Вы тут

Асаблівая місія ахоўных тэрыторый


Сёння экатурызм – гэта не проста цікавы адпачынак. Госць, які ідзе па экасцежцы заказніка, удзельнічае ў майстар-класе, гутарыць з людзьмі, якія там працуюць, атрымлівае карысныя веды і неўпрыкмет пераймае нормы паводзін. Калі на маршруце стаяць сметніцы ці кантэйнеры для асобнага збору адходаў, у турыста не з’яўляецца жадання кінуць паперку на зямлю. Сустрэчы з людзьмі, якія клапоцяцца аб захаванні прыродных тэрыторый, вывучаюць флору і фаўну, уплываюць на свядомасць чалавека: у іншых месцах ён таксама ўжо будзе беражліва ставіцца да ўсяго жывога. Заказнікі могуць прывіваць нават здаровыя звычкі – чалавек будзе імкнуцца набываць прадукцыю з экалагічна чыстых тэрыторый.

Аб гэтым і не толькі пагутарылі на семінары «Лепшы вопыт і практыка супрацоўніцтва на мясцовым ўзроўні па развіцці экатурызму на асабліва ахоўных прыродных тэрыторыях», які прайшоў у Расонах і ладзіўся пры фінасавай падтрымцы Расійскай Федэрацыі.


Семінар – адзін са складнікаў вялікага праекта ПРААН «Развіццё экалагічнага турызму для садзеяння зялёнаму пераходу да інклюзіўнага і ўстойлівага росту», які рэалізуецца ў партнёрстве з Міністэрствам прыроды і аховы навакольнага асяроддзя Рэспублікі Беларусь.

Прапановы для гасцей

Праект ПРААН прадугледж­вае не толькі стварэнне ўмоў для развіцця турызму на тэрыторыі заказнікаў. Па сутнасці дзякуючы яму пакрысе мяняецца жыццё рэгіёнаў, дзе знаходзяцца пілотныя заказнікі, для якіх распрацоўваюцца пэўныя стратэгіі развіцця. Ствараюцца новыя турпрадукты, кластары, куды ўваходзяць розныя ўстановы і арганізацыі. Так, у рамках праекта ПРААН на тэрыторыі Расонскага раёна з’явіўся экатурыстычны кластар «Эка-Росы», куды ўвайшлі два заказнікі, установы адукацыі, дом рамёстваў і раённыя дамы культуры. Арганічна ў кластар «упісалася» і аддзяленне дзённага прыбывання для людзей з інваліднасцю і грамадзян старэйшага ўзросту, падапечныя якога не толькі адпачываюць на тэрыторыі заказніка, але і вырабляюць адметны сувенір-ляльку «Расоначка».

Дарэчы, экатурыстычныя кластары ў межах праекта ствараюцца на тэрыторыі ўсіх пілотных за­казнікаў. Так вакол асабліва ахоўнай тэрыторыі (ААТ) збіраецца каманда аднадумцаў, куды могуць уваходзіць найбольш зацікаўленыя арганізацыі, дзяржаўныя ўстановы, актывісты, прыватны бізнес. Дзякуючы такому супрацоўніцтву з’яўляюцца новыя маршруты: пасля паходаў госці могуць наве­даць музеі, далучыцца да культурнай праграмы, паўдзельнічаць у майстар-класах, якія праводзяць супрацоўнікі дома рамёстваў, пазнаёміцца з культурна-гістарычнай спадчынай, пабываць на вытворчай экскурсіі, напрыклад, на заводзе, дзе вырабляюцца сыры. На кожным пункце будзе давацца рэклама як самой ААТ, так і калег па экакластары. Пашырэнне паслуг, з аднаго боку, дазваляе прывабіць больш турыстаў, з другога, можа мець ахоўны эфект. Дзякуючы дадатковым паслугам мож­на кіраваць патокам гасцей, кантраляваць нагрузкі на ахоўныя прыродныя тэрыторыі. Да таго ж у турыста, калі ён заняты на майстар-класе, экскурсіі ці канцэрце, няма часу на тое, каб здзейсніць «несанкцыяваную» вылазку па прыродных тэрыторыях ці развесці вогнішча, там дзе не трэба.

