Праяўляць пільнасць на фоне мілітарысцкай абстаноўкі ў суседніх краінах — адпаведную заяву Галоўнакамандуючы Узброенымі Сіламі Аляксандр Лукашэнка нядаўна зрабіў пры зацвярджэнні рашэнняў на ахову Дзяржаўнай граніцы ў 2024 годзе.
У сілу таго становішча, якое разгортваецца вакол Беларусі, як падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка, патрабуецца асаблівае стаўленне да бяспекі нашых рубяжоў. За мяжой сочаць як мае быць. І ў абароне граніц пагранічнікаў адных не пакінулі. Узброеныя Сілы — таксама напагатове. У гэтым чарговы раз упэўніўся і наш пастаянны аўтар, які адправіўся на паўднёвыя рубяжы Беларусі. На гэтым напрамку задзейнічаны асабовы склад сіл спецыяльных аперацый Узброеных Сіл.
Асноўная мэта — забеспячэнне бяспекі грамадзян Беларусі, спыненне парушэння дзяржграніцы, выключэнне каналаў пастаўкі зброі і боепрыпасаў. Пад аховай — важныя аб’екты, у тым ліку дарогі і пуцеправоды. Ваеннаслужачыя настроены сур’ёзна і вельмі рашуча. Інакш ніяк, бо за іх спінамі — мірныя жыхары.
Дэсантнікі гатовы да розных варыянтаў развіцця абстаноўкі. Баявая падрыхтоўка ў вайскоўцаў ССА праходзіць штодзень, нават у раёне выканання задач. Заняткі ў раёне засяроджвання праходзяць па ўсіх прадметах баявой падрыхтоўкі, пачынаючы з тактычнай, заканчваючы, магчыма, адной з самых важных дысцыплін — медыцынскай падрыхтоўкай. Адпрацоўваюцца многія пытанні тактычнай медыцыны.
Загадзя падрыхтаваны пазіцыі на ўчастках мясцовасці. Абсталяваны пазіцыі для стральбы са стралковай зброі і ваеннай тэхнікі. Калі спатрэбіцца, граніца і яе абаронцы гатовы сустрэць ворага ў поўным узбраенні. Асаблівую ўвагу дэсантнікі надаюць рабоце на кантрольна-прапускных пунктах.
— І для пагранічнікаў, і для нас, агульная задача — быць надзейным шчытом краіны, — увёў у курс справы камандзір аднаго з падраздзяленняў ССА. — На вартавых пасадах у рэжыме 24/7 мы нясем службу. За нашымі спінамі — звычайныя грамадзяне, мір і спакой якіх мы абавязаны засцерагаць. Асабовы склад добра падрыхтаваны, умее прафесійна і зладжана дзейнічаць на незнаёмай мясцовасці ва ўмовах абстаноўкі, якая раптоўна мяняецца. На граніцы многія ўжо не першы раз. У нас створаны кругласутачныя патрулі, абсталяваны агнявыя пазіцыі і перакрытыя шчыліны. Нягледзячы на тое, што ў Беларусі спакойна, мы пільнасці не губляем. Мы ўжо давялі выкананне шматлікіх дзеянняў да аўтаматызму, таму ўпэўненыя: у выпадку неабходнасці спрацуем без прамаруджвання. Мірныя жыхары могуць спаць спакойна — мы не падвядзём!
Дзякуючы падвозу гаруча-змазачных матэрыялаў і харчавання дэсантнікі гатовы ў аўтаномным рэжыме выконваць пастаўленыя задачы. Для гэтага разгорнуты ўсе неабходныя элементы ахоўвання.
— Асабовы склад працуе на кантрольна-прапускным пункце, дзе праводзіцца праверка і надгляд асоб і тэхнікі ў зададзеным раёне, — расказаў намеснік камандзіра брыгады ССА гвардыі палкоўнік Вадзім Бабілевіч. Ваеннаслужачыя выконваюць сваю работу прафесійна. Гэта для нас не новае. Да таго ж у пункце дыслакацыі пастаянна праводзяцца заняткі па павышэнні прафесіяналізму і боегатоўнасці нашых падраздзяленняў, Разам з вайскоўцамі кантрактнай службы на гэтым участку выконваюць пастаўленыя задачы і салдаты тэрміновай службы. Зразумела, мы шчыльна ўзаемадзейнічаюць з органамі мясцовай улады, супрацоўнікамі МУС, пагранічнікамі. Сур’ёзную дапамогу аказваюць і мясцовыя жыхары.
У ахове граніцы актыўна задзейнічаны і беспілотныя лятальныя апараты. Дзяржграніца кантралюецца пастаянна і кругласутачна. З дапамогай беспілотных лятальных апаратаў, абсталяваных цеплавізарамі, спецыяльная група пад прыкрыццём праводзіць разведку з неба.
У інтарэсах сіл спецыяльных аперацый на мяжы задзейнічаны і Supercam S350. Гэта беспілотнік самалётнага тыпу, прызначаны для выканання задач па аэрафотаздымцы і відэаманіторынгу. Працягласць палёту да 4,5 гадзін з перадачай інфармацыі да 100 кіламетраў забяспечвае неабходны запас магчымасцяў для выкарыстання БПЛА ў назіранні і разведцы, абароне дзяржаўнай граніцы, а таксама пры вырашэнні іншых задач.
— Гэта ўжо неад’емная частка вядзення разведкі, — патлумачыў асаблівасці патруля зверху аператар БПЛА. — Ёсць опцыя цеплавізара, начны рэжым — розныя спектры назірання. Беспілотнік заўважае ўсё: машыны, людзей, у тым ліку замаскіраваных. Беспілотнік у нас называюць вачыма камандзіраў. Знятая інфармацыя аналізуецца анлайн і дадаткова ў штабе.
Падраздзяленні Узброеных Сіл, якія знаходзяцца на ўзмацненні ўчасткаў дзяржаўнай граніцы Рэспублікі Беларусь, нікому не пагражаюць, але надзейна абараняюць Радзіму, яе суверэнітэт, тэрытарыяльную цэласнасць. Мясцовае насельніцтва ведае абстаноўку на сумежнай тэрыторыі і разумее, што беларускія вайскоўцы забяспечваюць іх бяспеку. Дэсантнікі не ведаюць выходных, не могуць дазволіць сабе расслабіцца, таму што займаюцца найважнейшай справай — ахоўваюць мір і спакой Беларусі.
Алег НЯКАЛА
Фота аўтара
Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.
На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.
Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.