Вы тут

Як мотадэльтаплан і аўтажыр дапамагаюць ваеннаслужачым


Сярод паветраных шароў, самалётаў і верталётаў мотадэльтаплан і аўтажыр набылі статус самых бяспечных лятальных апаратаў. У сілах спецыяльных аперацый Узброеных Сіл гэтыя тыпы лятальных апаратаў служаць разведчыкам верай і праўдай ужо не першы год. У паўсядзённым жыцці дэльталёты галоўным чынам выкарыстоўваюцца пры патруляванні лесапалос з мэтай выяўлення пажараў, а таксама для адпачынку і спорту. Наш спецназ знайшоў прымяненне гэтым апаратам у ваеннай сферы. Аказваецца, ва ўмелых руках дэльталёт можа быць выдатным разведчыкам.


Сур’ёзная падрыхтоўка

З самай раніцы на імправізаванай узлётнай паласе ўжо на ўсю моц кіпела работа. Дзень для палётаў выдаўся выдатны: цеплыня, невялікі ветрык, выдатная бачнасць. Першымі ў неба падняліся байцы на мотадэльтаплане «Антарэс». Апарат даволі лёгкі ў асваенні, для авалодання ім патрабуецца каля 30–40 гадзін. Для ўзлёту дэльталёту дастаткова 60 метраў. Узлятаць ён можа як з бетоннага пакрыцця аэрадрома, так і з грунта. У пілота ёсць партатыўная радыёстанцыя, з дапамогай якой ажыццяўляецца кіраўніцтва палётам са стартавага каманднага пункта на зямлі.

«Дэльталёты ў нас выкарыстоўваюць для разведкі, дэсантавання асабовага складу і грузаў, фатаграфавання мясцовасці, стральбы і нават непрыцэльнага бомбамятання», — уводзіць у курс справы лётчык-інструктар. Па словах спецыяліста, да пілотаў дэльталётаў ёсць пэўныя патрабаванні. Перш за ўсё вайскоўцу неабходна паспяхова прайсці медыцынскую камісію. Затым пачынаецца тэарэтычны этап падрыхтоўкі, які праходзіць на спецыяльных курсах, а пасля атрыманыя веды замацоўваюцца на практыцы. Толькі пасля гэтага лётчык атрымлівае допуск да маршрутных палётаў. Сур’ёзныя патрабаванні прад’яўляюцца і да вайскоўцаў, якія дэсантуюцца з дэльталётаў. Пры дэсантаванні з мотадэльтаплана выкарыстоўваюцца толькі парашутныя сістэмы спецыяльнага прызначэння. Дарэчы, скачок з дэльталёта куды больш складаны, чым з верталёта або ваенна-транспартнага самалёта Іл-76МД. Таму і ўзровень падрыхтоўкі разведчыка, яго досвед павінны быць вельмі грунтоўнымі.

Чарговы дуэт ляніва кранаецца з месца, імкліва набірае хуткасць. Узлёт! Рассякаючы крыламі вецер, разведчыкі хаваюцца за кронамі дрэў. Праз некаторы час дэльталёт выходзіць на зададзены курс і здзяйсняе дэсантаванне грузу з вышыні 300 метраў. Пры захадзе на пасадку разганяецца да сотні кіламетраў за гадзіну, кружыць над узлётнай паласой і, знізіўшыся, мякка кранаецца зямлі. Вялікае крыло, магутны рухавік і майстэрства дасведчанага авіятара не падвялі — і пасадка адбылася тое, што трэба.

Надзейны і просты ў абслугоўванні

Як толькі мотадэльтаплан здзейсніў пасадку, да ўзлёту пачаў рыхтавацца экіпаж двухмеснага аўтажыра «Ястраб», які з’яўляецца выключна беларускай распрацоўкай. Пілатуемы звышлёгкі лятальны апарат трымаецца ў паветры за кошт узаемадзеяння паветранага вінта, які свабодна верціцца, з паветраным асяроддзем. У гэтага апарата практычна няма недахопаў. Аўтажыр здольны ўзлятаць з малых і непадрыхтаваных пляцовак. Яго вартасці — наяўнасць прыборнай панэлі авіёнікі з магчымасцю падлучэння GPS-сістэмы, вялікая магутнасць рухавіка і малая вага, нізкі расход паліва ў параўнанні са старэйшым братам-верталётам, нізкі ўзровень шуму, высокая надзейнасць і прастата абслугоўвання.

Лятальны апарат «Ястраб» прызначаны для пошуку і эвакуацыі пацярпелых, вядзення паветранай разведкі, патрулявання лясных масіваў, а таксама ўчасткаў Дзяржаўнай граніцы, суправаджэння калон, выканання транспартных і агнявых задач у візуальных метэаралагічных умовах.

Як расказвае намеснік начальніка аддзялення паветрана-дэсантнай падрыхтоўкі (па лётнай падрыхтоўцы) в/ч 89417 падпалкоўнік Сяргей Л., падчас палётаў на дэльтаплане і аўтажыры няўхільна выконваюцца ўсе авіяцыйныя правілы: пачынаючы ад правіл выкарыстання паветранай прасторы, заканчваючы арганізацыйнымі і тэхнічнымі нюансамі.

«Адпрацоўваем планавыя палёты, штомесяц — не менш за шэсць лётных змен, — заўважае падпалкоўнік. — Вядома, надвор’е ўносіць свае карэктывы, але мы стараемся лятаць як мага больш. Калі казаць пра мотадэльтапланы „Антарэс“, то яны поўнасцю вывучаны намі, эксплуатуюцца досыць даўно. А вось аўтажыр „Ястраб“ паступіў на ўзбраенне ў 2022 годзе. Ідзе ўзмоцненая падрыхтоўка пілотаў».

Аўтажыр трымаецца ў атмасферы за кошт аўтаратацыі — апорны ротар сам раскручваецца набягаючым струменем паветра. У выпадку адмовы рухавіка яго можна пасадзіць на маленькі пятачок зямлі амаль без прабегу. На аўтажыры бяспечна лётаць нізка над зямлёй. Гэтым разам пілоты ляталі парай: адпрацоўвалі пілатаж. У планах — асвойваць дэсантаванне, ажыццяўляць палёты і ў цёмны час сутак. Як адзначаюць спецыялісты, гэтая тэхніка можа многае.

Алег НЯКАЛА

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.