Вы тут

Папулярнасць экатурызма расце ў арыфметычнай прагрэсіі


За мінулы год асабліва ахоўныя прыродныя тэрыторыі (ААПТ) Беларусі наведала больш за 650 тысяч турыстаў. А раней — у 2021-м, гэты паказчык зафіксавалі на адзнацы каля 270 тысяч. Адбыўся больш як двухразовы рост. І здаецца, гэта не мяжа. Папулярнасць экатурызму расце ва ўсім свеце, і наша краіна не выключэнне.


Як расказала намеснік начальніка ўпраўлення біялагічнай і ландшафтнай разнастайнасці галоўнага ўпраўлення рэгулявання абыходжання з адходамі, біялагічнай і ландшафтнай разнастайнасці Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Людміла Барташэвіч, айчынная сістэма ААПТ, паводле даных на 1 студзеня 2023 года, уключала ў сябе 1338 аб'ектаў, сярод якіх найбольш буйнымі з'яўляюцца адзін запаведнік, чатыры нацыянальныя паркі, 99 заказнікаў рэспубліканскага значэння. Агульная плошча асабліва ахоўных прыродных тэрыторый складае 1,9 млн. га, або 9,1 працэнта тэрыторыі Беларусі. Аб'ём сродкаў, атрыманых ад турыстычнай дзейнасці, за год дасягнуў 15,036 млн рублёў, з якіх 14,581 млн прыпадаюць на запаведнік і нацпаркі.

Увага экатурызму аддаецца на ўсіх узроўнях дзяржкіравання. Пры Саўміне ў рамках Міжведамаснага экспертна-каардынацыйнага савета па турызме створана профільная рабочая група, якую ўзначальвае першы намеснік міністра прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя. Урадам зацверджаны і рэалізоўваецца комплекс мер па развіцці і прасоўванні экалагічнага турызму на ААПТ да 2025 года. Нацыянальнай стратэгіяй развіцця сістэмы асабліва ахоўных прыродных тэрыторый да 1 студзеня 2030 года вызначаны пералік перспектыўных для развіцця турызму асабліва ахоўных прыродных тэрыторый (39 ААПТ), у тым ліку чатыры нацыянальныя паркі і 35 заказнікаў рэспубліканскага значэння. Патэнцыял экалагічнага турызму вялікі. Гэта важны напрамак развіцця рэгіёнаў, які дае магчымасць захоўваць прыроду, садзейнічае прытоку інвестыцый і павышэнню ўзроўню жыцця перш за ўсё сельскіх жыхароў.

Безумоўна, рост колькасці экатурыстаў у арыфметычнай прагрэсіі — факт станоўчы. Масавае ўцягванне людзей у тэму аховы прыроды і захавання біяразнастайнасці сёння — больш чым актуальна. А для кіраўнікоў ААПТ-арганізацый і ўсіх тых, хто задзейнічаны ў сферы экатурызму, дадатковыя даходы, як паказвае практыка, садзейнічаюць паляпшэнню якасці паслуг і іх разнастайнасці. І ўсё ж пэўныя праблемы ёсць. Калі ў Бярэзінскім біясферным запаведніку і нацыянальных парках «Белавежская пушча», «Браслаўскія азёры», «Прыпяцкі» і «Нарачанскі» ўстаноўлены жорсткі рэжым аховы і выкарыстання прыродных тэрыторый, то ў заказніках ён істотна мякчэйшы. Паток турыстаў фактычна нічым не абмежаваны.

Даступнасці ўнікальных прыродных тэрыторый і магчымасці знаёмства з імі як мага большай колькасці гасцей можна было б парадавацца, але ўзнікае праблема антрапагеннай нагрузкі. Так, у Налібоцкім заказніку ўжо фіксуюцца пэўныя негатыўныя наступствы бескантрольнага масавага экатурызму. У прыватнасці, гэта датычыцца наведвання тэрыторыі, якую насяляюць тарпанападобныя коні. Некаторыя з турыстаў спрабуюць іх карміць, гладзіць, забываючы, што перад імі не хатні конь, а дзікая жывёла. Масавыя сплавы па рацэ Іслач таксама не спрыяюць захаванню ў некранутым стане прыбярэжных масіваў.

Супрацоўнікі заказніка «Налібоцкі», наколькі тое магчыма, прымаюць меры для паляпшэння сітуацыі. У мэтах упарадкавання пешых маршрутаў развіваюць сетку экалагічных сцежак. Ужо ёсць тры — «Сябрыньскае скрыжаванне», «Белакорац» (для людзей з абмежаванымі магчымасцямі) і з бягучага года даступная сцежка «Плейстацэнавы парк». Каб знізіць нагрузку на Іслач, плануюць стварыць некалькі дадатковых водных маршрутаў па рацэ Уса, па Заходняй Бярэзіне, а таксама па Нёмане. Акрамя таго, хутка будзе пашырана сетка веласіпедных маршрутаў і стаянак. Таксама ў экатурыстычную дзейнасць актыўна ўключаецца мясцовае насельніцтва. Нядаўна створаны турыстычны кластар для развіцця Налібоцкай пушчы. Аднак паспяховасць такіх мерапрыемстваў усё ж шмат у чым будзе залежаць ад разумення і гатоўнасці экатурыстаў самастойна падтрымліваць і захоўваць унікальнасць прыродных комплексаў ААПТ.

Часы, калі на запаведных тэрыторыях пераважаў прынцып «чужых не пушчаць!»,  даўно прайшлі. Задача — рабіць «на карысць і радасць людзям і не на шкоду прыродзе» — выконваецца. Экатурызм стаў масавым і актуальным турыстычным напрамкам. Справа за малым — усведамленне і шчырае прыняцце людзьмі неабходнасці беражлівых адносін да прыроды.

Андрэй КАРАБЕЛЬНІКАЎ

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.