірургіі, транспланталогіі і гематалогіі.

Яшчэ адна значная распрацоўка — выкарыстанне асяроддзя віртуальнай рэальнасці для лячэння пацыентаў з галавакружэннем. Распрацаваны спецыяльны віртуальны комплекс. На пацыента адзяваюць спецыяльны шлем і задаюць праграму, якая дазваляе паскорыць працэс рэабілітацыі і знізіць галавакружэнне. Пацыент трапляе ў віртуальнае асяроддзе. Выконваючы некалькі зададзеных задач, ён стабілізуе становішча цела ў прасторы.

А два новыя метады — лячэнне і медпрафілактыка цяжкіх форм бронхалёгачнай дысплазіі ў неданошаных дзяцей, а таксама лячэнне парушэнняў псіханеўралагічнага развіцця ў неданошаных дзяцей — увогуле ўнікальныя для ўсяго свету. Напрыклад, метад лячэння і медпрафілактыкі цяжкіх формаў бронхалёгачнай дысплазіі выкарыстоўваўся ў васьмі дзяцей, якія нарадзіліся ў тэрміне ад 22 да 32 тыдняў. У дзяцей з нізкай і экстрэмальна нізкай масай цела, якія атрымалі клетачную тэрапію, цяжкіх формаў бронхалёгачнай дысплазіі не развілося. Працягваецца назіранне і прымяненне гэтага прадукту.

Клетачная тэрапія паказала сваю эфектыўнасць і пры лячэнні парушэнняў псіханеўралагічнага развіцця ў неданошаных дзяцей, якія нарадзіліся на гэтым жа тэрміне. Пацыенты назіраюцца на працягу чатырох гадоў.

У гэты перыяд ніводнае дзіця не атрымала інваліднасці. Да года дзеці дасягаюць такога ж стану, як і даношаныя дзеці. Такім метадам ужо пралечана 20 пацыентаў.

Сярод эфектыўных новых метадаў — лячэнне пацыентаў з рэфрактарнымі і рэцыдыўнымі формамі CD19-пазітыўных лейкозаў і лімфом з ужываннем анты-CD19 CAR-T-клетак чалавека, якое прымяняецца ў РНПЦ анкалогіі і медыцынскай радыялогіі імя М. М. Аляксандрава. А ў РНПЦ дзіцячай анкалогіі, гематалогіі і імуналогіі з 2021 года праводзіцца аднацэнтравое адкрытае праспектыўнае пілотнае клінічнае даследаванне анты-CD19 CAR-T-клеткавай тэрапіі пры рэфрактарным / рэцыдывіруючым вострым В-лімфабласным лейкозе ў дзяцей і маладых дарослых.

У РНПЦ псіхічнага здароўя распрацаваны метад лячэння пацыентаў з агульным расстройствам псіхалагічнага развіцця і спецыфічнымі расстройствамі развіцця маўлення і мовы ва ўзросце ад чатырох да дзесяці гадоў з прымяненнем транскраніяльнай магнітнай стымуляцыі і нейратрэнінгу. Гэты метад прымяняецца пры лячэнні дзяцей-аўтыстаў. Распрацаваны трэнінг дае магчымасць ім хутчэй сацыялізавацца.

Тэхналогіі будучыні

У Інстытуце біяарганічнай хіміі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі адзначаюць вялікія поспехі ў сінтэзе сінтэтычных генаў.

— Сінтэзуюцца дастаткова вялікія малекулы. Шэраг такіх сінтэтычных генаў за мяжой выкарыстоўваецца для лячэння найцяжэйшых спадчынных захворванняў. Прычым гэтыя прэпараты і курс лячэння для пацыента каштуе часам мільён долараў, — расказала намеснік дырэктара па навуковай і інавацыйнай рабоце — начальнік НВЦ «ХімФармСінтэз» Інстытута біяарганічнай хіміі НАН Беларусі Алена Калінічэнка.

Сам сінтэз і методыка лячэння вельмі няпростыя. Зрэшты, дзякуючы сучаснай тэхніцы і новым падыходам гэта стала менш працаёмка, чым было некалькі гадоў таму. Пры гэтым перспектывы ў тэхналогіі вельмі вялікія. Яна будзе даступна для атрымання саміх генаў. Гэтыя ж гены будуць скарыстаны як лекавы сродак для лячэння прыроджаных дэфектаў. Яны дапамагаюць выправіць дэфекты і нармалізаваць дзіця.

НВЦ «ХімФармСінтэз» вырабляе і прэпараты для лячэння анкалагічных захворванняў. Па некаторых з іх ён займае 20 працэнтаў расійскага рынку. Размова ідзе аб трох прэпаратах для лячэння раку.