Супрацоўніцтва з мясцовым насельніцтвам

Адна з тэм, якая асвятлялася падчас семінара – прыцягненне мясцовага насельніцтва да экатурызму на ААТ. Удзельнікі сустрэчы пагадзіліся, што жыхары не павінны ўспрымаць заказнік як тэрыторыю, са стварэннем якой з’явіліся пэўныя забароны і быў парушаны ранейшы вясковы ўклад. Экатурызм дазваляе фарміраваць стаўленне да такіх тэрыторый як да месца, што адкрывае для мясцовых жыхароў новыя магчымасці, у тым ліку фінансавыя. Штаты заказнікаў невялікія і дапамога ў працы з турыстамі ніколі не будзе лішняй. Важна толькі стварыць умовы, у якіх мясцовыя жыхары змогуць самарэалізавацца. Напрыклад, ствараючы сувенірную пра­дукцыю, прымаючы ўдзел у абслугоўванні турыстаў, разнастайных мерапрыемствах, якія праходзяць на ААТ.

– Некалькі апошніх гадоў мы актыўна працуем з мясцовым насельніцтвам. Праводзім семінары, экалагічны фестываль «Асвейскія росы», дзе можна пачаставацца стравамі нацыянальнай кухні, паўдзельнічаць у культурнай праграме, – падзяліўся вопытам дырэктар рэспубліканскага ландшафтнага заказніка «Асвейскі» Ігар РАМАНЮК. – Да нас прыязджаюць гараджане, якім хочацца натуральных прадуктаў. Восенню турысты актыўна закупляюць ягады і грыбы. Нават калі гасцям захочацца свежай рыбы, можна іх звязаць з мясцовымі рыбакамі. Калі ў тутэйшага жыхара ёсць лодка ці, як у адной з аграсядзіб – плывучы пантон, мы супрацоўнічаем, каб абслугоўваць большую колькасць турыстаў. Напрыклад, для мяне праблематычна на 6 гадзін кінуць усе справы і павезці гасцей на рыбалку. Таму мы прыцягваем мясцовае насельніцтва па дагаворах у якасці матарыстаў (для кіравання плывучымі сродкамі магутнасцю звыш 5 конскіх сіл патрэбныя правы. – Заўв. рэд.).

На жаль, пэўны час насельніцтва ў гэтым рэгіёне імкліва памяншалася, старыя людзі паміралі, а моладзь з’язджала ў пошуку працы. Экатурызм дае новыя надзеі, што з яго развіццём зменшыцца адток насельніцтва, створацца новыя працоўныя месцы.

Унікальны турпрадукт

Як расказаў кіраўнік праекта ПРААН «Развіццё экалагічнага турызму для садзеяння зялёнаму пераходу да інклюзіўнага і ўс­тойлівага росту» Аляксандр СВІДЗЕРСКІ, з 2021 года ў нашай краіне рэалізуецца комплексная пра­грама, у якой задзейнічаны ААТ. Праект уключае некалькі кірункаў: навучанне, распрацоўку стратэгічных і метадычных дакументаў, тэхнічнае аснашчэнне. Па кожнаму з іх ужо праве­дзена вялікая работа. Былі падрыхтаваны экскурсаводы, якія будуць працаваць на ААТ для чатырох пілотных заказнікаў «Азёры», «Налібоцкі», «Асвейскі» і «Чырвоны бор». Супрацоўнікі 12 заказнікаў прайшлі праграму павышэння кваліфікацыі па тэме «экатурызм» і атрымалі пасведчанні дзяржаўнага ўзору. Лакальныя трэнінгі праводзіліся на месцах асобных заказнікаў, падчас якіх разглядаліся пытанні арганізацыі экскурсійнай дзейнасці, інтэрпрэтацыі культурна-гістарычнай спадчыны, асаблівасці работы з людзьмі з інваліднасцю пры правядзенні прыродазнаўчых экскурсій. Быў арганізаваны візіт супрацоўнікаў прыродаахоўных устаноў ў Расійскую Федэрацыю з мэтай азнаямлення з паспяховым вопытам калег.

