Вы тут

Больш за 220 тысяч беларусаў атрымалі біяметрычныя пашпарты


Біяметрычныя дакументы ў Беларусі выдаюць трэці год. Пакуль што іх выбралі для сябе тры працэнты насельніцтва краіны. У лічбах гэта выглядае так: каля 270 тысяч ідэнтыфікацыйных карт грамадзяніна Рэспублікі Беларусь, каля 95 тысяч відаў на жыхарства і больш за 220 тысяч біяметрычных пашпартоў.


Лідзіруюць Гомельшчына і сталіца

— Лінейка біяметрычных дакументаў не змянілася. Гэта тры ІD-карты: грамадзяніна Беларусі, замежнага грамадзяніна, які пастаянна пражывае ў Беларусі, і асобы без грамадзянства, якая пастаянна пражывае ў Беларусі. Выдаюцца таксама пяць папяровых дакументаў з чыпам. Гэта біяметрычны пашпарт грамадзяніна Беларусі, два праязныя дакументы для бежанцаў і замежных грамадзян. Яшчэ два дакументы выдае Міністэрства замежных спраў: гэта службовы і дыпламатычны пашпарты, — паведаміў намеснік начальніка Дэпартамента па грамадзянстве і міграцыі Міністэрства ўнутраных спраў Павел Хрышчановіч.

Ён адзначыў, што замежным грамадзянам, якія афармляюць від на жыхарства, дазваляецца атрымліваць толькі біяметрычныя дакументы. Грамадзяне Беларусі маюць права выбару і могуць атрымаць альбо біяметрычны дакумент, альбо пашпарт узору 1996 года. 

Заўважым, што ідэнтыфікацыйная карта грамадзяніна (ІD-карта) прызначана для пасведчання асобы ўладальніка на тэрыторыі Беларусі (таксама на ёй запісваецца электронны лічбавы подпіс грамадзяніна), біяметрычны пашпарт патрэбны для выезду за межы краіны.

— Дваццаць тысяч грамадзян выбралі наша ноу-хау: атрыманне адным чалавекам адразу двух біяметрычных дакументаў. Многія краіны свету выкарыстоўваюць такі варыянт, — растлумачыў Павел Хрышчановіч. — У першую чаргу ён прадугледжаны для таго, каб па адным пашпарце грамадзянін мог выехаць за межы Беларусі, а другі здаць у пасольства для прастаўлення візы, напрыклад, паколькі пашпарт могуць забіраць на дастаткова працяглы тэрмін.

Калі казаць пра размеркаванне попыту на новы фармат дакументаў па абласцях, то на сённяшні дзень па ІD-картах лідзіруе Гомельшчына, а таксама Мінск. Яны ў авангардзе і па выдачы біяметрычных пашпартоў. Біяметрычныя дакументы маюць шмат розных ахоўных элементаў. «У параўнанні з пашпартам узору 1996 года, гэта вельмі абароненыя дакументы. Нам не паступала звестак аб выпадках падробкі гэтых дакументаў. Па старых пашпартах такія выпадкі фіксаваліся», — распавёў прадстаўнік МУС.

Разам з ІD-картай грамадзяніну выдаецца канверт, які змяшчае два PІN-коды і адзін PUK-код. Першы PІN-код выкарыстоўваецца для ідэнтыфікацыі, другі — для пацвярджэння электроннага лічбавага подпісу, а PUK-код дазваляе разблакіраваць карту, калі PІN-коды былі няправільна ўведзеныя.

— Часам грамадзяне звяртаюцца з пытаннем, што згубілі PІN-канверт. Але звесткі аб PІN-кодах у нас захоўваюцца толькі на працягу месяца пасля персаналізацыі дакумента. Калі прайшло больш за месяц, давядзецца мяняць ІD-карту за кошт уласных сродкаў заяўніка, — адзначыў намеснік начальніка Дэпартамента па грамадзянстве і міграцыі.

