Вы тут

На Віцебшчыне прапаноўваюць аздараўленне па новай методыцы


Тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Віцебскага раёна адкрыў новы стацыянарны сацыяльны пункт для дапамогі інвалідам і пажылым грамадзянам, які стаў 256-м аб’ектам падобнай скіраванасці на карце вобласці. Увядзенне яго прымеркавана да Года якасці.


Новы кабінет размяшчаецца ў будынку УП «Элект» Віцебскай абласной арганізацыі грамадскага аб’яднання «Беларускае таварыства інвалідаў па зроку», памяшканне пад яго прадпрыемства дало бясплатна. Значную дапамогу ў набыцці абсталявання аказалі спонсары. Раней такі кабінет, толькі меншы па памерах, знаходзіўся ў будынку адміністрацыі ТЦСАН, а цяпер ён размяшчаецца на вуліцы Карла Маркса, 9а, па новым адрасе маецца больш прасторы для фізічнай актыўнасці. Набылі і новыя сенсарныя сцежкі, падвясны кокан-гамак, абсталявалі куток для заняткаў творчасцю.

Больш чым год таму Тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Віцебскага раёна пачаў аказваць новую паслугу — аздараўленне па методыцы слыхавой трэніроўкі «Тамаціс». Па-іншаму такі спосаб рэабілітацыі называюць педагогікай слухання. Тамаціс рэкамендуецца дзецям ва ўзросце ад двух гадоў, якія маюць праблемы з затрымкай моўнага і псіхамоўнага развіцця, гіперактыўнасцю і сіндромам дэфіцыту ўвагі, аўтызмам, эмацыянальным і афектыўнымі парушэннямі. Сэнс методыкі заключаецца ў наступным: у залежнасці ад дыягназу (і толькі па накіраванні ўрача) кожнаму пацыенту падбіраецца музычная кампазіцыя, якая пабудавана на гуках высокіх і нізкіх частот. Дзякуючы рэзкім пераходам стымулюецца кара галаўнога мозгу, узнікаюць новыя клеткі-нейроны і сувязі паміж імі. Акрамя таго, што гук перадаецца па паветры праз вуха, адначасова ад навушнікаў ідзе вібрацыя па косці, што ўзмацняе эфект успрымання. Але для Тамаціса ёсць свае перасцярогі — пухліны і кісты мозгу, эпілепсія.

Каб дасягнуць станоўчага эфекту, неабходна прайсці некалькі курсаў. Адзін — уключае ў сябе 14 заняткаў працягласцю ад 40 да 80 хвілін. Зручна, што падчас слухання музычных кампазіцый дзеці могуць маляваць, складваць пазлы, займацца фізічнай актыўнасцю або проста ляжаць — Тамаціс працуе сам. У 80 працэнтаў маленькіх пацыентаў, якія ўжо прайшлі некалькі курсаў у ТЦСАН, адзначаецца змена почырку, павышэнне канцэнтрацыі ўвагі, запуск моўных працэсаў. А гэта значыць, што мозг пачынае працаваць больш актыўна, і ўжо на гэтай падрыхтаванай глебе малое можа займацца з лагапедам.

За мінулы год некалькі курсаў педагогікі слухання прайшлі 23 дзіцяці. Псіхолаг аддзялення комплекснай падтрымкі ў крызісных сітуацыях ТЦСАН Віцебскага раёна Таццяна Кірылава правяла летась 305 індывідуальных заняткаў і гэта — далёка не мяжа. З кожным днём папулярнасць сацыяльнай паслугі расце, цяпер на заняткі ў стацыянарны сацыяльны пункт прыязджаюць не толькі жыхары Віцебска і раёна, але і Оршы, Гарадка, Шуміліна. Па словах дырэктара Кацярыны Лазоўскай, у паўночным рэгіёне толькі адзін тэрытарыяльны цэнтр Віцебскага раёна аказвае такую паслугу, таму яна і карыстаецца высокай папулярнасцю сярод бацькоў, якія выхоўваюць дзетак з асаблівасцямі здароўя. «Яшчэ па методыцы „Тамаціс“ аздараўліваюць у рэабілітацыйным цэнтры для дзяцей з ДЦП у Паставах. Паслугу прапаноўваюць у Мінску, аднак гэта патрабуе значных фінансавых укладанняў. Наш цэнтр прапануе сацыяльна нізкія тарыфы», — адзначае Кацярына Сяргееўна.

І не дзіўна, што чарга ахвотных поўнасцю распісана на красавік і май. Дарэчы, паслухаць карысную музыку могуць і дарослыя. 

У першую чаргу Тамаціс рэкамендуецца людзям пасля інсультаў, тым, у каго парушаны сон, маюць месца прафесійнае выгаранне і дэпрэсія. У прыватным парадку накіраванне ад спецыяліста не патрэбна, важна проста не мець супрацьпаказанняў. 

За мяжой практыкуюць вопыт выкарыстання Тамаціса пры хваробах Паркінсона і Альцгеймера.

Цяпер скарыстацца такой магчымасцю можна таксама ў новым пункце, акрамя таго, тут будуць займацца і людзі пажылыя. Для іх ТЦСАН плануе асвоіць новую форму абслугоўвання ў фармаце анлайн. Як расказала Кацярына Лазоўская, наведвальнікі цэнтра ў адным чаце змогуць знаёміцца, даведвацца пра конкурсы і новаўвядзенні ў сферы заканадаўства, наведваць музеі. 

У будучым кіраўніцтва плануе закупіць абсталяванне для развіцця дробнай маторыкі рук і ўстанавіць праектар. А ў пачатку лета будзе канчаткова рэалізаваны яшчэ адзін буйны праект ТЦСАН — «Даступны пляж» на возеры Доўжа для інвалідаў-калясачнікаў.

У паўночным рэгіёне працуе 256 стацыянарных і перасоўных сацыяльных пунктаў. Такая форма абслугоўвання насельніцтва карыстаецца попытам і паказвае эфектыўнасць сярод жыхароў аддаленых населеных пунктаў. У бягучым годзе плануецца адкрыць яшчэ 18 аб’ектаў.

Аляксандра ГВОЗДЗЕВА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Падарожжа па Радзіме: дзе можа адпачыць беларус?

Падарожжа па Радзіме: дзе можа адпачыць беларус?

Умець праводзіць вольны час цікава і з карысцю — свайго роду талент. 

Грамадства

Пачым на рынках прадаюць расаду?

Пачым на рынках прадаюць расаду?

Пакуль у продажы ў асноўным расада кветак, лекавых і духмяных раслін, дэкаратыўных кустоў, а таксама клубніц, суніц і «суніц-клубніц».

Грамадства

Як развіваецца прыдарожны сэрвіс краіны?

Як развіваецца прыдарожны сэрвіс краіны?

Зарадныя станцыі для электрамабіляў, дыстанцыйны заказ ежы, зоны адпачынку.