Адна з задач праекта ПРААН – садзейнічанне стварэнню трансгранічнага маршруту, які прой­дзе па тэрыторыі расійскага нацыянальнага парка «Себежскі» і беларускіх заказнікаў «Асвейскі» і «Чырвоны бор». Падрыхтаваны доўгатэрміновыя стратэгіі развіцця экатурызму на тэрыторыі заказнікаў «Азёры», «Асвейскі», «Чырвоны бор», якія ўключаюць пяцігадовыя планы з канкрэтнымі мерапрыемствамі. Таксама для іх распрацаваны віртуальныя туры, з якімі за паўтара года азнаёмілася больш за 20 тыс. чалавек. Рэклама пра пакуль малавядомыя аб’екты спрыяе таму, што частка турыстаў выбірае для адпачынку «навінкі», а не больш раскручаныя і загружаныя прыродныя тэрыторыі.

Плануецца ў межах праекта распрацаваць знак экамаркіроўкі, якая будзе дзейнічаць на тэрыторыі ўсёй краіны, і адзіную сімволіку для прыродаахоўных тэрыторый. Сёння вядзецца праца па стварэнні сістэмы добраахвотнай экалагічнай сертыфікацыі экатурпрадукта, што спачатку будзе апрабавана на практыцы на тэрыторыі пілотных заказнікаў. Дарэчы, у свеце яшчэ вельмі мала краін, дзе ўжо дзейнічае такая сістэма. Знак, які пацвярджае якасць паслуг, што аказваюцца на прыроднай тэрыторыі, таксама будзе садзейнічаць прыцягненню турыстаў.

Што датычыцца сімволікі, гэта можа быць эмблема, якую можна выкарыстоўваць для ўсіх ААПТ. Напрыклад, на вопратцы супрацоўніка заказніка можа быць адна нашыўка, якая належыць канкрэтнай установе, і другая, што звязана з прыродаахоўнай дзейнасцю.

Таксама плануецца стварэнне інтэрактыўнай карты ўсіх ААПТ, на якую будуць нанесены запаведнікі, нацыянальныя паркі, заказнікі рэспубліканскага і мясцовага значэння, помнікі прыроды – з кароткімі звесткамі, каардынатамі і спасылкамі на іншыя рэсурсы, дзе можна атрымаць больш падрабязную інфармацыю пра дадзеныя аб’екты.

У межах праекта ПРААН праводзіцца аснашчэнне заказнікаў. Прычым для кожнай установы распрацоўваюцца адметныя праграмы. Напрыклад, у заказніку «Налібоцкі» ўвага надаецца абсталяванню экасцежак, якія дазволяць назіраць за дзікімі жывёламі, у тым ліку тарпанамі. У «Чырвоным бару» падтрымка аказваецца развіццю валанцёрскіх і інклюзіўных праектаў.

– Стаўку мы робім на тое, каб на кожнай тэрыторыі стварыць унікальны экатурыстычны прадукт, – заўважае Аляксандр Свідзерскі. – Так, у заказніку «Азёры» захавалася вузкакалейная дарога, па якой раней вывозіўся торф з месца здабычы да бліжэйшай чыгуначнай станцыі. Працягласць  вузкакалейкі – 11 км, пралягае яна праз розныя прыродныя біятопы – лугі, лес, верхавое і нізіннае балоты. Сёння яе вырашана выкарыстаць для незвычайнага падарожжа турыстаў – на дрызінах.

У Рэспубліканскім ландшафтным заказніку «Асвейскі» месцам прыцягнення турыстаў можа стаць востраў Ду – самы вялікі на тэрыторыі Беларусі. Ён займае 480 га. Да 70-х гадоў мінулага стагоддзя тут яшчэ жылі людзі, працаваў калгас. Сёння пра мінулае нагадваюць толькі асобныя пладовыя дрэвы, рэшткі фундаментаў і старыя могілкі. На востраў, дзе цяпер жывуць толькі дзікія жывёлы, турыстаў прывозіць катэр.

Заслугоўвае ўвагі і Асвейскае возера, на якім знаходзіцца Ду. Па велічыні яно саступае толькі Нарачы. Менавіта на яго беразе плануецца стварыць глэмпінг – гламурны кемпінг, дзе турысты размяшчаюцца ў асаблівых камфартабельных палатках, у якіх стаяць ложкі, засцеленыя бялізнай. Сёння стаянкі, абсталяваныя такім чынам, даволі папулярныя ў экатурызме. На самім востраве плануецца стварыць турыстычную сцежку, паставіць інсталяцыі, звязаныя з яго прыродай і гісторыяй.

Алена ДЗЯДЗЮЛЯ

Фота з архіва Асвейскага заказніка

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.