Вы тут

У чым перавага біяметрычных дакументаў і як іх атрымаць?


Усё больш грамадзян нашай краіны, а таксама іншаземцаў, якія пастаянна пражываюць на тэрыторыі Беларусі, аддаюць перавагу біяметрычным дакументам. На бягучы момант іх атрымалі 229 229 чалавек, 266 801 грамадзянін аформіў ІD-карты. Увогуле, за апошнія гады з'явілася восем новых відаў дакументаў, пяць з якіх прызначаны выключна для выезду за мяжу або ўезду ў Беларусь. Усё гэта стала вынікам шматгадовай работы МУС у кааперацыі з іншымі дзяржаўнымі органамі.


Аб перавагах біяметрычных дакументаў, дадатковых магчымасцях для іх уладальнікаў, а таксама ўмовах атрымання карэспандэнту «Звязды» расказаў намеснік начальніка Дэпартамента па грамадзянстве і міграцыі МУС Юрый Кірэеў.

— Юрый Аляксандравіч, біяметрычны пашпарт — гэта поўная альтэрнатыва звычайнаму папяроваму пашпарту? Або можна мець адразу два дакументы?

— Рашэннем нашага Прэзідэнта дзяржава дала грамадзянам магчымасць выбару — атрымліваць як пашпарт старога ўзору, так і біяметрычныя дакументы. Аднак калі чалавек мае біяметрычны дакумент, звычайны пашпарт ён ужо не атрымае. Для іншаземцаў устаноўлена адназначнае патрабаванне па атрыманні біяметрычнага віду на жыхарства.

— У чым іх перавага?

— Укараненне біяметрычных тэхналогій у нацыянальныя пашпартна-візавыя дакументы — гэта павышэнне ступені абароны ад падробкі і аблягчэнне працэдур праходжання пагранічнага кантролю, а таксама, несумненна, прэстыж дзяржавы на міжнароднай арэне і спрашчэнне ўзаемных паездак грамадзян, у тым ліку на бязвізавай аснове. Акрамя таго, увядзенне біяметрычных дакументаў з'яўляецца стартам у прагрэсіўную будучыню з прымяненнем новых лічбавых тэхналогій ва ўсіх галінах жыццядзейнасці чалавека, удасканаленнем аказання паслуг і выкананнем адміністрацыйных працэдур у электронным выглядзе.

Фота БелТА

— Якімі магчымасцямі валодае ўласнік ідэнтыфікацыйнай карты (ІD-карты), якая прыкладаецца да біяметрычнага пашпарта?

— ІD-карты невялікія, функцыянальныя, зручныя, практычныя і даўгавечныя, валодаюць значнымі ўзроўнямі абароны, як ад падробкі, так і ад несанкцыянаванага доступу да асабістай інфармацыі, сведчаць асобу ўнутры краіны, па ёй можна ажыццяўляць пэўныя роды аперацый, выконваць адміністрацыйныя працэдуры. Здзяйсненне юрыдычна значных дзеянняў магчыма за кошт выкарыстання асабістага электроннага лічбавага подпісу. Сертыфікат дзейнічае дзесяць гадоў на тэрмін выкарыстання ідэнтыфікацыйнай карты.

Дадаткова яго атрымліваць не трэба. Так, рэспубліканскае ўнітарнае прадпрыемства «Нацыянальны цэнтр электронных паслуг», з'яўляючыся аператарам ключавых элементаў электроннага ўрада, распрацавала ўнікальны мабільны дадатак, які дазваляе грамадзянам і бізнесу вырашаць розныя жыццёвыя і дзелавыя сітуацыі анлайн. Мабільны дадатак адзінага партала электронных паслуг «Е-Паслуга»

— гэта больш за 500 сэрвісаў на падставе дакладных і актуальных звестак каля 60 дзяржаўных інфармацыйных сістэм у розных сферах: нерухомасць і страхаванне, медыцына і адукацыя, экалогія, мытная справа і многае іншае. Любы ўладальнік смартфона з аперацыйнай сістэмай androіd, абсталяванага NFC, з дапамогай ІD-карты можа аўтарызавацца ў мабільным дадатку «Е-Паслуга» і атрымаць доступ у лічбавы свет электронных паслуг.

— Якімі канкрэтна паслугамі можа карыстацца ўладальнік ІD-карты?

