Вы тут

На што здольныя біяметрычныя дакументы?


Штомесяц у Беларусі выдаецца каля 15—20 тысяч ІD-картак. Усяго з верасня 2021-га іх атрымалі 57 120 беларусаў. А з улікам біяметрычных пашпартоў лічба выдадзеных біяметрычных дакументаў набліжаецца ўжо да 100 тысяч. Набыць ІD-картку ці біяметрычны пашпарт для выезду за мяжу ў нашай краіне могуць не толькі яе грамадзяне, але і замежныя асобы, а таксама асобы без грамадзянства, якія пастаянна пражываюць у краіне. Да 14 гадоў беларусы атрымліваюць ІD-картку бясплатна, а іншаземцам выдаецца таксама біяметрычны праязны дакумент і біяметрычны від на жыхарства іншаземнага грамадзяніна ці асобы без грамадзянства. Пра асаблівасці выкарыстання новых дакументаў расказалі эксперты.


Замежныя пашпарты, віды на жыхарства і «дублёры»

Беларусы падалі больш як 35 тысяч заяў на атрыманне ІD-карткі, і штотыдзень дадаецца яшчэ па тысячы ахвотных. А каля 500 беларусаў аформілі сабе ўжо абодва біяметрычныя дакументы (каб атрымаць біяметрычны пашпарт для выезду за мяжу, чалавеку абавязкова трэба мець ІD-картку), прывёў лічбы Аляксей БЯГУН, начальнік Дэпартамента па грамадзянстве і міграцыі МУС Беларусі:

— Аформлена ўжо больш за 30 тысяч біяпашпартоў грамадзян Беларусі для выезду за мяжу.

Звыш 25 тысяч біяметрычных відаў на жыхарства і каля 200 біяпашпартоў для выезду за мяжу атрымалі замежныя асобы і асобы без грамадзянства. У дачыненні да іх тэрміны здзяйснення працэдуры скарочаныя (5, 10, 15 дзён), і гэты час ні разу не быў парушаны. Грамадзянін фактычна не запаўняе ніякіх дакументаў, а толькі прад'яўляе дакумент, які сведчыць яго асобу, астатнія ж рэквізіты запаўняе інфармацыйная сістэма ў анлайн-рэжыме.

Сістэма працуе і над прадухіленнем злоўжывання з боку беларусаў, якія намагаюцца атрымаць іншыя дакументы. А таксама па пытаннях пошуку тых асоб, якія прадстаўляюць аператыўную цікавасць:

— Практыка паказвае, што ў нашай краіне ёсць яшчэ «двайнікі». На пачатку пашпартызацыі, напрыклад, ваеннаслужачыя прад'яўлялі ваенны білет і пасведчанне аб нараджэнні, і калі яны вярталіся дадому на пастаяннае месца жыхарства, іншага сведчання асобы ў іх не было. І мы, на жаль, выяўляем дублёра, таму што часта такія людзі мелі два дакументы, якія сведчаць асобу, пад рознымі прозвішчамі, і такім чынам намагаліся ажыццяўляць розныя схемы. Цяпер сістэма выдачы біяметрычных дакументаў выяўляе такіх асоб, калі супастаўляе дзве фатаграфічныя выявы твару і адбіткі пальцаў з данымі, якія захоўваюцца ў базе.

Мабільныя і абаронныя магчымасці

Новыя пасведчанні асобы прадстаўляюць сабой пластыкавую смарт-картку з мікрасхемай, дзе ўтрымліваецца інфармацыя пра ўладальніка карткі і яго біяметрычныя даныя.

— На ІD-картцы ёсць мікрачып, які ўтрымлівае некалькі дадаткаў, адзін з якіх біяметрычны — гэткі ж, як і ў новым біяметрычным пашпарце. Другі — нацыянальны — утрымлівае крыптаграфічны дадатак для электроннай ідэнтыфікацыі (выкарыстоўваецца для строгай ідэнтыфікацыі і аўтэнтыфікацыі на любых парталах розных арганізацый, каб сістэма ўпэўнілася, што ў яе ўваходзіць менавіта ўладальнік ІD-карткі) і электроннага лічбавага подпісу (ЭЛП), — расказаў Уладзімір БАСЬКО, начальнік рэспубліканскага цэнтра сведчання Нацыянальнага цэнтра электронных паслуг (НЦЭП).