— Цяпер мы рэгіструем яшчэ чатыры прэпараты ў Расіі, і, я думаю, нам удасца заняць добрую нішу. Гэта таксама анкалагічныя прэпараты, — адзначыла Алена Калінічэнка.

Мець шэраг пераваг на рынку дазваляе выбраная стратэгія — пачынаць вытворчасць з сінтэзу фармацэўтычных субстанцый. Менавіта дзякуючы гэтаму павялічыўся экспарт. Амаль 50 працэнтаў усёй прадукцыі, якая выпускаецца, ідзе пераважна на расійскі рынак. Цяпер Акадэмія навук рэалізуе на базе НВЦ інавацыйны праект па стварэнні новай вытворчасці.

НВЦ вырабляе ці арыгінальныя рэчывы, ці першыя джэнерыкі, што заўсёды вельмі цяжка.

— Як правіла, няма дакументацыі, фармакапеяй гэта не апісана, таму што кожная фірма захоўвае свае інтарэсы, — заўважыла Алена Калінічэнка. — Калі вы хочаце зрабіць найсучаснейшы прэпарат, вы павінны прарабіць той жа шлях, што і шлях арыгінала, гэта значыць пачынаць з нуля. Адзінае, вядома, што гэтая малекула будзе дзейнічаць на пэўнае захворванне. Калі б мы бралі гатовыя субстанцыі, напэўна, два гады займала б распрацоўка прэпарату. Мы пачынаем з атрымання субстанцыі, і гэта часта займае чатыры гады. Затое дае нам пэўную перавагу пры экспарце нашай прадукцыі ў Расію.

Тут жа распрацоўваюць тэхналогію пралангаванага вызвалення таблеткі. Яна дзейнічае не адразу, а праз некаторы час пасля таго, як чалавек прыняў лекі. НВЦ «ХімФармСінтэз» ужо мае досвед вырабу такіх таблетак, але цяпер тут асвойваюць новую тэхналогію. Гаворка ідзе аб прэпараце для лячэння рассеянага склерозу. На распрацоўку тэхналогіі спатрэбіцца тры-чатыры гады.

Гаворачы аб сінтэзе фармацэўтычных субстанцый, Алена Калінічэнка адзначыла, што хімікі НВЦ валодаюць рознымі метадамі і могуць або дастаткова эфектыўна распрацаваць новую тэхналогію або палепшыць тую, што існуе. У гэтым і ўнікальнасць НВЦ, што ён не закупляе гатовыя субстанцыі — кітайскія і індыйскія, а вырабляе свае ўласныя. Зрэшты, як аказалася, часам сінтэзаваць рэчыва больш выгадна, чым закупляць і чысціць.

Клетачныя прадукты супраць раку і дыябету

Інстытут біяфізікі і клетачнай інжынерыі НАН Беларусі актыўна развівае кірункі клетачнай тэрапіі, створаны арыгінальныя тэхналогіі вытворчасці біямедыцынскіх клетачных прадуктаў, у тым ліку тых, якія не маюць аналагаў у свеце.

У мінулым годзе тут паспяхова завяршылі клінічныя выпрабаванні дзевяці новых біямедыцынскіх клетачных прадуктаў для лячэння пацыентаў з рознымі захворваннямі, такімі як цукровы дыябет першага тыпу, рак мачавога пузыра, рак ныркі, гіпапаратэрыёз, цяжкія апёкі, сістэмны склероз, паліпозны рынасініт, дэфекты касцявой тканкі. У практычную работу лячэбных устаноў укаранёна дзесяць новых метадаў лячэння гэтых захворванняў.

Акрамя таго, у інстытуце ўпершыню ў Беларусі распрацаваны метады атрымання індуцыраваных плюрыпатэнтных ствалавых клетак з высокім патэнцыялам выкарыстання ў лячэнні шырокага спектра хвароб.

Распрацаваны таксама метады рэдагавання геному клетак чалавека для тэрапіі спадчынных і анкалагічных захворванняў.

Як адзначыў акадэмік-сакратар аддзялення медыцынскіх навук Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Васіль Богдан, акадэмічныя вучоныя актыўна супрацоўнічаюць з практычнай аховай здароўя па ўкараненні і выкарыстанні інавацыйных медыцынскіх тэхналогій.

Сумесна з Кубай, Індыяй і Кітаем

Высокі навуковы ўзровень стварэння лекаў у Беларусі пацвярджаецца пашырэннем геаграфіі навуковага супрацоўніцтва.

