Вы тут

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі


З 21 да 27 красавіка праводзіцца Еўрапейскі тыдзень імунізацыі. Яго мэта — нагадаць аб важнасці прышчэпак і хваробах, якія яны дапамаглі перамагчы. Напрыклад, сёння мы забылі пра такія небяспечныя інфекцыі, як воспа і поліяміеліт. Наш Нацыянальны каляндар уключае вакцынацыю ад 12 захворванняў. У найбліжэйшыя гады яго плануюць пашырыць. Напрыклад, разглядаецца пытанне прышчапляць ад коклюшу не толькі немаўлят, але і школьнікаў, а таксама рабіць прышчэпкі ад віруса папіломы чалавека, які выклікае рак. Пра небяспеку адмовы ад прышчэпак расказалі спецыялісты.


Што дало паўстагоддзя імунізацыі?

Сёлета спаўняецца 50 гадоў, як пачалася пашыраная праграма імунізацыі ва ўсім свеце, і ў тым ліку Еўрапейскім рэгіёне. Дзякуючы вакцынам удалося абараніць ад небяспечных хвароб некалькі пакаленняў. За апошнія паўстагоддзя вакцыны выратавалі жыцці больш чым мільярду людзей на планеце, а ў наступныя 50 гадоў, як мяркуецца, вакцыны змогуць абараніць людзей усіх узростаў ад яшчэ большай колькасці хвароб.

— Пашыраная праграма імунізацыі была створана ў 1974 годзе, каб усе дзеці ва ўсіх краінах маглі атрымліваць жыццёва важныя вакцыны супраць шасці патэнцыяльна смяротных хвароб: дыфтэрыі, поліяміеліту, коклюшу, слупняку, туберкулёзу і адру. З дапамогай пашыранай праграмы імунізацыі ліквідавана воспа. А вірус поліяміеліту цяпер цыркулюе толькі ў двух эндэмічных рэгіёнах, — расказвае прадстаўнік Сусветнай арганізацыі аховы задроўя ў Беларусі кіраўнік краінавага офіса СААЗ у Беларусі Сяргей Дзіёрдзіца.

Дзякуючы вакцынацыі ўдалося знізіць дзіцячую смяротнасць. Агульнасусветны паказчык скараціўся з 92 смерцяў на тысячу жыванароджаных у 1974 годзе да 25,5 у 2024 годзе. На працягу пяці дзесяцігоддзяў нацыянальныя праграмы планавай імунізацыі развіваліся і пашыраліся. Сёння яны забяспечваюць вакцынацыю дзяцей і падлеткаў супраць як мінімум 13 сур’ёзных захворванняў.

— У Беларусі маецца каласальны вопыт, калі пераважная большасць мэтавых груп насельніцтва — 97-98% — ахоплены вакцынацыяй ад усіх асноўных хвароб, якія можна папярэдзіць. Летась я ўручыў міністру аховы здароўя сертыфікат СААЗ аб дасягненні рэгіянальных мэтавых паказчыкаў барацьбы з гепатытам В шляхам імунізацыі як прызнанне моцнага боку беларускай сістэмы аховы здароўя. Улічваючы значныя дасягненні Беларусі ў барацьбе з вірусным гепатытам В, вялікі вопыт у галіне элімінацыі перадачы ад маці да дзіцяці віруса імунадэфіцыту чалавека і сіфілісу, мы спядзяёмся, што краіна разгледзіць магчымасць у будучыні падачы заяўкі на пацвярджэнне трайной элімінацыі, стаўшы адной з першых у Еўрапейскім рэгіёне, — падзяліўся Сяргей Дзіёрдзіца.

Прадстаўнік СААЗ адзначыў, што арганізацыя вітае намеры беларускага Міністэрства аховы здароўя ўключыць у найбліжэйшыя гады ў нацыянальны каляндар вакцынацыю супраць пнеўмакокавай інфекцыі для ўсіх дзяцей і супраць віруса папіломы чалавека.

— Хачу нагадаць, што рак шыйкі маткі — гэта хвароба, якая паддаецца прафілактыцы з дапамогай вакцын. Іх эфектыўнасць складае больш за 90%, — адзначыў Сяргей Дзіёрдзіца.

У будучыні Еўропе яшчэ трэба будзе ў поўнай меры раскрыць усе перавагі вакцыны і скарыстацца імі. Усе дзяржавы — члены СААЗ Еўрапейскага рэгіёна адобрылі еўрапейскі парадак дня па імунізацыі на перыяд да 2030 года.