ІD-карткі ў прынцыпе падтрымліваюць любыя прылады для счытвання, аднак на рынку счытвальнікаў пакуль мала, таму трэба, каб хтосьці заняўся іх вырабам ці пастаўкамі ў краіну, тым самым зменшыўшы іх кошт, закрануў тэхнічны бок праблемы Аляксей Сярогін, намеснік дырэктара па эксплуатацыі НЦЭП:

— Другая праблема ў тым, што інструменты для работы з ІD-карткамі пакуль ёсць толькі на персанальных камп'ютарах ці ноўтбуках, дзе аперацыйная сістэма прадугледжвае наяўнасць браўзера. Таму вядзецца работа над стварэннем прадукту, які дазволіць працаваць з ІD-карткамі на мабільных тэлефонах з выкарыстаннем NFC-тэхналогій.

Што датычыцца распрацоўкі айчыннага праграмнага забеспячэння для абароны інфармацыі, то на беларускім рынку хапае вытворцаў, якія забяспечваюць як крыптаграфічную абарону інфармацыі, так і сеткавую. А 80—90 % распрацовак праграмнага забеспячэння інфармацыйных сістэм створаны айчыннымі кампаніямі і суправаджаюцца беларускімі праграмістамі.

Счытваць інфармацыю з ІD-карткі можна некалькімі спосабамі. Праз QR-код або праз электронныя дадаткі, якія змешчаны на чыпе карткі і ідэнтыфікуюць і персаналізуюць грамадзяніна, які ўдзельнічае ў праграмах лаяльнасці пэўных крам ці гандлёвых сетак. У будучыні ІD-картка можа стаць адзінай карткай лаяльнасці, і ёй можна будзе карыстацца ў крамах замест шматлікіх асобных картак кожнай крамы. Тэхнічна гэта магчыма, мяркуе спецыяліст.

Налічэнне пенсій, рэгістрацыя іншаземца...

Паўсюль, куды людзі раней прыходзілі са звычайным пашпартам (на пошту, у банк, у агенцтва нерухомасці), цяпер яны могуць звярнуцца і з ІD-карткай. Гэта адна магчымасць яе выкарыстання, акрэсліла Святлана Караневіч, начальнік аддзела электроннай камерцыі НЦЭП:

— Спецыялісты ўсіх устаноў ужо ўмеюць ідэнтыфікаваць чалавека з дапамогай новага пасведчання асобы і, калі трэба, запрасіць неабходныя звесткі (аб шлюбе, дзецях), звярнуўшыся ў электронным выглядзе да інфармацыйных рэсурсаў.

Другі варыянт выкарыстання ІD-карткі — не выходзячы з дому (анлайн). Чалавек можа аўтарызавацца на АПЭП (адзіным партале электронных паслуг) і атрымаць доступ да свайго асабістага кабінета, з якога і заказаць паслугу. «Адамкнулі» свой кабінет больш за 170 тысяч карыстальнікаў, удакладніла спецыяліст:

— Асабістыя кабінеты аўтаматычна створаны для кожнага беларуса. Гэты рэсурс знаходзіцца ў спячым рэжыме, пакуль чалавек упершыню яго не актывуе — не ўвойдзе з дапамогай ІD-карткі. З пачатку года аказана ўжо 13 млн 32 тысячы паслуг (летась за ўвесь год — крыху больш за 17 млн).

Найбольш папулярныя сярод грамадзян паслугі — звесткі, якія ён можа атрымаць адносна самога сябе. Напрыклад, аб суме налічванай пенсіі ці сумах выплат, на якія налічаны страхавыя ўзносы, а таксама аб перасячэнні граніцы (калі трэба даказаць, што ў пэўны прамежак часу чалавек адсутнічаў у Беларусі ці знаходзіўся ў краіне). Праз АПЭП можна таксама зарэгістраваць іншаземца-сябра, які прыехаў у госці, або атрымаць звесткі аб наяўнасці ліцэнзіі ў нейкага контрагента.