— Ствараюцца сумесныя даследчыя лабараторыі з калегамі з КНР. Можна прывесці прыклад стварэння сумеснай лабараторыі з магчымым выхадам на стварэнне сумеснага прадпрыемства калег з КНР і Гасразліковай доследнай вытворчасці Інстытута біяарганічнай хіміі, — расказаў акадэмік-сакратар аддзялення хіміі і навук аб Зямлі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Аляксей Труханаў.

Паводле яго слоў, пастаянна павялічваецца інтэнсіўнасць кантактаў з калегамі з Індыі, прычым сусветнымі фармлідарамі. У прыватнасці, прадпрыемства «Акадэмфарм» пастаянна вядзе перагаворы па пашырэнні наменклатуры прадукцыі. Таксама супрацоўнікі «Акадэмфарма» плануюць адкрыццё сумеснага прадпрыемства з калегамі з Кубінскай Рэспублікі.

— Усе нашы арганізацыі, якія ўваходзяць у фармакалагічны кластар, дастаткова цесна камуніцыруюць паміж сабой. Вучоныя-біяхімікі распрацоўваюць актыўныя формы лекавых сродкаў і перадаюць для вытворчасці на «Акадэмфарм», — адзначыў акадэмік-сакратар аддзялення. — Таксама мы камуніцыруем і на знешнім контуры з нашымі калегамі з Міністэрства аховы здароўя. Пастаянна ўзгадняецца спіс інавацыйных лекавых прэпаратаў, якія ўваходзяць у пералік тых, якія плануюцца да выпуску ў нашай краіне. На бліжэйшыя некалькі гадоў гэты пералік уключае ў прыватнасці па «ХімФармСінтэзе» 12 найменняў, па «Акадэмфарме» — 16.

Пры гэтым амаль на 100 мільёнаў рэалізавана прадукцыі па выніках завершаных распрацовак дзяржаўных навукова-тэхнічных праграм, паведаміў начальнік аддзела навуковага забеспячэння праграм і экспертызы ўпраўлення навукова-тэхнічнай палітыкі і экспертызы Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Віктар Парашкоў. У тым ліку экспарт склаў больш як два мільёны.

У галіне медыцыны і фармакалогіі асноўныя навукова-тэхнічныя распрацоўкі выконваюцца ў рамках дзвюх дзяржаўных навукова-тэхнічных праграм, дзяржаўным заказчыкам якіх з’яўляецца Міністэрства аховы здароўя. Адна з іх — «Навукова-тэхнічнае забеспячэнне якасці і даступнасці медыцынскіх паслуг» — накіравана на выкананне навукова-тэхнічных распрацовак літаральна ва ўсіх галінах аховы здароўя, у тым ліку ў кардыялогіі, анкалогіі, тэрапіі, хірургіі.

У ходзе дзяржаўнай навукова-тэхнічнай праграмы «Распрацоўка фармацэўтычных субстанцый, лекавых сродкаў і нарматыўна-прававога забеспячэння фармацэўтычнай галіны» распрацоўваюцца новыя як фармсубстанцыі, так і лекавыя сродкі, а таксама нарматыўная база па забеспячэнні вытворчасці гэтых прэпаратаў і рэчываў.

— Летась у рамках гэтых дзвюх праграм выконвалася 258 заданняў. Фактычна гэта набліжаецца да паловы ўсіх тых заданняў, якія выконваюцца ў рамках навукова-тэхнічных праграм. Гэта значыць, медыцына тут наперадзе ўсіх астатніх дзяржзаказчыкаў, — адзначыў Віктар Парашкоў.

Ён заўважыў, што фактычны аб’ём фінансавання гэтых дзяржаўных навукова-тэхнічных праграм у 2023 годзе склаў больш як 28,5 мільёна. Было распрацавана 77 новаўвядзенняў. Асноўная колькасць датычылася розных метадычных рэкамендацый, новых метадаў лячэння, а таксама новых фармацэўтычных прэпаратаў.

Акрамя таго, навукова-тэхнічныя распрацоўкі па медыцыне і фармацэўтыцы выконваюцца і ў рамках дзяржаўных праграм, такіх як «Здароўе народа і дэмаграфічная бяспека», «Навукаёмістыя тэхналогіі і тэхніка».

Алена КРАВЕЦ

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Што абмяркоўвалі на нарадзе органаў мясцовага самакіравання Брэстчыны ў Пінскім раёне?

Што абмяркоўвалі на нарадзе органаў мясцовага самакіравання Брэстчыны ў Пінскім раёне?

Добраўпарадкаванне населеных пунктаў і навядзенне парадку на зямлі.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Стральцам на гэтым тыдні не трэба пераацэньваць сваіх магчымасцяў.