Вы тут

Пункт адліку ў будаўніцтве будучыні


Аляксей Царык: Свята працы пад мірным небам

КСУП «Беражное» Столінскага раёна знаходзіцца ў самай глыбіні Палесся. Намеснік дырэктара гаспадаркі Аляксей Царык расказаў, як разам з усёй краінай яго калектыў уважліва сачыў за ходам Усебеларускага народнага сходу. «Выступленне кіраўніка дзяржавы, як заўсёды, вызначалася дакладнасцю і надзённасцю, — адзначыў ён. — Найважнейшай падзеяй Сходу стала зацвярджэнне Канцэпцыі нацыянальнай бяспекі і Ваеннай дактрыны. Мы змаглі ўпэўніцца, што новая Ваенная дактрына кардынальна не памяняла палажэнні ваеннай палітыкі дзяржавы. Захаваны яе абарончы характар».

Фота Лізаветы Голад

Важна, што мы заявілі ўсяму свету: «Беларусь — міралюбівая краіна, якая нікому не пагражае, але заўсёды можа даць адпор любой агрэсіі», лічыць намеснік кіраўніка сельскагаспадарчага прадпрыемства.

«Мы жывём недалёка ад граніцы з Украінай, дзе працягваюцца баявыя дзеянні. Многія з нашых жыхароў маюць на тым баку сваякоў, знаёмых, таму мы, як ніхто, жадаем міру суседняй дзяржаве і, як ніхто, цэнім мір», — падкрэсліў ён.

У «Беражном» завяршаецца пасяўная кампанія, тут займаюцца жывёлагадоўляй, вядзецца будаўніцтва і рэканструкцыя ферм, будуюцца і добраўпарадкоўваюцца жылыя дамы для працаўнікоў, набываецца новая тэхніка. «Пры гэтым, вядома, распрацоўваем планы далейшага развіцця і росквіту сельгаспрадпрыемства. Апошнім часам у нас ідуць угару эканамічныя паказчыкі, пакрысе расце заработная плата. Мы ўсе разам дружна працавалі на суботніку, пасадзілі дрэвы, кветкі, каб нашы вёскі прыгажэлі. Але галоўнай умовай для ажыццяўлення планаў, для захавання дасягнутага становіцца мірнае неба. Думаю, новая Ваенная дактрына дапаможа нашай краіне гэты мір захаваць», — падзяліўся Аляксей Царык.

— Памятаеце, як раней, у савецкі час, на транспарантах пісалі тры словы: «Мір, праца, май»? Вось і цяпер яны надзвычай актуальныя. Будзе мір — будзем працаваць і адзначаць свята працы ды іншыя святы, — падсумаваў суразмоўнік.

Людміла Аляксеева: Сведчанне сапраўднай грамадзянскай супольнасці

Усебеларускі народны сход пасля надання канстытуцыйнага статусу зацвердзіў яшчэ адзін інстытут удзелу беларусаў у палітычным жыцці краіны, звяртае ўвагу загадчык Заронаўскага дома культуры Віцебскага раёна Людміла Аляксеева.

Фота Аляксандры Гвоздзевай

Гэта дазваляе большай колькасці прадстаўнікоў розных галін народнай гаспадаркі і грамадства ў цэлым быць уцягнутымі ў заканатворчы працэс, лічыць яна. Такія ініцыятывы з’яўляюцца элементамі стварэння сапраўднай сталай грамадзянскай супольнасці. Людміла Аляксеева ўпэўнена, што абмеркаванне найважнейшых пытанняў у такім шырокім фармаце будзе садзейнічаць большай кансалідацыі нацыі, што жыццёва неабходна для дынамічнага, паступальнага развіцця, асабліва ва ўмовах узмацнення міжнароднай канфрантацыі.

Канстытуцыйны статус Усебеларускага народнага сходу, вышэйшага прадстаўнічага органа ўлады, пацвярджае той факт, што Беларусь за тры дзесяцігоддзі прайшла дастойны шлях сацыяльна-эканамічнага развіцця, усебаковага ўмацавання нацыянальнай бяспекі, дадае суразмоўца.

