Вы тут

Дарогамі вогненных вёсак


Сумесны праект — аўтапрабег «Сёстры Хатыні», прымеркаваны да 80-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, — рэалізуюць РГА «Патрыёты Беларусі» і тэлеканал АНТ. Місія ўдзельнікаў экспедыцыі, маршруты якой праходзяць па ўсёй краіне, — аддаць даніну памяці тым, хто стаў нявіннай ахвярай нацысцкіх карнікаў і іх памагатых.


Рэспубліканская акцыя стартавала ў Мінску 11 красавіка і працягнецца да 30 чэрвеня ўключна. Удзельнікі аўтапрабегу ўжо праехалі па населеных пунктах, якія назаўсёды засталіся толькі ў чалавечай памяці, Брэсцкай, Мінскай і Віцебскай абласцей. Паўночны рэгіён актывісты наведалі напрыканцы красавіка, адзначыўшы на сваім маршруце Полацкі, Віцебскі і Расонскі раёны.

На карце 80-дзённага маршруту ў тысячу кіламетраў — 37 малавядомых месцаў Беларусі. У месцах памяці і смутку ўдзельнікі экспедыцыі праводзяць мітынгі-рэквіемы, устанаўліваюць таблічкі з QR-кодам, на якім змяшчаецца інфармацыя аб аб’екце, займаюцца добраўпарадкаваннем. У памяць аб спаленых разам з жыхарамі вёсках у гады Вялікай Айчыннай вайны арганізаваны аўтамабільныя эстафеты з перадачай лампад з агнём з Хатыні. Такія акцыі гуртуюць жыхароў краіны, перакананы старшыня РГА «Патрыёты Беларусі» Мікалай Зарубіцкі:

— Праект «Сёстры Хатыні» яшчэ раз нагадвае пра злачынствы, учыненыя фашыстамі на нашай зямлі, і пра цану, якой дасталася нам незалежнасць. Па дарозе да калоны далучаюцца неабыякавыя людзі. Ёсць і тыя, хто ведае наш маршрут, і проста выходзяць павітаць.

Падчас прыбыцця ўдзельнікаў акцыі ў Віцебскую вобласць мітынг-рэквіем прайшоў у вёсцы Царова Полацкага раёна. У красавіку 1944 года акупанты спалілі тут усе дамы разам з жыхарамі. Пасёлак знік з твару зямлі як населены пункт, але назаўжды застанецца ў народнай памяці. Толькі на Полаччыне фашысцкія захопнікі знішчылі больш як 400 населеных пунктаў, 18 вёсак так і не змаглі адрадзіцца пасля вайны.

Вёску Велье Расонскага раёна фашысты знішчылі ў лютым 1943 года. На вяршыні брацкай магілы ўстаноўлены помнік, а каля падножжа на гранітных плітах выгравіравана 74 імені і прозвішчы загінулых дзяцей, маці, старых. У выніку карных аперацый на Расоншчыне акупанты знішчылі каля дзвюх тысяч мірных жыхароў, спалілі 199 вёсак, больш чым сто так і не адноўлена. Яны, у тым ліку і Велье, увекавечаны на мемарыяльным комплексе «Хатынь».

«У гісторыі Расоншчыны вайна пакінула страшны крывавы след, асаблівыя пакуты выпалі на долю мірнага насельніцтва, жыццё якога праходзіла ва ўмовах акупацыйнага рэжыму. Гэта велізарны боль. І важна захаваць памяць, перадаць яе наступным пакаленням, каб больш ніколі не паўтарылася тое, што перажылі нашы родныя. Няма ніводнай сям’і, якую не закранула б вайна», — адзначыў старшыня Расонскага райвыканкама Уладзімір Быкаў.

Сумная доля спасцігла і вёску Лычнева Віцебскага раёна: у ліпені 1942 года нямецка-фашысцкія захопнікі сцерлі яе з твару зямлі. Да пачатку Вялікай Айчыннай вайны тут жылі 185 чалавек. Улетку 1942 года карнікі забілі 144 жыхары і агнём цалкам знішчылі населены пункт. Галоўным фактарам акта бесчалавечнасці паслужыла тое, што вёска знаходзілася на тэрыторыі знакамітай Суражскай партызанскай зоны, якую ў немцаў не атрымлівалася захапіць. У 1988 годзе тут устанавілі мемарыяльны знак у памяць аб знішчаных жыхарах вёскі Лычнева. Яе ў ліку іншых можна ўбачыць у мемарыяльным комплексе «Хатынь». Цяпер на гэтым месцы ёсць шыльда з QR-кодам.

Аляксандра ГВОЗДЗЕВА

Фота ТК «Віцебскі раён. Афіцыйна»

Выбар рэдакцыі

Культура

Стасся Корсак: «Заставайцеся індывідуальнымі»

Стасся Корсак: «Заставайцеся індывідуальнымі»

Юная артыстка, якая арганічна падае сябе ў розных вобразах і жанрах. 

Жыллё

Па якіх крытэрыях дамы ўваходзяць у праграму па капрамонце?

Па якіх крытэрыях дамы ўваходзяць у праграму па капрамонце?

Пра ўсе тонкасці правядзення капітальнага рамонту расказалі спецыялісты.