Вы тут

Якія яны, сучасныя дэсантнікі? Святы і будні «блакітных берэтаў»


Штогод 2 жніўня ў нашай краіне ўсенародна адзначаецца Дзень дэсантнікаў і сіл спецыяльных аперацый Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь. Раскажам аб тым, якія знакавыя падзеі адбыліся ў службе блакітных берэтаў у мінулым міжсвяточным годзе.


Армейскія міжнародныя гульні

Ваеннаслужачыя сіл спецыяльных аперацый, мабыць, больш за іншых прымаюць удзел у Армейскіх міжнародных гульнях у саставах розных каманд і кожны раз дасягаюць высокіх вынікаў. У прыватнасці, у конкурсах «Дэсантны ўзвод» і «Палярная зорка».

Конкурс «Дэсантны ўзвод» адбыўся ў жніўні 2022 года на тэрыторыі Алжырскай Народнай Дэмакратычнай Рэспублікі. Каманда ваеннаслужачых сіл спецыяльных аперацый Узброеных Сіл нашай краіны ў гэтым спаборніцтве заняла другое месца сярод каманд 16 краін: абышла каманды Кітая, Індыі, Расіі, уступіўшы толькі гаспадарам спаборніцтваў — дэсантнікам Алжыра.

А ў спаборніцтве па палявой вывучцы сярод падраздзяленняў спецыяльнага прызначэння «Палярная зорка», якое адбылося пад Брэстам, байцы нашых ССА прадэманстравалі не толькі шпаркасць у перамяшчэнні, трапнасць у стральбе, але і выдатную камандную работу. Скачкі з парашутам, пошук разведдадзеных, марш-кідкі, рух па азімуце, штурм будынкаў... Два тыдні цяжкіх выпрабаванняў — і ў выніку першае месца за беларускай камандай.

Новая тэхніка

Нашы Узброеныя Сілы планава атрымліваюць і асвойваюць новыя ўзоры тэхнікі. Датычыцца гэта і сіл спецыяльных аперацый. Так, у лютым бягучага года брэсцкія дэсантнікі атрымалі батальённы камплект БТР-82А, які ўключае ў сябе баявыя медыцынскія машыны, камплект кіравання (сувязныя машыны) і рамонтна-эвакуацыйныя сродкі. Усяго — каля 40 адзінак тэхнікі.

З атрыманнем новай ваеннай тэхнікі агнявая моц і баявыя магчымасці падраздзяленняў узраслі ўтрая. Найноўшыя комплексы спецыяльнай тэхнікі радыёэлектроннай барацьбы атрымала адно са сфарміраваных падраздзяленняў РЭБ ССА Узброеных Сіл. Комплексы дазволяць сілам спецыяльных аперацый выконваць задачы, якія стаяць перад імі, больш якасна, з улікам абстаноўкі, якая сёння складваецца.

Баявая падрыхтоўка 

У канцы сакавіка на палігоне «Лосвіда» і іншых участках мясцовасці адбылося брыгаднае тактычнае вучэнне са 103-й Віцебскай асобнай гвардзейскай паветрана-дэсантнай брыгадай. Манеўры праходзілі пад агульным кіраўніцтвам камандуючага сіламі спецыяльных аперацый Узброеных Сіл генерал-маёра Вадзіма Дзенісенкі. У ходзе вучэння актыўна выкарыстоўваўся досвед сучасных узброеных канфліктаў. Гэта датычылася абсталявання агнявых пазіцый і рубяжоў, пытанняў пастаўкі запасаў матэрыяльных сродкаў, выкарыстання манеўраных груп як у абароне, так і ў наступленні.

У вучэнні прынялі ўдзел і ваеннаабавязаныя. На пачатковым этапе ў рамках баявога зладжвання з імі прайшлі заняткі па баявой падрыхтоўцы. Удзельнікі збораў аднавілі навыкі, атрыманыя раней, а таксама набылі новыя веды і ўменні. Дарэчы, большасць ваеннаабавязаных раней праходзілі службу ў гэтай жа брыгадзе. Манеўры і ваенныя зборы паказалі, што Віцебшчына мае добра падрыхтаваны рэзерв запаснікоў, якія ў выпадку неабходнасці зоймуць сваё месца ў баявым страі. 

У 38-й Брэсцкай асобнай гвардзейскай дэсантна-штурмавой брыгадзе ў рамках комплекснай праверкі баявой гатоўнасці прайшлі ваенныя зборы з ваеннаабавязанымі. На зборы былі прызваны запаснікі Брэсцкай, Гомельскай і Гродзенскай абласцей. Усе яны ў мінулым служылі ў ССА. У кароткія тэрміны вайскоўцы запасу аднавілі неабходныя навыкі і прынялі ўдзел у некалькіх вучэннях з баявой стральбой і кантрольных занятках. У ходзе іх былі адпрацаваны дзеянні ў абароне. Акрамя гэтага падраздзяленні ваеннаабавязаных адпрацавалі задачы па пошуку і знішчэнні ў лясным масіве дыверсійна-разведвальных груп умоўнага саперніка, а таксама па ўзяцці асноўных аб’ектаў пад ахову і абарону.

«Доблесць і майстэрства»

Гэта найскладанейшае чатырохдзённае прафесійнае выпрабаванне штогод праводзіцца на палігоне «Лосвіда» 103-й асобнай гвардзейскай паветрана-дэсантнай брыгады. У бягучым годзе ўдзел у іспыты прынялі кандыдаты з воінскіх часцей сіл спецыяльных аперацый, Заходняга аператыўнага камандавання Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь і ўпершыню — прадстаўнікі дэсантна-штурмавых войскаў Рэспублікі Казахстан.

З больш як 90 ваеннаслужачых, сярод якіх былі тры дзяўчыны, права на нашэнне нагруднага знака «Доблесць і майстэрства» ўдастоены 14 чалавек. Сярод іх — два прадстаўнікі Узброеных Сіл Рэспублікі Казахстан. З атрыманнем нагруднага знака «Доблесць і майстэрства» ўзнагароджаным прысвойваецца класная кваліфікацыя «Майстар», якая не патрабуе пацверджання на працягу дзесяці гадоў.

Узмацненне ўчасткаў Дзяржаўнай граніцы

Узброеныя Сілы Беларусі, у тым ліку асабовы састаў злучэнняў і воінскіх часцей сіл спецыяльных аперацый нашых Узброеных Сіл, працягваюць выконваць пастаўленую кіраўніком дзяржавы задачу па ўзмацненні ўчасткаў Дзяржаўнай граніцы на паўднёвых рубяжах краіны. Ваеннаслужачыя ССА нясуць службу на ратацыйнай аснове з іншымі з ваеннаслужачымі механізаваных злучэнняў. Іх асноўнымі задачамі з’яўляюцца забеспячэнне бяспекі грамадзян Беларусі, спыненне парушэнняў Дзяржграніцы, выключэнне каналаў пастаўкі зброі і боепрыпасаў. Пад аховай ваеннаслужачых — важныя аб’екты, у тым ліку дарогі і пуцеправоды.

Алег НЯКАЛА

Фота аўтара і з архіва «Ваяр»

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.