Вы тут

Уважлівасць і правілы бяспекі — галоўны фактар зніжэння вытворчага траўматызму


Выпадкі траўміравання і гібелі на вытворчасці найчасцей здараюцца ў такіх галінах, як прамысловасць, сельская гаспадарка, будаўніцтва і транспарт. Па агульным траўматызме ў лідарах прамысловасць, смяротныя выпадкі найчасцей здараюцца ў будаўніцтве і сельскай гаспадарцы. Пры тым, што змяншаецца колькасць траўматызму па віне работніка і наймальніка, расце ўдзельная вага выпадкаў, калі работнік атрымлівае траўму па неасцярожнасці. На сёння гэта кожны пяты выпадак траўміравання. Напярэдадні свята працы спецыялісты падзяліліся лічбамі па колькасці траўм на вытворчасці і назвалі іх асноўныя прычыны.


Лепш не хаваць

Як адзначыў намеснік міністра працы і сацыяльнай абароны Ігар Старавойтаў, у 2022 годзе ў рамках Міжнароднай арганізацыі працы было прынята рашэнне, што пытанні аховы працы будуць аднесены да асноватворных нормаў у гэтай сферы.

Такім чынам, у кожнай краіне павінен быць вызначаны дзяржорган, які адказвае за такія пытанні. У Беларусі гэта Міністэрства працы і сацыяльнай абароны, яно з’яўляецца галоўным каардынатарам такой работы і надзелена правамі ў распрацоўцы нарматыўных прававых актаў.

— Галоўны дакумент — Закон аб ахове працы, прыняты ў 2008 годзе, які мы неаднаразова ўдасканальвалі і працягваем гэта рабіць. У план законапраектаў на 2025 год збіраемся ўключыць Закон аб ахове працы, каб удасканаліць асобныя моманты, перш за ўсё наяўнасць сістэмы кіравання аховай працы ў арганізацыях. Улічаючы, што галоўная задача — прафілактыка і выяўленне рызык, хочам гэту тэму развіць у законе, — падкрэсліў Ігар Старавойтаў.

Акрамя названага закона, прававая база па ахове працы ўключае больш за 100 нарматыўных дакументаў. 16 студзеня 2024 года быў прыняты чарговы дакумент — пастанова Савета Міністраў № 36, якая ўнесла змены ў правілы расследавання і ўліку няшчасных выпадкаў на вытворчасці. Ён выкладзены ў новай рэдакцыі і ўступіў у дзеянне з 26 студзеня.

Сярод навацый у дакуменце вызначана паняцце «грубая неасцярожнасць». Калі работнік яе дапускае, для яго наступаюць сур’ёзныя наступствы, у прыватнасці, ад гэтага залежаць выплаты, якія ён атрымлівае. Раней наймальнікі пры правядзенні самастойнага расследавання сутыкаліся з пэўнымі праблемамі. Новае паняцце дакладна тлумачыць многія моманты, у тым ліку звязаныя з алкагольным ап’яненнем. Атрыманне траўмы ў такім стане, дарэчы, таксама адносіцца да грубай неасцярожнасці. Акрамя таго, дакумент закранае новыя формы, у прыватнасці дыстанцыйную работу, і тлумачыць, як праводзіць расследаванне ў дадзеным выпадку.

Наглядным органам, які прымяняе пэўныя меры адказнасці, з’яўляецца Дэпартамент дзяржінспекцыі працы. Адказнасць за грэбаванне правіламі аховы працы прадугледжана ў Кодэксе аб адміністрацыйных парушэннях. Прычым не толькі для наймальніка, але і для работніка: за парушэнні ён можа быць прыцягнуты да адказнасці штрафам да пяці базавых велічынь.

Летась дэпартамент актыўна праводзіў наглядную дзейнасць: правёў 415 выбарачных пазапланавых праверак, 2465 маніторынгаў, 679 спецыяльных расследаванняў няшчасных выпадкаў на вытворчасці. І выявіў 42 тысячы парушэнняў, пасля чаго яны былі выпраўлены. Звыш 11 тысяч работнікаў было адхілена ад работы. Гэта людзі, якія або не прайшлі інструктаж па ахове працы, або знаходзіліся ў стане алкагольнага ап’янення.