«На парадак дня былі вынесены найважнейшыя для нас пытанні — умацаванне ваеннай бяспекі краіны. Мы — міралюбівы народ, нікому не ствараем праблем, але патэнцыяльныя агрэсары павінны разумець, што мы зможам даць дастойны адпор, — падкрэслівае кіраўнік установы культуры. — Абарона краіны будзе мець усенародны характар, сказаў Прэзідэнт, і ў гэтым няма ніякіх сумненняў. Нам не патрэбны чужыя тэрыторыі, але і сваю зямлю мы не аддадзім. Гэты ўрок мы, беларусы, засвоілі яшчэ 80 гадоў таму».

Загадчык Дома культуры згодна са словамі Прэзідэнта ў тым, што ў дэлегатаў УНС няма права на памылку. «На кожным з нашых суайчыннікаў, народных прадстаўнікоў, ляжыць вялікая персанальная адказнасць. І не толькі ў іх, але і ў нас — кожнага грамадзяніна на сваім працоўным месцы — няма права падвесці ні адно з тых пакаленняў, якімі была пабудавана магутная краіна — Беларусь», — рэзюмавала яна.

Юрый Скрыпко: Рашэнні сходу закранаюць кожнага беларуса

Значная палітычная падзея не пакінула раўнадушным ніводнага беларуса, упэўнены генеральны дырэктар РУП «Кіруючая кампанія холдынга «Беларуская шкляная кампанія» Юрый Скрыпко.

Дэвіз сёлетняга УНС — «Час абраў нас» — вельмі сімвалічны і яскрава адлюстроўвае настрой холдынга «Беларуская шкляная кампанія», дадае яго кіраўнік.

«У сваім выступленні Прэзідэнт скіраваў усіх нас тое, каб захаваць статус моцнай нацыі, а гэта значыць, не схіляцца перад цяжкасцямі, ахоўваць суверэнітэт, быць моцнымі духам. Менавіта ў гэтым і ёсць сіла нацыі, — падкрэслівае Юрый Скрыпко. — Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу на галоўнае — беларусы імкнуцца да мірнага жыцця, стваральнай працы».

Беларусы могуць і павінны жыць добра. Але для гэтага, на думку Прэзідэнта, трэба адказна і якасна працаваць. Вельмі важна, што на маштабным форуме пастаўлены задачы на будучую пяцігодку. А яны выцякаюць з тых дасягненняў, якіх удалося дабіцца за апошнія некалькі дзесяцігоддзяў. Пасыл Сходу, па меркаванні генеральнага дырэктара, — цяпер трэба рабіць новыя крокі, ісці далей, замацоўваць найлепшае і прагрэсіўнае ў развіцці краіны.

«Адным з галоўных тэзісаў, на мой погляд, з’яўляецца дзяржаўны суверэнітэт і незалежнасць нашай краіны, — лічыць суразмоўца. — Гэта фундамент нашага грамадства, і яго нельга страціць. Прэзідэнт неаднаразова падкрэсліваў, што Усебеларускі народны сход — стабілізатар грамадства. У сучасным свеце неспакойна, вакол рубяжоў Беларусі ідзе нарошчванне ваенных магутнасцяў. У сувязі з гэтым дэлегатамі Сходу была зацверджана Ваенная дактрына і Канцэпцыя нацыянальнай бяспекі, што атрымалі такі шырокі рэзананс у грамадстве. Гэтыя пытанні грунтоўна былі разгледжаны падчас работы УНС».

Сёння, па словах Юрыя Скрыпко, мы з’яўляемся сведкамі падзеі, якая, безумоўна, увойдзе ў гісторыю. Гэта ў значнай ступені можна назваць пераломным момантам у навейшай гісторыі Беларусі. Тое, што УНС надаецца канстытуцыйнае права, адпавядае ўсім патрабаванням часу. У прадстаўнічым органе народнай улады ўвасоблены патэнцыял беларускай дзяржавы. Тым самым выконваецца прынцып дэмакратычнага грамадства, якое выступае за мір, згоду і развіццё.

«Толькі разам мы зможам вырашыць, як будзе развівацца дзяржава, — падкрэслівае суразмоўца. — Ніхто не можа дыктаваць нам, як жыць. У гэтым і ёсць дэмакратыя. Таму наперадзе чакае самае галоўнае — карпатлівая праца на карысць грамадства і кожнага беларуса. А УНС стаў своеасаблівым пунктам адліку ў далейшай сумеснай дзейнасці».