— Аднак мы не зможам скарыстацца перавагамі вакцынацыі, калі дзеці па тых ці іншых прычынах не будуць атрымліваць прышчэпкі. 

У апошнія тры гады каля 1 мільён 800 тысяч дзяцей па тых ці іншых прычынах прапусцілі вакцынацыю, — звярнуў увагу прадстаўнік СААЗ.

У чым небяспека адру?

Як паведаміў загадчык аддзялення імунапрафілактыкі аддзела эпідэміялогіі Рэспубліканскага цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя Кірыл Ігнатаў, летась, як і ў папярэднія гады, у нашай краіне было забяспечана функцыянаванне сістэмы правядзення прафілактычных прышчэпак. Вакцынацыя забяспечыла Беларусі падтрыманне статусу краіны, свабоднай ад поліяміеліту, статусу элімінацыі адру і краснухі, таксама дасягнуты рэгіянальныя мэты кантролю віруснага гепатыту В. Колькасць інфекцый, якія кіруюцца вакцынапрафілактыкай, працягвае зніжацца ці заставацца стабільна нізкай па большасці пазіцый.

Пры гэтым ёсць адна небяспечная інфекцыя, колькасць выпадкаў якой рэзка вырасла ў Еўропе. Гэта адзёр. Летась ім заразіліся больш за 58 тысяч чалавек у 53 краінах Еўропы і Цэнтральнай Азіі. Гэта прывяло да тысяч выпадкаў шпіталізацыі і дзясяткаў смерцяў. У Беларусі пачынаючы з лютага мінулага года таксама працягваюцца рэгістравацца выпадкі гэтага захворвання. Пры гэтым большасць захварэлых — асобы, старэйшыя за 18 гадоў. І больш за 70% іх не былі прышчэплены.

— Небяспека адру ў тым, што гэта высокакантагіёзнае захворванне, якое вельмі лёгка распаўсюджваецца паветрана-кропельным шляхам. Груба кажучы, калі захварэе адзін чалавек у пад’ездзе шматпавярховіка, ёсць рызыка заражэння ўсіх жыхароў у гэтым пад’ездзе, калі яны не вакцынаваны супраць адру. Да таго ж любая інфекцыя ў асоб з аслабленым імунітэтам можа развівацца вельмі цяжка і прыводзіць да неспрыяльнага канца. Таму вакцынацыя супраць адру — адзіны на сёння абгрунтаваны метад прафілактыкі, дапамагае абараніць самога вакцынаванага і яго атачэнне, — тлумачыць Кірыл Ігнатаў.

Ён дадаў, што толькі дзякуючы выкананню нацыянальнага календара прафілактычных прышчэпак у Беларусі не развілася такая ж сітуацыя з адром, як у суседняй Расіі. Штогод у нашай краіне дасягаецца ўзровень вакцынацыі па прышчэпках, якія ўваходзяць у нацыянальны каляндар, на ўзроўні не ніжэй за 97%. Ствараецца добрая імунная праслойка, якая дазваляе перарваць ланцужок распаўсюджвання інфекцыі ў папуляцыі.

— Адзёр пашкоджвае слізістыя: гэта кератыты (захворванне рагавой абалонкі вока) аж да слепаты, ларынгатрахеіты са стэнозам гартані, гэта вірусная адровая пнеўманія, якая не лечыцца антыбіётыкамі і закранае абодва лёгкія, адровы энцэфаліт з вострым перыядам пашкоджання галаўнога мозгу. Сярод аддаленых наступстваў праз 5-6 гадоў, і гэта падрабязна апісана ва ўсёй медыцынскай літаратуры, падвостры склеразавальны панэнцэфаліт, калі чалавек губляе памяць, — расказала пра небяспекі адру дацэнт кафедры дзіцячых інфекцыйных хвароб Беларускага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта Наталля Галькевіч.

Вырасла захваральнасць на коклюш

Кірыл Ігнатаў паведаміў, што сёлета вырасла захваральнасць на коклюш. Больш за палову захварэлых — школьнікі 7–14 гадоў. Вакцынацыя ад гэтай інфекцыі ўключана ў нацыянальны каляндар, прышчэпкі ставяцца ў 2, 3, 4 і 18 месяцаў. У сувязі з ростам захваральнасці школьнікаў абмяркоўваецца пытанне ўкаранення ў нацыянальны каляндар дадатковай дозы вакцынацыі супраць коклюшу ў шэсць гадоў.