— Такім чынам, у пэўнай ступені прадухілена 11 тысяч патэнцыяльна магчымых няшчасных выпадкаў, — адзначыў намеснік міністра. — Нярэдка наймальнікі хаваюць няшчасныя выпадкі на вытворчасці, хоць у адпаведнасці з правіламі яны павінны інфармаваць пра гэта дэпартамент. Калі выпадак няцяжкі, наймальнік сам праводзіць расследаванне, пры гэтым некаторыя наймальнікі сыходзяць ад гэтага, імкнуцца ўвайсці ў змову з работнікам і не расследаваць няшчасны выпадак. За мінулы год мы ўстанавілі 30 такіх выпадкаў, калі наймальнік імкнуліся іх схаваць. Адпаведныя службовыя асобы былі прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці.

У нашай краіне працягваюць працаваць мабільныя групы, якія створаны райвыканкамамі і гарвыканкамамі на месцах для аказання садзейнічання наймальнікам захоўваць меры бяспекі. Сёння дзейнічае 136 такіх мабільных груп, куды ўваходзяць усе наглядныя кантрольныя органы, але галоўная роля — у інспектараў Дэпартамента дзяржінспекцыі працы. Больш за 60% парушэнняў, якія ўстаноўлены, тычацца правіл аховы працы. Летась мабільныя групы правялі больш за 15 тысяч абследаванняў арганізацый, было устаноўлена 158 тысяч парушэнняў.

— Мы разумеем, што гэтыя парушэнні — патэнцыяльна магчымыя траўміраванні ці няшчасныя выпадкі. Па выніках работы мабільных груп выдаюцца адпаведныя рэкамендацыі, у пераважнай большасці выпадкаў яны выконваюцца. Выпадкі невыкання такіх рэкамендацый вельмі рэдкія, — адзначыў Ігар Старавойтаў.

Менш п’яных

Па колькасці няшчасных выпадкаў на вытворчасці летась зафіксавана некалькі станоўчых тэндэнцый. Перш за ўсё — зніжэнне колькасці выпадкаў гібелі на вытворчасці. 

У параўнанні з 2022 годам іх колькасць знізілася больш чым на 11% (у 2022-м было 132 смяротныя выпадкі, у 2023-м — 117). Назіраецца зніжэнне колькасці выпадкаў гібелі і ў стане алкагольнага ап’янення, прычым амаль на 60% (з 22 да 9 выпадкаў). Зафіксавана і зніжэнне агульнага траўматызму ў стане алкагольнага ап’янення — больш чым на 30% (з 81 да 55 выпадкаў).

Аднак ёсць і негатыўныя тэндэнцыі. На 4% вырас агульны траўматызм. Летась на вытворчасці было траўміравана 1850 работнікаў (1781 — у 2022-м). На гэта ёсць пэўныя прычыны, у прыватнасці, вырас траўматызм за кошт неасцярожнасці і няўважлівасці самога работніка пры адсутнасці шкоднага ці небяспечнага фактару.

Рост агульнага траўматызму летась назіраўся ў Гродзенскай, Мінскай і Магілёўскай абласцях. Што датычыцца частаты траўміравання на вытворчасці (гэта найбольш аб’ектыўны паказчык, які паказвае траўміраванне на 100 тысяч работнікаў), то па агульным траўматызме ён складае 50,3 (47,4 — у 2022 годзе). Затое знізіўся каэфіцыент са смяротным траўматызмам — з 3,5 да 3,2. Самы высокі каэфіцыент траўматызму, як агульнага, так і смяротнага, адзначаны ў Магілёўскай вобласці. Частата траўміравання складае 86, са смяротным зыходам — 4,3.

— Такія паказчыкі ў гэтым рэгіёне традыцыйныя, звязана гэта са структурай вытворчасці. Разам з тым мы звяртаем асаблівую ўвагу на сітуацыю ў вобласці, — патлумачыў намеснік міністра.