— Уявім, што вам трэба аформіць догляд састарэлага сваяка. Вы можаце праверыць, ці можна даверыць яго пэўнай кампаніі, — патлумачыла спецыяліст. — У рэжыме анлайн можна атрымаць дазвол на правядзенне аэрафотаздымкі ці даведку аб выплаце падаткаў, каб пазбегнуць двайнога падаткаабкладання. Колькасць паслуг пастаянна расце, адпаведна, з'яўляюцца новыя цікавыя паслугі.

На партале зараз пераходны перыяд: са старой версіі АПЭП (portal.gov.by) звесткі пераносяцца на новы адрас (platform.gov.by). Аднак калі гэты перыяд скончыцца, то новы адрас, на які цяпер пераносяцца ўсе электронныя паслугі і дзе створаны асабістыя кабінеты ўсіх беларусаў, пераймянуюць ізноў — у звыклы карыстальнікам адрас portal.gov.by, на якім можна будзе атрымаць усе існуючыя паслугі.

Электронныя скрыні грамадзян і юрасоб

У Беларусі асабістыя электронныя кабінеты створаны таксама і для юрыдычных асоб — кіраўнікоў пэўных арганізацый. Каб трапіць у яго, чалавек мусіць увайсці ў свой асабісты кабінет як фізічная асоба, і калі ў Адзіным дзяржаўным рэгістры ёсць прыкмета таго, што ён з'яўляецца яшчэ і кіраўніком, яму будзе прапанавана перайсці і ў асабісты кабінет юрыдычнай асобы, расказаў Аляксей Сярогін:

— У гэтым кабінеце ён зможа ўпраўляць сваімі супрацоўнікамі з ліку грамадзян Беларусі, а таксама заказваць на АПЭП паслугі ад імя юрасобы. Калі кіраўнік хоча дадаць супрацоўніка ў базу кантактаў сваёй арганізацыі, ён дасылае яму запыт на згоду на такое дзеянне. Паведамленне пра тое, што кіраўнік хоча дадаць супрацоўніка, прыйдзе гэтаму чалавеку ў яго асабісты кабінет. І супрацоўнік павінен пацвердзіць, што ён згодны на такое дабаўленне, каб быць уключаным у спіс супрацоўнікаў. Такім чынам, работнікі павінны абавязкова мець актываваныя асабістыя кабінеты.

Для фізічных і юрыдычных асоб на партале створаны таксама электронныя скрыні, з дапамогай якіх яны могуць абменьвацца пэўнай інфармацыяй, дадаў спецыяліст:

— Мой сябра, напрыклад, неяк запрасіў мяне на ўрачыстасць праз электронную пошту грамадзяніна з дапамогай ліста з электронным лічбавым подпісам (ЭЛП). Я даслаў яму сваю згоду гэткім жа чынам і налажыў на яго запрашэнне свой ЭЛП. Цяпер і ў маёй, і ў яго скрыні ёсць дакумент з двума такімі подпісамі. Такім жа чынам я магу даслаць яму просьбу пазычыць мне грошы і даслаць ліст-распіску з ЭЛП. Ён будзе захоўваць гэты ліст, які з'яўляецца юрыдычна значным, і яго, калі што, можна будзе прад'явіць у судзе.

У пошце грамадзяніна і юрасобы ёсць праграмны інтэрфэйс — APІ, дзякуючы якому інфармацыйныя сістэмы могуць накіроўваць на пошту чалавека пэўныя паведамленні. Напрыклад, пра тое, што прыйшла пасылка. Такое паведамленне будзе знаходзіцца ў скрыні, нават калі кабінет не актываваны.

— У асабістым кабінеце ёсць і такі функцыянал, як натыфікацыя, то-бок нагадванне. Чалавек можа атрымаць паведамленне пра любую з'яву, што адбылася ў яго кабінеце, па іншым канале сувязі: праз СМС, месенджар, e-maіl, — дадаў спецыяліст.

Ірына СІДАРОК

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Такое рознае малако... Каму якое падыходзіць?

Такое рознае малако... Каму якое падыходзіць?

«Малако — паўнавартасны прадукт харчавання, а не напой, гэта важна ўлічваць».