Як атрымаць дакументы

Калі па папяровы пашпарт узору 1996 года грамадзяне прыходзяць у разлікова-даведачны цэнтр, да пашпартысткі, то для атрымання біяметрычных дакументаў неабходна звяртацца непасрэдна ў падраздзяленне па грамадзянстве і міграцыі. З сабой дастаткова мець толькі пашпарт для замены, таксама патрэбна магчымасць правесці аплату праз АРІП. Астатняе супрацоўнікі робяць самі: запытваюць звесткі з эталоннага рэсурсу — Рэгістра насельніцтва, падаюць чалавеку анкету, якую ён правярае і падпісвае, і заяўка накіроўваецца ў Цэнтр апрацоўкі даных Міністэрства ўнутраных спраў.

— Праводзіцца праверка на вышук гэтага чалавека, знаходжанне грамадзяніна ў банку невыязных. Калі яму абмежаваны выезд з Рэспублікі Беларусь, то біяметрычны пашпарт выдавацца не можа, пакуль ён не вырашыць свае праблемы з гэтым пытаннем, — сказаў Павел Хрышчановіч.

Пасля гэтага заяўка накіроўваецца па абароненых каналах сувязі ў Цэнтр персаналізацыі, адзіны ў краіне. І потым, спецсувяззю, дакументы адпраўляюцца непасрэдна ў падраздзяленне па грамадзянстве і міграцыі, дзе прымалася заяўка.

— Калі стары дакумент у звычайным парадку мы персаналізуем 30 дзён, у тэрміновым і паскораным — 15 і сем дзён, то біяметрычныя дакументы — у звычайным парадку 15 дзён, у тэрміновым і паскораным адпаведна дзесяць і пяць, — адзначыў прадстаўнік МУС. — Першы біяметрычны дакумент атрымліваецца толькі па месцы рэгістрацыі, у наступным замену ІD-карты і пашпарта можна ажыццявіць у любым месцы краіны. Гэта вельмі зручны момант, які адзначаюць людзі.

У Гомелі рэалізуецца пілотны праект: у трох падраздзяленнях па грамадзянстве і міграцыі абласнога цэнтра (Чыгуначным, Цэнтральным, Савецкім) размясцілі рабочыя месцы, абсталяваныя рыдарамі. Пасля атрымання ІD-карты грамадзянін можа з дапамогай супрацоўнікаў Дэпартамента па грамадзянстве і міграцыі праверыць працаздольнасць электроннага лічбавага подпісу, актываваць асабісты кабінет і г. д. У сакавіку такія пункты з’явяцца ва ўсіх дзевяці раёнах сталіцы. А ў далейшым, калі паслуга будзе карыстацца попытам, усе падраздзяленні краіны па грамадзянстве і міграцыі будуць забяспечаны такімі пунктамі, расказаў Павел Хрышчановіч.

Каштуе ІD-карта паўтары базавыя велічыні, пашпарт — дзве базавыя велічыні. Прадугледжаны зніжкі для пенсіянераў і інвалідаў. Дзецям да 14 гадоў ІD-карта выдаецца бясплатна. Біяметрычныя дакументы для дзіцяці да 14 гадоў маюць тэрмін дзеяння пяць гадоў, дарослым яны выдаюцца на 10 гадоў.

Якія магчымасці гэта дае

Маючы біяметрычныя дакументы, чалавек атрымлівае доступ да пэўных інфармацыйных рэсурсаў.

— У прыватнасці, да Адзінага партала электронных паслуг, — адзначыў намеснік дырэктара па інфармацыйных тэхналогіях Нацыянальнага цэнтра электронных паслуг (НЦЭП) Ягор Воранаў. — У канцы 2023 года была праведзена маштабная работа па рэбрэндынгу і мадэрнізацыі партала, цяпер ён падаецца пад брэндам «Е-паслуга».