— Напрыклад, праверкай звестак аб аўтамабілі з прабегам, якая дае магчымасць атрымання інфармацыі з чатырох інфармацыйных сістэм аб дыягнастычных аглядах, удзеле ў дарожна-транспартных здарэннях, знаходжанні ў вышуку, страхаванні. Дадаткова можна высветліць інфармацыю аб знаходжанні аўтамабіля ў закладзе. Мабільны дадатак таксама дае магчымасць падаць заяву на ажыццяўленне любой адміністрацыйнай працэдуры, пераведзенай у краіне ў электронную форму, і падпісаць яе электронным лічбавым подпісам з выкарыстаннем ІD-карты. Дарэчы, стаць карыстальнікам «Е-Паслугі» ў дачыненні да часткі электронных паслуг можна і не маючы ІD-карты: аўтарызуйцеся па нумары тэлефона, emaіl, уліковых запісах у Google або Apple. Акрамя таго, мабільны дадатак «Е-Паслуга» дае доступ да шырокай экасістэмы розных сэрвісаў: убудаваны дакументаабарот; электронная пошта грамадзяніна і юрыдычнай асобы; праверка сапраўднасці электронных дакументаў; электронны кашалёк і многае іншае. Адзначу, што Дэпартаментам па грамадзянстве і міграцыі актыўна прасоўваецца пілотны праект, які дазваляе непасрэдна пасля атрымання ІD-карты ў тэрытарыяльным падраздзяленні праверыць яе працаздольнасць, зайсці на партал электронных паслуг і актываваць асабісты кабінет. Такі функцыянал рэалізаваны ў падраздзяленнях Гомеля і Мінска.

— Хто і пры якіх умовах можа атрымаць ідэнтыфікацыйную карту?

— Гэты дакумент выдаюць з 14 гадоў тэрмінам на дзесяць гадоў. Таксама па жаданні законных прадстаўнікоў ідэнтыфікацыйную карту можа атрымаць непаўналетні з моманту нараджэння тэрмінам дзеяння на пяць гадоў. Атрыманне біяметрычнага пашпарта без папярэдняга атрымання ІD-карты тэхнічна немагчыма. 

У нас прадугледжана магчымасць мець два дзеючыя біяметрычныя пашпарты. Для атрымання першага дакумента, які сведчыць асобу (ІD-карты), грамадзяніну неабходна звяртацца ў падраздзяленне па грамадзянстве і міграцыі органаў унутраных спраў па месцы жыхарства. У далейшым для замены дакумента магчымы зварот у наша падраздзяленне па выбары заяўніка. Працэдура збору персанальных і біяметрычных даных, фарміравання і апрацоўкі заяў ажыццяўляецца ў тэрытарыяльных падраздзяленнях па грамадзянстве і міграцыі, а таксама МЗС Беларусі. Выдача гатовых дакументаў здзяйсняецца толькі па месцы іх прыёму. Працэдура атрымання дакументаў стала больш простай і зручнай, а тэрміны іх вырабу істотна скараціліся. У звычайным парадку яны будуць гатовы за 15 працоўных дзён. Прадугледжана выдача біяметрычных дакументаў у тэрміновым парадку (яны будуць гатовы на пяты працоўны дзень), а таксама ў паскораным парадку (за 10 працоўных дзён).

Прыемным момантам з'яўляецца тое, што не трэба фатаграфавацца і запаўняць заяву на замену пашпарта. У падраздзяленні па грамадзянстве і міграцыі вас сфатаграфуюць і запоўняць заяву самі супрацоўнікі — дастаткова не забыцца з сабой 
наяўны дакумент, які сведчыць асобу. Для тых, у каго ўжо ёсць біяметрычны дакумент, для замены і наступнага іх атрымання дастаткова звярнуцца ў любое падраздзяленне па грамадзянстве і міграцыі краіны, неабавязкова па месцы рэгістрацыі.

Вераніка КАНЮТА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Уважлівасць і правілы бяспекі — галоўны фактар зніжэння вытворчага траўматызму

Уважлівасць і правілы бяспекі — галоўны фактар зніжэння вытворчага траўматызму

Летась зафіксавана зніжэнне колькасці выпадкаў гібелі на вытворчасці. 

Грамадства

Ад чаго залежыць бяспека атракцыёнаў?

Ад чаго залежыць бяспека атракцыёнаў?

З пачатку года атракцыёны праверылі 43 разы.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.