— Але пакуль пытанне абмяркоўваецца. У папярэднія гады сітуацыя па коклюшы была вельмі спрыяльная — рэгістравалася ад 2 да 5 выпадкаў за год, бо ковід выцесніў усе іншыя рэспіраторныя захворванні, — патлумачыў Кірыл Ігнатаў.

Як паведаміла Наталля Галькевіч, сёння прышчапіцца ад коклюшу могуць і дарослыя. У нашай краіне з’явілася вакцына для дзяцей ад чатырох гадоў (усе астатнія для малых больш ранняга ўзросту). Яна падыходзіць і для дарослых, у тым ліку цяжарных жанчын.

— Мы пачынаем прышчапляць ад коклюшу дзяцей ва ўзросце двух месяцаў. Першы імунітэт фарміруецца прыкладна праз тры тыдні. Такім чынам, у тры месяцы ён яшчэ недастатковы, каб супрацьстаяць гэтай сур’ёзнай хваробе. У чым яе сур’ёзнасць? Коклюшны таксін уздзейнічае на дыхальны цэнтр і выклікае яго парабіёз, ад чаго наступае спыненне дыхання — апноэ. І каб яно здарылася ў маленькага дзіцяці, не трэба кашляць пяць хвілін — дастаткова 10 секунд. Такая сітуацыя са спыненнем дыхання здарылася з паўтарамесячным дзіцяці ў прыёмным пакоі нашай бальніцы. Добра, што на месцы рэанімацыя, бо выклікаць хуткую ў такой сітуацыі не паспееш. Яго маці пачала кашляць за два тыдні да родаў. Паколькі дарослыя страцілі імунітэт, які атрымалі ў дзяцінстве, яны разам з дзецьмі старэйшага ўзросту з’яўляюцца асноўнымі «пастаўшчыкамі» коклюшу. У свеце востра стаіць гэта праблема і больш чым у 40 краінах уведзена вакцынацыя цяжарных жанчын супраць коклюшу, пачынаючы з 28 тыдня, каб у маці паспелі выпрацавацца ахоўныя імунаглабуліны і перадацца дзіцяці. Тады яно абаронена да таго часу, пакуль не будзе праведзена яго ўласная вакцынацыя, — расказала Наталля Галькевіч.

Лепш папярэдзіць

Як падкрэсліла Наталля Галькевіч, вакцыны ствараюцца супраць тых хвароб, якія развіваюцца вельмі цяжка, могуць даць ускладненні і прывесці да смерці. Менавіта для таго, каб папярэдзіць такія наступствы, і існуюць прышчэпкі.

— Няма неабавязковых прышчэпак. У нацыянальны календар унесены прышчэпкі супраць тых хвароб, якія існуюць на нашай тэрыторыі. Нам не трэба вакцынавацца ад японскага энцэфаліту і жоўтай ліхаманкі, калі мы не едзем у тыя краіны, дзе гэтыя хваробы цыркулююць, — адзначыла дацэнт.

Пры гэтым не трэба меркаваць, што калі нейкія інфекцыі сустракаюцца рэдка, то яны вам не пагражаюць.

— Мы бачым у інфекцыйнай бальніцы дзяцей любога ўзросту з інфекцыямі. З ветранай воспай немаўля паступала адразу пасля нараджэння, бо маці падчас родаў хварэла, а заразіла яе старэйшае дзіця, якое пайшло ў дзіцячы садок. Зразумела, што захворванне ў нованароджаных развіваецца цяжка. А можна было своечасова прышчапіць маці, якая раней не хварэла, гэтак жа як і старэйшае дзіця, — прывяла прыклад Наталля Галькевіч.

Таксама ўрач нагадала, што асаблівую небяспеку інфекцыі тояць для людзей, якія маюць нізкі імунітэт, напрыклад, пасля прамянёвай і хіміятэрапіі. Для іх тая ж вятранка будзе надзвычай небяспечнай.

— Калі дзіця не атрымала прышчэпку ад паратыту, у будучыні магчыма бясплоддзе. Калі жанчына не атрымала прышчэпку ад краснухі, то падчас цяжарнасці гэта можа адбіцца не толькі на здароўі маці, але і на здароўі будучага дзіцяці. Вакцыны прыдуманы не проста так, а для таго, каб выратаваць наша жыццё, — рэзюмавала Наталля Галькевіч.

Алена КРАВЕЦ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Захаваць. Нельга знесці

Захаваць. Нельга знесці

Знакі прыпынку нарэшце расстаўлены.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Стральцам на гэтым тыдні не трэба пераацэньваць сваіх магчымасцяў.