Станоўчыя зрухі

Сярод станоўчых момантаў — зніжэнне няшчасных выпадкаў па віне работадаўцы. Іх колькасць скарацілася з 21,9% у 2022 го-
дзе да 20,7% у 2023-м. У тым ліку і са смяротным зыходам: з 45,4% ў 2022-м да 43,4% у 2023-м.

— Гэта сведчыць пра тое, што работа, якая праводзіцца ў рамках аховы працы як дэпартаментам, так і выканкамамі, дае вынікі, — дадаў Ігар Старавойтаў.

Ёсць пазітыўныя зрухі і ў саміх работнікаў — яны таксама сталі больш берагчы патрабаванні па ахове працы. У выніку знізілася колькасць траўміраванняў па віне работніка — па агульным траўматызме (з 42,8% у 2022-м да 39,6% у 2023-м) і са смяротным зыходам (з 52,6% у 2022-м да 47,8% у 2023-м).

— Мы бачым тэндэнцыю як у адносінах наймальнікаў, так і ў адносінах работнікаў, яна станоўчая. У 2023 годзе ўдзельная вага парушэнняў, дзе прысутнічала віна або наймальніка, або работніка, знізілася з 64,7% у 2022 годзе да 60,3% у 2023-м. Тэндэнцыя пазітыўная, — заўважыў Ігар Старавойтаў.

За кошт чаго ж назіраецца рост? Як адзначаюць спецыялісты, узрастае ўдзельная вага тых выпадкаў, калі работнік атрымлівае траўму па неасцярожнасці. На сёння гэта кожны пяты выпадак траўміравання. Работнік не парушае правіл аховы працы, пры гэтым траўміруецца па ўласнай неасцярожнасці. Часта гэта адбываецца пры хадзьбе па роўнай паверхні, калі, напрыклад, работнік абуў непадыходзячы абутак і паслізнуўся. Але траўмы ў такіх выпадках, як правіла, няцяжкія.

Сярод лідараў — прамысловасць, сельская гаспадарка, будаўніцтва і транспарт

Сярод асноўных прычын траўміравання — парушэнне працоўный дысцыпліны і патрабаванняў па ахове працы з боку пацярпелых. Гэта чвэрць ад усіх выпадкаў траўміравання і 16% ад выпадкаў гібелі.

Як адзначае начальнік упраўлення аховы і дзяржаўнай экспертызы ўмоў працы Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Іван КАРЧЭЎСКІ, усе буйныя прадпрыемствы маюць выпадкі вытворчага траўматызму.

— Гэта нашы прамысловыя гіганты, дзе шмат работнікаў і вялікая колькасць тэхнікі і небяспечных відаў вытворчасцяў, тыя ж Мінскі трактарны завод, «Беларуськалій». Але няправільна лічыць, што там дрэнна арганізавана ахова працы. Той жа МТЗ рэгулярна займае прызавыя месцы ў аглядах-конкурсах, — звяртае ўвагу Іван Карчэўскі.

— На буйных прадпрыемствах пытанні па арганізацыі аховы працы якраз добра пастаўлены. Мы адчуваем гэта і па канферэнцыях, якія праводзім штогод. Прамысловыя гіганты абавязкова накіроўваюць сваіх спецыялістаў, дзе яны павышаюць кваліфікацыю, — дадаў Ігар Старавойтаў.

Сярод асноўных прычын гібелі — уздзеянне прадметаў і дэталяў, якія рухаюцца і разлятаюцца, у прамысловасці гэта станкі (27,6% ад усіх выпадкаў траўматызму). Таксама падзенні пацярпелага падчас перасоўвання (больш 18%), падзенні з вышыні (10% і ў апошнія 2-3 гады іх колькасць расце), ДТЗ (10%), падзенні і абрушэнні канструкцый будынкаў, абвалы (больш 7%).

Калі казаць пра віну наймальнікаў, то пераважная прычына — невыкананне кіраўнікамі і спецыялістамі сваіх абавязкаў па ахове працы. Калі па агульным траўматызме па гэтай прычыне адбылося 10% усіх выпадкаў, то са смяротным зыходам — амаль 15%.