Дзмітрый Мурашка: Трымаем порах сухім

Шырокае грамадскае абмеркаванне прынцыпаў абароны нацыянальных інтарэсаў надзвычай важнае, падкрэслівае старшыня Гомельскай абласной арганізацыі Беларускага прафесійнага саюза работнікаў будаўніцтва і прамысловасці будаўнічых матэрыялаў, першы сакратар Гомельскага абласнога камітэта Камуністычнай партыі Беларусі Дзмітрый Мурашка.

«Для мяне як чалавека ваеннага, афіцэра міліцыі ў запасе тыя тэзісы, якія агучыў наш Прэзідэнт на Усебеларускім народным сходзе, вельмі хвалюючыя, — падзяліўся ён. — Не магу не адзначыць важнасць прадстаўленых Канцэпцыі нацыянальнай бяспекі і Ваеннай дактрыны краіны. Перакананы, што зацвярджэнне двух гэтых дакументаў — наш адказ на выклікі часу».

Старшыня абласной прафсаюзнай арганізацыі звяртае ўвагу на тое, што названыя дакументы носяць выключна абарончы характар і ні ў якім разе не наступальны. «Мы ніколі ў сваёй гісторыі ні на каго не нападалі, — нагадвае ён. — Для беларусаў на ментальным узроўні самае галоўнае — мір і спакой. Мы хочам мірна жыць і сябраваць з усімі, як гэта было ў часы Савецкага Саюза, калі разам суіснавалі 15 рэспублік».

Беларусь заўжды рада гасцям, звяртае ўвагу суразмоўца. Яе народ не ўпадае ў істэрыю, што можна ўбачыць у суседніх краінах. «Як наш Прэзідэнт адзначаў, там накіроўваюць неверагодныя сродкі на тое, каб ставіць заборы, узводзіць фарсіфікацыйныя збудаванні, рыць акопы. Пры тым, што гэтыя сродкі можна было б направіць на тое, каб падтрымаць краіны, людзей, якім насамрэч гэтыя сродкі неабходныя для нармальнага жыцця, — дзеліцца Дзмітрый Мурашка. — Беларусь не ставіць заборы, як некаторыя краіны. Але мы пільна сочым за тым, што адбываецца вакол нашых межаў, і трымаем порах сухім».

Суразмоўца паўтарыў выказаную кіраўніком нашай дзяржавы жыццёвую выснову: «Хочаш міру — рыхтуйся да вайны» — і падкрэсліў, што не трэба блытаць міралюбнасць з пацыфізмам. 

«У нас дастаткова моцныя ўзброеныя сілы. І, вядома ж, вайскоўцы выразна і зладжана выконваюць свае задачы, — звярнуў ён увагу. — Мне асабіста цягам трох тыдняў давялося праходзіць вучэбныя зборы тэрытарыяльнай абаронай. Паўтаралі тэорыю, адпрацоўвалі навыкі па ахове важных аб’ектаў інфраструктуры, забеспячэнні ваеннага становішча. Асабіста пераканаўся, якая сістэмная работа вядзецца ў нашых Узброеных Сілах. Пераканаўся чарговы раз у дальнабачнасці рашэнняў кіраўніка нашай дзяржавы».

Прэзідэнт імгненна зрэагаваў на негатыўныя перадумовы ў суседніх краінах, звяртае ўвагу Дзмітрый Мурашка. Ён згодны, што нельга ігнараваць сітуацыю, калі з трох бакоў нашу краіну акружаюць натаўскія войскі. Лічыць рашэнне Прэзідэнта праверыць ваенную падрыхтоўку афіцэраў і салдат запасу, узбраенне мудрым. «Мы павінны быць гатовы абараніць сваю Радзіму», — упэўнены суразмоўца.

Святлана ЯСКЕВІЧ, Аляксандра ГВОЗДЗЕВА, Маргарыта УШКЕВІЧ, Наталля КАПРЫЛЕНКА

Прэв’ю: БелТА

Выбар рэдакцыі

Культура

Стасся Корсак: «Заставайцеся індывідуальнымі»

Стасся Корсак: «Заставайцеся індывідуальнымі»

Юная артыстка, якая арганічна падае сябе ў розных вобразах і жанрах. 

Жыллё

Па якіх крытэрыях дамы ўваходзяць у праграму па капрамонце?

Па якіх крытэрыях дамы ўваходзяць у праграму па капрамонце?

Пра ўсе тонкасці правядзення капітальнага рамонту расказалі спецыялісты.