Вы тут

Гісторыя медсястры, якая дапамагала жыхарам Лівана і Сірыі


Жанчыны ва Узброеных Сілах нашай краіны — не рэдкасць. Нароўні з мужчынамі яны заступаюць на нарады і на дзяжурствы, выязджаюць на палігоны. І попыт за якасць службы з іх не меншы. Напярэдадні Дня жанчын аўтар гэтых радкоў сустрэўся з медыцынскай сястрой шпітальнага аддзялення медыцынскага атрада спецыяльнага прызначэння 432-га Галоўнага ваеннага клінічнага медыцынскага цэнтра Узброеных Сіл, старшыной кантрактнай службы Дар’яй КОРВЕЛЬ.


Дзяўчына родам з аграгарадка Лылойці Смаргонскага раёна Гродзенскай вобласці. У дзяцінстве марыла аб ваеннай службе: яе прыцягвала ваенная форма, рамантыка службы, так прыгожа паказаная ў фільмах і апісаная ў кнігах. У старэйшых класах Дар’я вырашыла звязаць сваё жыццё з медыцынай. Пасля заканчэння сярэдняй школы паступіла ў Мінскі дзяржаўны медыцынскі каледж.

— Мая мама заўсёды марыла, каб у нашай сям’і быў медык, а тата — каб дзеці прысвяцілі сябе не менш высакароднай справе — абароне Айчыны, — распавядае Дар’я. — Так атрымалася, што я і бацькам дагадзіла, і здзейсніла сваю мару. Скончыўшы каледж па спецыяльнасці «Сястрынская справа», даведалася, што ў нашым ваенным шпіталі ёсць унікальнае падраздзяленне — медыцынскі атрад спецыяльнага прызначэння. Там акурат была вакансія медсястры. 

Дзяўчына паспяхова прайшла сумоўе, і ўжо праз месяц яе прынялі на службу ў атрад. За гэты час, акрамя сваёй паўсядзённай дзейнасці, Дар’я прайшла навучанне на розных курсах, у тым ліку па анестэзіі і рэанімацыі. Гэты перыяд у  Дар’і Корвель быў багатым на падзеі. Яна ўдзельнічала ў Армейскіх міжнародных гульнях ва Узбекістане, знаходзілася ў складзе Часовых сіл ААН у Ліване, у складзе гуманітарнай місіі аказвала дапамогу насельніцтву Сірыі, якое пацярпела ад землятрусу.
Ліванская камандзіроўка Дар’і доўжылася роўна год. «У прафесійным плане я была гатова да чарговага выкліку, — прызнаецца яна. — Дагэтуль ніколі не была на Блізкім Усходзе. Таму мяне вельмі ўразілі мясцовыя жыхары, культура арабскага свету. Першы час было нязвыкла. Але я разумела, што побач ёсць мае калегі».

У абавязкі медыцынскай сястры ўваходзіла аказанне медыцынскай дапамогі мясцоваму насельніцтву і вайскоўцам міратворчага кантынгенту. Кожны дзень быў напоўнены выклікамі і нечаканасцямі. Нярэдка даводзілася працаваць у экстрэмальных умовах, падвяргаючы сябе небяспецы.

Вярнуўшыся на Радзіму, Дар’я Корвель адправілася выконваць задачы па медыцынскім забеспячэнні мерапрыемстваў баявой падрыхтоўкі на адзін з палігонаў нашай краіны. Там жа і даведалася аб маючай адбыцца незапланаванай камандзіроўцы медыцынскага атрада спецыяльнага прызначэння ў Сірыйскую Арабскую Рэспубліку.

«Хуткія зборы, і ўжо праз некалькі дзён мы вылятаем у Сірыю, — успамінае ваеннаслужачая. — Працяглы пералёт, і мы прызямліліся на ваенную авіябазу Узброеных Сіл Расійскай Федэрацыі "Хмеймім". Там пераначавалі і раніцай наступнага дня прыляцелі ў Алепа. Першае, што ўбачылі, калі прызямліліся ў аэрапорце там, — гэта разруха. Я тады падумала: калі так усюды — гэта поўная катастрофа. Калі заязджалі ў Алепа, уся ўскраіна горада была ў руінах».

Аднак гэта не перашкодзіла медыцынскаму атраду спецыяльнага прызначэння на працягу сутак разгарнуць ваенна-палявы шпіталь і пачаць прыём пацыентаў. Дарэчы, нашы дзяўчаты ў Сірыі працавалі і ў сваё свята. Самааддача, складаны графік, цяжкія пацыенты — усё гэта аб рабоце беларускага медспецназа ў Сірыі. Здаецца, што для нашых ваенных медыкаў гэтая камандзіроўка стала сапраўдным выклікам. Дзяўчыны не хавалі, што было складана. Але кожная да канца засталася вернай абавязку і прафесіі. Пад’ём у шэсць раніцы, сняданак, пастраенне, прыём пацыентаў, вячэра і адбой — вось так руцінна праходзілі працоўныя будні нашых ваенных медыкаў, пры тым у неспрыяльнай абстаноўцы разбуранага гораду.

«За цэлы дзень так набегаешся, што спіш без задніх ног, — заўважае Дар’я. — У Сірыі я працавала ў дзённым стацыянары нашага ваенна-палявога шпіталя. Першы час мы дзівіліся, чаму мясцовыя носяць на сабе вельмі шмат адзення: адразу некалькі швэдраў, штаноў, па пары куртак. Многім даводзілася начаваць прама на вуліцы. Яны страцілі сваё жыллё, іх домам былі машыны, палаткі, звычайныя матрацы. Некаторыя проста баяліся вяртацца ў будынкі з-за паўторных штуршкоў. Шмат зваротаў было з пнеўманіяй, бранхітам, іншымі захворванні лёгкіх. Людзі прыходзілі на кропельніцы і ўнутрацягліцавыя ін’екцыі. Былі яшчэ неўралагічныя выпадкі, тады ўводзілі фізраствор з некалькіх прэпаратаў з розным дзеяннем. Людская плынь з кожным днём усё павялічвалася. Адначасова маглі размясціць на працэдуры толькі чатырох пацыентаў, таму мы працавалі ўтрох, у адзіночку справіцца было немагчыма».

Камандзіроўка ў Сірыю паказала Дар’і, наколькі важная служба і гатоўнасць дапамагчы людзям. Чарговая практыка ў экстрэмальных умовах дапамагае медыцынскай сястры ў будучыні расці прафесійна. Вялікія плыні людзей, хуткае рэагаванне і штодзённыя зносіны яшчэ больш згуртавалі калектыў ваенных медыкаў. Асабіста для сябе Дар’я Корвель таксама вынесла ўрок:

— Я вельмі радая, што мне пашчасціла патрапіць у ваенную медыцыну, што прыняла ўдзел у Армейскіх міжнародных гульнях, камандзіроўках у Ліван і Сірыю. Для мяне гэта вялізны вопыт. За такі кароткі тэрмін даведалася шмат новага, што абавязкова спатрэбіцца ў будучыні. Мае планы звязаны з ваеннай медыцынай. Ганаруся сваёй працай і ўдзячная за магчымасць служыць сваёй краіне.

Алег НЯКАЛА

фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.