Вы тут

Якасць жыцця вясковага жыхара залежыць ад стану дарогі — перакананы ў сельвыканкаме


Нездарма свята вёскі Лінова з нагоды яго 555-годдзя назвалі «Ліноўскі гасцінец». Мелі на ўвазе, вядома, і пачастунак, але ў першую чаргу дарогу, якая вядзе на свята. Побач з Ліновам — чыгуначная станцыя Аранчыцы, на якую прыбывалі многія з гасцей, а далей прасціраецца гасцінец, што вядзе ў цэнтр Лінова. Вось такі сімвалізм узялі за аснову пры распрацоўцы эмблемы свята і яго назвы.


Працуе ДРБУ-140.

Пра гэта карэспандэнту «МС» расказала старшыня сельскага Савета Таццяна Мардань. «Фестываль правялі летась у жніўні, — працягвае Таццяна Мікалаеўна. — А назву рашылі захаваць. І ўсе наступныя святы вёскі таксама будзем называць «Ліноўскі гасцінец». А што датычыцца дарог, то нам сёння не сорамна перад нашымі жыхарамі. Работа па паляпшэнні дарог вядзецца пастаянна. І за апошні год зроблена нямала».

З кіраўніком мясцовай улады едзем па вуліцах аграгарадка, дзе праведзены работы па абнаўленні дарожнага пакрыцця. У гэтым спісе вуліцы Дачная, Маладзёжная, Сонечная, дзе асфальт пракладзены цалкам. На вуліцах Вакзальнай, Паркавай і Шырокай абноўлены ўчасткі дарогі. Першымі рабілі Шырокую і Паркавую. Таццяна Мікалаеўна расказала пра цікавы выпадак на вуліцы Шырокай. Калі ўжо праклалі асфальт, з’ехала тэхніка, а кіраўнік мясцовай улады аднойчы прыпынілася, выйшла з машыны, каб палюбавацца вынікамі работы, насустрач ёй з дому выйшла жанчына. Як высветлілася, Вера Мікалаеўна Рэчыц 1940 года нараджэння добра памятае мінулае сваёй вёскі, нават апошнія гады вайны. Яна расказала многа цікавага, у тым ліку згадала, як гаравалі ад бездарожжа ў яе дзяцінстве.

Мясцовасць нізінная, вясной і восенню людзі літаральна плавалі, дошкі падсцілалі, каб выйсці з двара. Паводле слоў сталай жанчыны, бывала, у школу не ішлі, бо не было як, калі поўныя боты вады набярэш, не выседзіш на занятках. Апошнія паўстагоддзя, вядома, дарогу даглядалі, яна была грунтовай, яе перыядычна падсыпалі, толькі летам цярпелі ад пылу. А вось цяпер дарога стала як сапраўдны гасцінец, толькі з гарадскім размахам, пракаментавала бабулька і дадала: «Вось бы мама мая ўстала і паглядзела, як прыгожа стала каля яе хаты». Сапраўды, вуліца Шырокая стала прывабнай у тым ліку і для навасёлаў.

Не так даўно маладая шматдзетная сям’я купіла дом, які пустуе. Дом непрыгодны для жылля, ён пойдзе пад знос, але новыя гаспадары набылі яго з-за ўчастка. У іх была магчымасць узяць участак у завулку Вакзальным, дзе цяпер будуюцца навасёлы, але яны аддалі перавагу гэтай мясціне. Найперш таму, што цэнтральная частка вёскі, побач школа і садок, Дом культуры, ну і новая дарога адыграла не апошнюю ролю.

Вуліца Сонечная пад веснавым сонцам выглядае ўрачыста, бо шырокая, з новым асфальтам. 

З абодвух бакоў вуліцы — дыхтоўныя дамы. Такія ж і іншыя вуліцы з абноўленым пакрыцццём. Забудоўваецца завулак Вакзальны, там ужо падведзены інжынерныя камунікацыі. Калі жыллё будзе здадзена ў эксплуатацыю, чарга дойдзе і да дарогі. Цяпер вядзецца ўкладка асфальту на дарозе Аранцычы-Варотнае.

Літаральна нядаўна зроблена падсыпка ўчастка дарогі «Араб’і — Кутнявічы». Там штодня праходзіць школьны аўтобус. Дарога была зусім дрэннай — гэта мякка сказана. Асабліва пасля дажджу ў міжсезонне праехаць часам было вельмі няпроста. Жыхары абедзвюх вёсак гадамі наракалі на гэтую дарогу. Аб сваёй праблеме гаварылі выбаршчыкі і на сустрэчы з кандыдатам у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Юрыем Наркевічам. Юрый Іосіфавіч палічыў гэта наказам выбаршчыкаў і таксама паспрыяў рамонту дарогі. Асфальт там не паклалі, але дарогу выраўнялі, адрамантавалі, падсыпалі гравіем. І цяпер праблемныя раней два з паловай кіламетры сталі цалкам прыдатныя для руху на любым транспарце, у чым мы са старшынёй сельвыканкама і пераканаліся, праехаўшы на легкавой машыне.

— На нашы дарогі грэх наракаць. У Лінове яны добрыя, — заўважыў дэпутат Пружанскага раённага Савета, дырэктар мясцовага сельгаспрадпрыемства Васіль Казьмярчук. — Варта сказаць словы падзякі спецыялістам ДРБУ-140, якія правялі вялікую работу за мінулы год па асфальтаванні і паляпшэнні нашых вуліц ды і працягваюць падтрымліваць іх у належным стане. Як ні круці, дарогі — першая прыкмета якасці жыцця. Каб яны былі дрэнныя, людзі наўрад ці так актыўна будаваліся б у нашым аграгарадку, і цана на жыллё не трымалася б стабільна высокай. А калі будуюць, набываюць, значыць, жыць у нас камфортна.

Святлана ЯСКЕВІЧ

Фота аўтара

Пружанскі раён

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Уважлівасць і правілы бяспекі — галоўны фактар зніжэння вытворчага траўматызму

Уважлівасць і правілы бяспекі — галоўны фактар зніжэння вытворчага траўматызму

Летась зафіксавана зніжэнне колькасці выпадкаў гібелі на вытворчасці. 

Грамадства

Ад чаго залежыць бяспека атракцыёнаў?

Ад чаго залежыць бяспека атракцыёнаў?

З пачатку года атракцыёны праверылі 43 разы.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.