Вы тут

Успамінаем самыя прыгожыя перамогі беларускіх спартсменак


Свята 8 Сакавіка — гэта яшчэ адна нагода ўспомніць, што жанчыны — хоць і з’яўляюцца ўвасабленнем прыгажосці і пяшчотнасці, але яшчэ і вельмі моцныя людзі. У спорце гэта праяўляецца найбольш выразна. У міжнародны жаночы дзень прапаноўваем узгадаць прыклады з гісторыі спорту, якія пацвярджаюць, што беларускі — самыя таленавітыя, самыя здольныя і самыя моцныя. 


Прэзідэнт Міжнароднага алімпійскага камітэта Жак Рогу пры сустрэчы з Аленай Бяловай сказаў: «У вас адной больш алімпійскіх медалёў, чым заваявала ўся Бельгія!» На вышэйшую прыступку алімпійскага п’едэстала беларуская фехтавальшчыца Алена Бялова ўзнімалася чатыры разы, у 1968 годзе перамагла ў асабістым і камандным турніры фехтавальшчыц-рапірыстак, і паўтарыла поспех у 1976 г.! Алена Бялова першай з фехтавальшчыц укараніла ў свой графік трохразовыя трэніроўкі. За час выступленняў у зборнай СССР алімпійская чэмпіёнка паспела скончыць педагагічны інстытут, аспірантуру, Вышэйшую партыйную школу, абараніла кандыдацкую дысертацыю.

Алёна Бялова

«Цуд з касічкамі», «самая-самая», «дзіцё планеты», «пасол свету» — гродзенская юная спартсменка Вольга Корбут раптоўна стала сенсацыяй сусветнага спорту. У 17 гадоў на Алімпійскіх гульнях у Мюнхене яна заваявала тры залатыя медалі (у камандных спаборніцтвах, практыкаваннях на бервяне, і вольных практыкаванні), і адзін сярэбраны (практыкаванні на брусах). Праз чатыры гады яна зноў перамагла ў камандных спаборніцтвах і паказала сярэбраны выступ у практыкаваннях на бервяне. Спартсменка бліскуча дэманстравала найскладанейшыя і ўнікальныя гімнастычныя элементы. У кожным практыкаванні яна паказвала элемент, які яшчэ ніхто да яе не выконваў.

Вольга Корбут

Святлане Багінскай было ўсяго 15 гадоў, калі яна дабілася галоўнай мэты кожнага спартсмена. У такім юным узросце яна ўпэўнена сябе адчувала ў ролі лідара савецкай зборнай па спартыўнай гімнастыцы. На Алімпійскіх гульнях у Сеуле яна заваявала золата ў камандным першынстве, затым узяла бронзу ў мнагабор’і, ідэальна выканала апорны скачок, стаўшы пераможцай на гэтым снарадзе, а затым дадала у сваю скарбонку і срэбра ў вольных практыкаваннях. На наступнай Алімпіядзе Святлана Багінская зноў узнялася на вышэйшую прыступку п’едэстала, трэцяе алімпійскае золата яна заваявала ў камандным першынстве.

Дарогу на Алімп Марына Лобач пачала ў электрычцы са Смалявіч у Мінск. Кожную раніцу, і ў дождж, і ў снег маленькая дзяўчынка з вялізнай спартыўнай сумкай ехала на трэніроўку. Яе першыя гімнастычныя булавы зрабіў бацька — спартыўнага інвентара катастрафічна не хапала. У 15 гадоў Марына Лобач была сярэбраным прызёрам чэмпіянату свету па мастацкай гімнастыцы. Ёй было 16 гадоў, калі яе тэхніка лічылася ўзорнай. Але медалёў, як наліха, не было. Затое ў фінале Алімпійскіх гульняў 1988 года яна атрымала ад суддзяў чатыры дзясяткі за ўсе чатыры выступленні, і стала першай у гісторыі беларускага спорту алімпійчкай чэмпіёнкай па мастацкай гімнастыцы.

Марія Лобач

Адпраўляючыся на Алімпійскія гульні ў Атланту ў 1996-м годзе, Кацярына Хадатовіч ставіла сабе сціплую задачу — хаця б трапіць у фінал. Яна яе нават перавыканала — у фінал патрапіла і перамагла. У 1997 годзе яна перамагла на ўсіх трох этапах Кубка свету, потым стала чэмпіёнкай свету. Тады яе ўпершыню назвалі непераможнай. У 1998 годзе Кацярына выйшла замуж змяніла прозвішча на Карстэн, нарадзіла дачку і вярнулася на канал, каб рыхтавацца да Алімпійскіх гульняў у Сіднэі. На Алімпійскіх гульнях 2000 года Кацярына Карстэн выступала з тэмпературай і зноў перамагла. Аднак стаць трохразовай алімпійскай чэмпіёнкай ёй не ўдалося — у 2004-м годзе ў Афінах Кацярына заваявала толькі серабро. Гульні 2008 года прынеслі Кацярыне Вялікай бронзу.

Кацярына Карстэн

Ала Цупер выступала на шасці Алімпійскіх гульнях. У 2002 годзе ўпала ў самы адказны момант. У 2006 і 2010 гадах выступала з траўміраваным каленам. А ў 2014 годзе Ала Цупер была ў поўным узбраенні — у Сочы яна выканала трайное сальта з трыма вінтамі – і нарэшце стала алімпійскай чэмпіёнкай. Пасля гэтага Ала Цупер аб’явіла аб сваім сыходзе з вялікага спорту. Але ўсё ж вярнулася і стала рыхтавацца да Алімпійскіх гульняў у Пхенчхане, дзе заняла чацвёртае месца. Але ў 2018 годзе алімпійскай чэмпіёнкай па фрыстайле ўсё роўна была беларуска — Ганна Гуськова.

Алла Цупер. Фота БелТА

Сапраўднай сенсацыяй Алімпійскіх гульняў у Сочы ў2014 годзе стала біятланістка Дар’я Домрачава. На дыстанцыі 10 кіламетраў яна заваявала першае алімпійскае золата ў кар’еры. Потым перамагла ў індывідуальнай гонцы на 15 кіламетраў. Трэцяе золата прынесла гонка з масавым стартам, у якой Дар’я здзейсніла ўсяго адзін промах. Дар’я Домрачава — першая і адзіная ў свеце чатырохразовая алімпійская чэмпіёнка па біятлоне, самая тытулаваная спартсменка ў гісторыі суверэннай Беларусі. Рэкордны чацвёрты залаты медаль яна заваявала ў 2018 годзе. Разам з Дынарай Алімбекавай, Ірынай Крыўко і Надзеяй Скардзіна яны перамаглі ў эстафеце.

Дар'я Домрачава

Веславанне, гімнастыка, лёгкая атлетыка, барацьба, баскетбол, тэніс, плаванне і многія іншыя віды спорту становяцца яшчэ цікавейшымі, дзякуючы выступленням і перамогам беларускіх жанчын. Можа ў гэтым і ёсць прыгажосць спорту?

Валерыя СЦЯЦКО

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.