Вы тут

Як у знакамітай Вязынцы гукалі вясну


Запозненая вясна знешне нагадвае гераіню «Службовага рамана» Людмілу Пракопаўну (Мымру), якой прыгажосць і жаночы шарм былі непатрэбныя. Шэрую непрыкметнасць дзелавой дамы перамагло каханне. Вясну-красну беларусы гукаюць і зазываюць ад зімовай Масленіцы на асфальтавых пляцоўках, вясковых падворках і гістарычных лакацыях, водзячы карагоды і спяваючы гучныя песні. Прычым выкананне, пранікнёнае высокімі пачуццямі, у народнікаў-фалькларыстаў не горшае, чым ва ўзорнага хору абласнога ўзроўню. Аднак вясна нешта марудзіць (можа, цану набівае, як усе прыгажуні) і не спяшаецца расцвітаць усімі сваімі фарбамі.


У першую нядзелю красавіка на тэрыторыі дома-музея Янкі Купалы адбылося маштабнае, з магічнымі абрадавымі элементамі, народнае свята «Гуканне вясны». Традыцыйная цішыня знакамітай мясцовасці, дзе нарадзіўся вялікі пясняр, была парушана крэатыўнымі беларусамі, якія прыехалі на Маладзечаншчыну з розных куткоў краіны. Калі на чыгуначным прыпынку «Вязынка» з электрычкі высыпаў народ, дагэтуль перапоўненыя вагоны засталіся амаль пустымі. Гуляць, вясну клікаць — справа адказная і агульная, і цікавая сваім тэатралізаваным відовішчам. Прыбраная ў нацыянальныя кашулі моладзь з гарачымі позіркамі, бацькі з дзецьмі, кабеты і дзядзькі (прадстаўнікі і прыхільнікі гістарычна-этнічных суполак і гуртоў ад розных рэгіёнаў) гукалі вясну так, што папяровыя птушачкі, падвешаныя на дрэўцах, ад гукавой вібрацыі сталі круціцца хутчэй. Драўляную танцпляцоўку на трываласць выпрабоўвалі аматары іскрамётнай «Лявоніхі», «Полькі-Янкі», «Крыжачка» і іншых народна-брэндавых танцаў.

Чарку на пасашок ніхто нікому афіцыйна не прапаноўваў, але ж для абрадавага падабенства гасцінная спадарыня музыкам-валачобнікам налівала з глінянага гарлачыка нейкі добры напой, і закусіць давала каўбасой «пальцам пханай». На кірмашы стаялі чэргі за пачастункам, чаем, кавай. Мёд ад вясковых пчол (так рэкламаваў свой тавар адзін з пчаляроў, быццам бы існуюць гарадскія пчолы), гарбата на зёлках, майстар-клас па вырабе сыру з дэгустацыяй — і хлеба, і відовішчаў хапала ўсім. Звычайна сумныя рамеснікі страпянуліся, бо людзі падыходзілі да іх вышыванак, кубачкаў, саламяных і драўляных вырабаў і перакупленага шырспажыву і нават бралі штосьці. Напрыклад, хітом продажу сталі гліняныя свістулькі, якімі ў асноўным маладыя бацькі затыкалі дзецям рот: і «па тэме», і кароткі адпачынак ад бясконцых «чаму» і «хачу». Хлопчыкам і дзяўчынкам з сярэдняй школы № 159 Мінска, удзельнікам фальклорнага гурта «Явар», свістулькі і выпечаныя з цеста птушкі дасталіся як рэквізіт для выступлення (артыстам шанцуе калі-небудзь.)

Галоўнымі рэжысёрамі грандыёзнага фэсту ў Вязынцы «Гуканне вясны» традыцыйна выступіла (ва ўсіх сэнсах) Студэнцкае этнаграфічнае таварыства. «Гу-у-у!» — як задобрылі вясну, так адразу і пацяплела! У любым выпадку не трэба грашыць на надвор'е, таму што ў прыроды няма дрэннага надвор'я, аб чым спявала некалі Аліса Фрэйндліх, якая выконвала ролю Людмілы Пракопаўны.

Тамара ХАМІЦЭВІЧ 

фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Уважлівасць і правілы бяспекі — галоўны фактар зніжэння вытворчага траўматызму

Уважлівасць і правілы бяспекі — галоўны фактар зніжэння вытворчага траўматызму

Летась зафіксавана зніжэнне колькасці выпадкаў гібелі на вытворчасці. 

Грамадства

Ад чаго залежыць бяспека атракцыёнаў?

Ад чаго залежыць бяспека атракцыёнаў?

З пачатку года атракцыёны праверылі 43 разы.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.