Вы тут

Васілеўская правяла на МКС навуковы эксперымент, распрацаваны вучонымі БДУ


У нашы дні Беларусь захоплена космасам, а Марына Васілеўская стала Героем краіны і ў літаральным, і ў агульначалавечым сэнсе. Пра яе гавораць, пра яе пішуць, банеры з яе выявай красуюцца ў Мінску і не толькі. Аднак за фасадам усеагульнага свята хаваецца хоць і больш празаічная, але не менш знамянальная падзея: сваю касмічную місію першая жанчына-касманаўт у гісторыі суверэннай Беларусі выканала.


Як вядома, у праграме дванаццацідзённага палёту Васілеўскай было сем працоўных задач: два грамадска-адукацыйныя і пяць навукова-даследчых эксперыментаў. Касмічны эксперымент па даследаванні зямной паверхні, вывучэнні працэсаў і наступстваў прыродных і тэхнагенных з’яў і катастроф распрацоўвалі вучоныя БДУ і Інстытута фізікі НАН Беларусі. Дырэктар Навукова-даследчага інстытута прыкладных фізічных праблем імя А. М. Сеўчанка БДУ Пётр Кучынскі расказвае, як усё было.

— Гэты план мы, сумесна з Інстытутам фізікі НАН Беларусі распрацоўвалі каля года. У лік асноўных этапаў эксперымента ўваходзілі маніторынг сельскагаспадарчых і лясных угоддзяў беларускага Палесся, ацэнкі іх стану і ступені забруджанасці. І, дарэчы, для гэтага этапу выкарыстоўвалася навуковая апаратура, распрацаваная супрацоўнікамі нашага інстытута.

Комплекс для правядзення эксперымента складаецца з відэаспектральнай сістэмы (ВСС) і платформы яе навядзення «Сава». ВСС уяўляе сабой здымачнае абсталяванне для дыстанцыйнага зандзіравання Зямлі з космасу шляхам атрымання каляровых лічбавых фотавыяў аб’ектаў зямной паверхні і іншай спектральнай інфармацыі.

Работа гэтага апарата дазваляе адсочваць экалагічную сітуацыю на пэўных тэрыторыях і стан атмасферы над імі, выяўляць тэхнагенныя выкіды прамысловых прадпрыемстваў, сачыць за зменамі расліннага покрыва ў наваколлях гарадоў і зоне адчужэння Чарнобыльскай АЭС і іншае. Акрамя таго, у задачы ВСС уваходзіць выяўленне неспрыяльнага антрапагеннага ўздзеяння на навакольнае асяроддзе і фіксаванне ачагоў узгарання ў лясных масівах.

Для назірання за зямной паверхняй і правядзення здымкі апаратура размяшчаецца на ілюмінатарах МКС. Для аўтаматызацыі быў распрацаваны комплекс «Сава», які здольны кіраваць здымачнымі прыладамі ВСС дыстанцыйна, без удзелу аператара. Выглядае гэта так: касманаўт атрымлівае з Зямлі файл са спісам задач і загружае яго ў праграму кіравання сістэмы «Сава», якая сама разлічвае траекторыю МКС, час здымкі і вуглы навядзення на аб’екты, паварочвае здымачную апаратуру, дае каманду на здымку і ўтрымлівае аб’ект у поле зроку.

Вось такім чынам, здзяйсняючы эксперымент, Марына Васілеўская атрымала даныя па стане і экалагічнай сітуацыі ў беларускіх рэгіёнах. Гэта дасць магчымасць у найбліжэйшым будучым пабудаваць тэматычныя карты знятых тэрыторый, абнавіць базы даных, спрагназаваць наступствы прыроднага, антрапагеннага і тэхнагеннага ўплыву, выпрацаваць меры па іх устараненні і прадухіленні. Вынікі касмічнага эксперымента будуць выкарыстаны профільнымі міністэрствамі Беларусі.

Яшчэ ў рамках касмічнага эксперымента наша зямлячка пратэставала навуковае абсталяванне для далейшай карэкціроўкі параметраў здымачнай апаратуры і методык яе навядзення з дапамогай комплексу «Сава».

Алена ВІНАГРАДАВА

Фота Віктара ІВАНЧЫКАВА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Захаваць. Нельга знесці

Захаваць. Нельга знесці

Знакі прыпынку нарэшце расстаўлены.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Стральцам на гэтым тыдні не трэба пераацэньваць сваіх магчымасцяў.