Вы тут

Краіна — гэта тое, што аб’ядноўвае людзей


У папярэднім матэрыяле з нейрахірургам, навуковым супрацоўнікам аддзялення пухлін галаўнога мозгу РНПЦ анкалогіі і медыцынскай радыялогіі імя М. М. Аляксандрава, выкладчыкам кафедры неўралогіі і нейрахірургіі Інстытута павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кадраў аховы здароўя Беларускага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта Гуменам Гарбанніджадам мы паразважалі, як на нас уплываюць іншыя людзі і чаму мы паддаёмся такому ўздзеянню, якія ўласцівасці нашага мозгу гэтаму садзейнічаюць, чаму мозг не церпіць пустаты і як імкнецца яе запоўніць, а таксама пры чым тут рэлігія і навошта нам вера ў замагільны свет.


Сёння медык расказаў, якім мусіць быць выхаванне, каб у будучыні чалавек не паддаваўся чужому ўплыву, як на змену рэлігіі прыйшла ідэалогія, чаму ў кожнай краіне яна свая і ці ёсць сярод іх дасканалыя.

— Мозг чалавека са старажытных часоў амаль не змяніўся. І чым больш мы будзем яго трэніраваць і адукоўваць сучаснымі ідэямі, тым лепш ён развіваецца. А выхоўваюць чалавека не толькі бацькі, гэта і работа дзяржавы, бо, па сутнасці, — далейшыя інвестыцыі ў навуку, эканоміку, культуру і інш. І тут працуюць два прынцыпы выхавання: як выгадна ці павінна быць. Напрыклад, пасля вайны ў эканоміцы СССР не хапала будаўнікоў, таму ў ВНУ было шмат будаўнічых спецыяльнасцяў, на якія бралі ледзь не ўсіх ахвотных. Гэта з разраду «як выгадна».

— Каму гэта было выгадна?

— Дзяржаве. А трэба, каб чалавек развіваўся, адкрываліся яго схаваныя таленты і ён сам разумеў, у якім кірунку ён хоча рухацца. Калі рабіць, як нам выгадна, з будучага добрага хіміка атрымаецца дрэнны муляр.

Імануіл Кант калісьці напісаў: «Вазьмі смеласць выкарыстоўваць свой розум». 

І гэта быў рэвалюцыйны пасыл. Да гэтага, калі рэлігія мела вялікі ўплыў, казалі, што чалавеку самастойна думаць не трэба, за яго ўжо ўсё прыдумалі. Кант і іншыя мысліцелі даносілі ідэю, што чалавеку дадзена здольнасць думаць і прымаць рашэнні самастойна.

Дарэчы, у часы каланізацыі англічане забіралі найлепшыя «мазгі» з новых тэрыторый, а ўзамен распаўсюджвалі розныя рэлігіі і міфы.

— Што адбылося, калі рэлігія страціла свой ранейшы ўплыў?

— Замест яе філосафы, мысліцелі павінны былі стварыць штосьці іншае. На месца рэлігіі прыйшла ідэалогія. Ідэалогія і рэлігія — антаганісты, гэтак жа як навука і рэлігія. Ідэалогій было шмат, і ні адна з іх не магла цалкам вырашаць праблемы грамадства. Можна сказаць, што ўсе стваральнікі ідэалогій былі далёкія ад ведаў нейрабіялогіі і біялогіі чалавека.

— Чаму?

— Усё, што мы сёння ведаем пра работу галаўнога мозгу, — гэта веды апошніх 40–50 гадоў. Стваральнікі ідэалогій лічылі чалавека ідэальнай істотай і пісалі для яго ідэальныя ідэі. Але чалавек вельмі далёкі ад ідэалу, і хоць мы сябе аддзялілі ад жывёл, усё роўна з’яўляемся адной з іх разнавіднасцяў. Атрымалася, што хацелі стварыць ідэальную дарогу для аўтамабіля, які мае шмат тэхнічных недахопаў.

З’явілася шмат ідэалогій у розных краінах, і кожная з іх ідзе сваім шляхам. У кожнай з ідэалогій ёсць перавагі і недахопы. А па вялікім рахунку гэта дзяржаўная праграма, якая вырашае, як развіваць краіну ў тым ці іншым напрамку.

