Вы тут

У Віцебскай вобласці аднавілі конкурс на самага лепшага аратага


Сёлета на Шуміліншчыне ўдзел у сельскагаспадарчым спаборніцтве ўзялі дзевяць вопытных механізатараў. Падтрымала аграрыяў раёна Віцебская абласная прафсаюзная арганізацыя работнікаў аграпрамысловага комплексу.


Падчас вясенніх палявых работ і асабліва ў Год якасці такі конкурс прафесійнага майстэрства прыйшоўся як нельга дарэчы. Нягледзячы на тое што абы хто за стырно трактароў не садзіцца, выяўленне самага лепшага з найлепшых дае дадатковы стымул працаўнікам для яшчэ большых вытворчых дасяненняў.

На першым этапе ўдзельнікі адказалі на дваццаць тэарэтычных пытанняў: па асновах земляробства, раслінаводства, тэхналогіі і арганізацыі механізаваных работ; ахове працы; правілах дарожнага руху (па білетах Дзяржтэхнагляду). Затым механізатары спаборнічалі ў полі. Журы ацэньвала раўнамернасць узворвання па глыбіні, прамалінейнасць праходу, грабністасць паверхні, захаванне кантрольных ліній і разваротаў.

Пасля напружаных выпрабаванняў канкурсантаў чакала палявая кухня, да якой яны звыклыя ў сваёй рабоце. Арганізатары спаборніцтва на званне найлепшага аратага адзначылі, што такое мерапрыемства можа перайсці ў разрад традыцыйных, бо для працаўнікоў сельскай нівы важныя не толькі вытворчыя паказчыкі, але і ўсведамленне, што яны сапраўдныя майстры ў сваёй справе, якіх цэняць за стараннасць.

Пераможцаў выявілі ў двух катэгорыях. Імі сталі Віталь Антонаў з адкрытага акцыянернага таварыства «Прыазёрны свет» і Рыгор Кавалёў з унітарнага прадпрыемства «Шумілінскі райаграсэрвіс». Механізатары атрымалі дыпломы, каштоўныя падарункі і грашовыя прэміі.

Па словах намесніка старшыні камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванні Віцебскага аблвыканкама Мікалая Караткевіча, трэба адраджаць традыцыі і вяртацца да найлепшага. У першую чаргу падобныя конкурсы аб’ядноўваюць і стымулююць на больш высокія дасягненні. Ён пажадаў механізатарам з лёгкасцю прайсці пасяўную.

Спецыяльныя прызы ад галіновага прафсаюза атрымалі самы малады і самы вопытны механізатары. Сяргей Трошын з ААТ «АграБаравінка» ўпершыню прымаў удзел у конкурсе прафмайстэрства, але за стырном трактара ён ужо 15 гадоў. Выбар прафесіі ў бок сельскай гаспадаркі зрабіў па прыкладзе бацькі, які ўсё жыццё адпрацаваў механізатарам, і маці, якая таксама прысвяціла шмат гадоў гэтай галіне. У прадпрыемстве Сяргей займаецца ўзворваннем глебы, нарыхтоўкай кармоў і саломы. Пасля ўдзелу ў раённым конкурсе «Найлепшы араты — 2024» паабяцаў, што абавязкова вернецца ў наступным годзе, паспрабуе яшчэ раз узяць высокую аграрную вяршыню.

Самым вопытным механізатарам быў прызнаны Васіль Аглушэвіч з камунальнага ўнітарнага сельскагаспадарчага прадпрыемства «Ульскі», у якім ён працуе амаль чвэрць стагоддзя. Канкрэтна працы на трактары механізатар аддаў 15 гадоў, мужчына задзейнічаны на ўсіх этапаў падрыхтоўкі глебы. А летам вопытны кіроўца перасаджваецца на камбайн і збірае вынікі сваёй асенне-веснавой працы. Асаблівым сваім гонарам Васіль лічыць тое, што ўслед за ім яго 17-гадовы сын плануе паступаць у Беларускую дзяржаўную сельгасакадэмію.

Прафсаюзны лідар аграрыяў вобласці Таццяна Дзіканава падзякавала механізатарам за іх неацэнны ўклад у развіццё сельскагаспадарчай галіны паўночнага рэгіёна. «У перыяд усіх важных сельскагаспадарчых кампаній на перадавой з аграрыямі знаходзіцца і галіновы прафсаюз. Сёлета па выніку веснавых палявых работ будуць падводзіцца вынікі абласных спаборніцтваў па шасці намінацыях у залежнасці ад віду работ і прадукцыйнасці тэхнікі. Гэта, напрыклад, культывацыя глебы, унясенне угнаенняў. Таксама прафсаюз будзе сачыць за бяспекай механізатараў; кантраляваць, як яны забяспечаныя гарачым харчаваннем, спецадзеннем, сродкамі індывідуальнай абароны», — падкрэсліла Таццяна Мікалаеўна.

Аляксандра ГВОЗДЗЕВА

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Уважлівасць і правілы бяспекі — галоўны фактар зніжэння вытворчага траўматызму

Уважлівасць і правілы бяспекі — галоўны фактар зніжэння вытворчага траўматызму

Летась зафіксавана зніжэнне колькасці выпадкаў гібелі на вытворчасці. 

Грамадства

Ад чаго залежыць бяспека атракцыёнаў?

Ад чаго залежыць бяспека атракцыёнаў?

З пачатку года атракцыёны праверылі 43 разы.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.