— Атрымліваецца, што ў нас як з боку работніка, так і з боку наймальніка невыкананне сваіх непасрэдных абавязкаў і патрабаванняў па ахове працы ўплывае на тое, што адбываецца. Мае значэнне і асабістая неасцярожнасць, гэта 20,1% ад агульных прычын. Аднак гэта няцяжкія траўмы. Калі ж дадзеная прычына мае месца пры гібелі, то гэта ўсяго 2,9% выпадкаў, — прыводзіць лічбы Ігар Старавойтаў.

Сярод лідараў у вытворчым траўматызме — прамысловасць, сельская гаспадарка, будаўніцтва, транспарт. У агульным траўматызме прамысловасць займае 32%, сельская гаспадарка — 23%, будаўніцтва — 12%, транспарт — 7%. 

Са смяротнымі выпадкамі сітуацыя крыху іншая: у будаўніцтва — 26%, сельскай гаспадаркі — 25%, прамысловасці — 20%, транспарту — 15%. Каэфіцыент частаты траўмавання па агульным траўматызме самы высокі ў сельскай гаспадаркі — 149, ён у тры разы вышэйшы, чым у цэлым па краіне. Па смяротным траўматызме лідзіруе будаўніцтва — каля 15, што амаль у 4,5 раза вышэй, чым па краіне.

Бяспечная праца на працягу тыдня. А лепш — года

Праграма па ахове працы ўключана ў агульную праграму «Рынак працы і садзейнічанне занятасці насельніцтва» на 2021–2025 гады. Яна ўстанаўлівае паказчыкі, якіх неабходна дасягнуць. У прыватнасці, гэта скарачэнне колькасці работнікаў, занятых у шкодных умовах працы, і ўкараненне сістэмы кіравання аховай працы ў арганізацыях.

Летась колькасць работнікаў, занятых у шкодных умовах, склала 703 тысячы (гэта каля 16% ад занятых у эканоміцы), у параўнанні з 2020 годам іх лік скараціўся на 7,6% пры заданні ў 4%.

— Скарачэнне звязана з удасканаленнем тэхнікі і тэхналогіі — заменай машын, абсталявання, удасканаленнем сродкаў калектыўнай абароны. Дзесьці 12 тысяч выведзена з умоў уздзеяння павышанага шуму, — адзначае Іван Карчэўскі.

Сістэмы кіравання аховай працы ўкаранёны ў 95% арганізацый з колькасцю больш за 15 чалавек. Акрамя таго, праграма прадугледжвае мерапрыемствы, накіраваныя на прафілактыку вытворчага траўматызму. Сярод іх — «Тыдзень нулявога траўматызму». Праведзена 43 мерапрыемствы на абласным узроўні, 227 — на раённым і 162 — на галіновым. Тры рэгіёны не толькі падчас тыдняў нулявога траўматызму, але і ў цэлым не мелі ніводнага выпадку вытворчага траўматызму — гэта Калінкавічы, Брагінскі і Хоцімскі раёны.

Працягваецца практыка такіх прафілактычных мерапрыемстваў, як Год бяспечнай працы. Летась Год бяспечнай працы быў аб’яўлены ў прамысловасці.

— У арганізацыях, падпарадкаваных Міністэрству прамысловасці, летась не было ніводнага выпадку гібелі работнікаў на вытворчасці, а агульны траўматызм скараціўся на 10%. Нягледзячы на тое, што прамысловасць — адзін з лідараў па траўматызме, пры правільнай арганізацыі работы можна дасягнуць станоўчага выніку, — рэзюмуе Іван Карчэўскі.

Нагадаем, што 2024-ы ў будаўніцтве аб’яўлены Годам бяспечнай працы. Будзем спадзявацца, што станоўчыя вынікі не прымусяць сябе чакаць і ў гэтай галіне.

Алена КРАВЕЦ

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Зоркі абяцаюць шмат прыемных момантаў і добрых навін для Блізнятаў.

Памяць

Партызанскі ўнёсак у «Баграціён»

Партызанскі ўнёсак у «Баграціён»

Беларуская наступальная аперацыя пачалася 23 чэрвеня 1944 года.