З «Е-Паслугай» можна, не выходзячы з дому, атрымліваць выпіскі, звесткі, даведкі, электронныя дакументы для вырашэння бытавых або дзелавых сітуацый грамадзян і бізнесу (даведацца аб правах на нерухомасць, зарэгістраваць замежнага госця, падаць мытную дэкларацыю, прайсці дыспансерызацыю, ацаніць аўтамабіль з прабегам). Усе паслугі прадастаўляюцца на падставе дзяржаўных інфармацыйных сістэм, вынік мае юрыдычную сілу і можа быць прад’яўлены па месцы патрабавання.

— Асабістыя кабінеты фізічных асоб папярэдне створаны для кожнага грамадзяніна Рэспублікі Беларусь, — адзначыў Ягор Воранаў. — Актывацыя кабінета адбываецца ў першы ўваход, калі карыстальнік аўтарызуецца з дапамогай строгага спосабу ідэнтыфікацыі (лічбавага подпісу або ІD-карты).

У канцы 2023 года быў запушчаны таксама мабільны дадатак «Е-паслуга», які дазваляе спрасціць карыстальнікам шлях. Адным з патрабаванняў да работы з ІD-картай з’яўляецца наяўнасць счытвальніка (рыдара), што для грамадзян і суб’ектаў гаспадарання не надта зручна. Але прыкладанне дазваляе абысціся без рыдара — патрэбен толькі смартфон з функцыяй NFC, які будзе працаваць замест счытвальніка.

Сёння дадатак «Е-паслуга» ёсць у Google Play і можа быць устаноўлены на Androіd. Цяпер спецыялісты пашыраюць пункты запампоўкі гэтага дадатку, сказаў прадстаўнік НЦЭП.

Усё будзе анлайн?

— Новае лічбавае пасведчанне асобы дазваляе аўтарызавацца ў тых ці іншых інфармацыйных сістэмах і, не выходзячы з дому, анлайн, вырашаць свае жыццёвыя сітуацыі як грамадзянін, суб’ект гаспадарання або прадстаўнік бізнесу, — сказала начальнік аддзела электроннай камерцыі НЦЭП Святлана Караневіч.

На сённяшні дзень Адзіны партал электронных паслуг прапануе 551 паслугу і сэрвіс у асабістым кабінеце. Яны класіфікаваны па катэгорыях: зямельна-маёмасныя адносіны; ахова здароўя; адукацыя; ДАІ; транспарт; візы і г. д. Летась на партале з’явілася 227 новых сэрвісаў (гэта электронныя паслугі і адміністрацыйныя працэдуры). Сёлета да гэтага спісу будзе дабаўлена яшчэ 140.

У мінулым годзе была алічбавана вялікая колькасць адміністрацыйных працэдур у сферы рэгістрацыі нерухомай маёмасці, расказала Святлана Караневіч. У гэтым годзе ўвага будзе ўдзелена, у прыватнасці, алічбоўцы працэдуры пастаноўкі на ўлік тых, хто мае патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў. Гэта вельмі запатрабаваная працэдура як у Мінску, так і ў рэгіёнах.

Аляксандра АНЦЭЛЕВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

«Шэрая» зарплата — сумныя вынікі

«Шэрая» зарплата — сумныя вынікі

Што губляюць работнік і дзяржава?

Рэгіёны

Наперадзе — лета! Ці гатовыя тэрыторыі дзіцячага адпачынку прыняць гасцей?

Наперадзе — лета! Ці гатовыя тэрыторыі дзіцячага адпачынку прыняць гасцей?

Вучэбны год завяршаецца для 1,1 мільёна беларускіх школьнікаў, з іх 107,8 тысячы заканчваюць 9-я класы і 57,5 тысячы — 11-я.

Грамадства

У чым пайсці на выпускны баль?

У чым пайсці на выпускны баль?

 Паглядзім, што раяць стылісты і што рэальна набыць у нашых шыротах, пажадана не ўганяючы бацькоў у даўгі.