Яшчэ адна рэч, важная для развіцця грамадства і краіны, — знаходжанне чалавека ў грамадстве, у соцыуме. Калі ў лесе нейкае дрэва пашкоджваецца, яго высякаюць, але калі хоць частка яго застаецца, іншыя дрэвы аб’ядноўваюцца з коранем пашкоджанага і пачынаюць яго сілкаваць. З пункту погляду біялогіі іншым дрэвам трэба самім расці, змагацца з хваробамі і шкоднікамі. Навошта карміць хворае ці пашкоджанае дрэва? Гэта патрэбна, бо толькі ў здаровым лесе можа расці здаровае дрэва.

Тое ж самае датычыцца існавання чалавека ў грамадстве: ён будзе толькі тады паўнацэнным, калі само грамадства будзе здаровым. Калі раней лічылася, што цывілізацыя пачалася з таго часу, да якога належаць знойдзеныя гліняны посуд і прылады працы, то цяпер лічыцца, што цывілізацыя пачалася з таго моманту, якім датуюцца знойдзеныя косці чалавека, якія зрасліся пасля пералому. Чаму? Гэта сведчанне таго, што, пакуль пералом зрастаўся, аб ім ужо клапаціліся іншыя людзі, інакш бы ён проста не выжыў. Чаму яны гэта рабілі? Бо ўжо ў той час усведамлялі, што іх моц у тым, што яны разам.

Тое, што цяпер нас аб’ядноўвае і дае штуршок для развіцця эканомікі, навукі, культуры — гэта здаровае грамадства, дзе людзі паважаюць і дапамагаюць адно аднаму.

Дарэчы, у залежнасці ад таго, як пабудаваны ўзаемаадносіны паміж людзьмі, вымяраецца ступень цывілізаванасці краіны. Чым больш людзей у краіне падманваюць адзін аднаго, перашкаджаюць працаваць, расці, займаюцца крадзяжамі, парушаюць закон, тым менш цывілізаваным лічыцца грамадства. Пры гэтым чым менш, паводле дадзенага прынцыпу, цывілізаваная краіна, тым больш жорсткія ў ёй законы…

Некаторыя людзі лічаць, што змяненні ў сістэме памяняюць іх лад жыцця. Хоць не ўлічваюць, ці змогуць яны самі змяніцца. Калі адмяніць работу міліцыі, ДАІ і ўсёй сістэмы бяспекі на пару дзён, колькі людзей будуць прытрымлівацца законаў, не пойдуць у магазін красці, не перавысяць хуткасць, не будуць паркаваць машыну там, дзе не трэба? Пытанні, на якія нават самы цывілізаваны чалавек наўрад ці здолее адказаць шчыра...

Людзі ствараюць сістэму, а не сістэма людзей. І гэта не ўрад дрэнны, заўсёды трэба пачынаць з сябе. Адзін з асноўных спосабаў, які затарможвае развіццё краіны, — раскол грамадства. З’яўляюцца розныя ідэі, рэлігіі, пункты гледжання, кожны чалавек думае, што ён мае рацыю, людзі пачынаюць ваяваць паміж сабой. Пачынаецца раскол у грамадстве, і яно перастае развівацца. Ідэальнай сістэмы няма ў свеце, усюды ёсць плюсы і мінусы. Кожная сістэма падстроена пад сваю нацыю.

І сёння тое, што аб’ядноўвае людзей, — гэта іх краіна. І трэба яе любіць, незалежна ад таго, якая асабіста ў цябе сістэма каштоўнасцяў, якія ў цябе палітычныя погляды. І працаваць для таго, каб краіна развівалася.

Алена КРАВЕЦ

Выбар рэдакцыі

Сям'я і дэмаграфія

Святлана Клачкова: Чым больш дзяцей, тым больш любові

Святлана Клачкова: Чым больш дзяцей, тым больш любові

Як жа шматдзетная сям’я спраўляецца з хатнімі клопатамі? 

Культура

Сёлета музей Янкі Купалы адзначае юбілей

Сёлета музей Янкі Купалы адзначае юбілей

«Пласт роднай зямлі — п’едэстал для паэта...» 

Грамадства

Ці забяспечваецца ахова грамадскага парадку на Мінскім моры?

Ці забяспечваецца ахова грамадскага парадку на Мінскім моры?

Пра гэта даведаліся карэспандэнты «Звязды».

Гандаль

Кандытарскія вырабы — брэнд беларускай харчовай прамысловасці

Кандытарскія вырабы — брэнд беларускай харчовай прамысловасці

Напярэдадні Міжнароднага сімпозіума кандытараў эксперты расказалі аб планах і перспектывах кандытарскай галіны.