Вы тут

У музеі Янкі Купалы праходзіць выстава «Зямля Леаніда Левіна»


Выстаўка «Зямля Леаніда Левіна» — адзін з праектаў Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы, прымеркаваны да 75-годдзя парка, у якім ён знаходзіцца. Але насамрэч назва адсылае не толькі да тых часоў, калі Леанід Левін разам з камандай таленавітых архітэктараў і скульптараў працаваў над стварэннем мемарыяльнага комплексу (менавіта так называўся праект) у парку Янкі Купалы. У свой час ён стаў шыкоўным падарункам да 90-годдзя Песняра, у выніку якога папулярнае месца адпачынку гараджан значна змяніла сваё аблічча. Тут не было ніводнай выпадковай дэталі, нават лаўкі, ліхтары і кветнікі ствараліся ў адным стылі. Таленавітыя творцы падбіралі сімвалы, якія паказвалі не толькі творчасць Купалы, але і ўсю культуру Беларусі. Гэта і папараць-кветка, і купальскі фантан — «Вянок», і скульптура самога Песняра, які быццам выходзіць насустрач гасцям…


Назва «Зямля Леаніда Левіна» — як даніна памяці аб заслужаным архітэктары Беларусі. І межы гэтай зямлі акрэсліць ужо цяжка, бо Леанід Мендэлевіч разам з вядучымі архітэктарамі краіны быў задзейнічаны ў праектах па рэгенерацыі Траецкага і Ракаўскага прадмесцяў, Верхняга Горада, Нямігі, аздабленні плошчы Якуба Коласа. Можна згадаць і пра будынкі Тэатра лялек, кінатэатра «Піянер», Міністэрства замежных спраў, афармленне станцый метрапалітэна «Плошча Леніна» і «Няміга». Двойчы ён стаў лаўрэатам Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь: у аўтарскім калектыве за архітэктурна-манументальны ансамбль забудовы цэнтра Давыд-Гарадка і за мемарыял «Дзецям — ахвярам Вялікай Айчыннай вайны» ў Чырвоным Беразе. Уласна, зямля Леаніда Левіна — гэта ўся тая тэрыторыя, дзе ён ствараў, дзе праз прастору і знойдзеныя для яе сімвалы наладжваў дыялог, змагаўся за захаванне гістарычнай праўды. А яшчэ яго зямля і там, дзе жывуць людзі, якія аб ім памятаюць. На выстаўцы нават прадстаўлены сертыфікат з Ізраіля, дзе яго сябры пасадзілі дрэвы ў гонар Леаніда Левіна.

Ганна Галінская

Як прызналася дырэктар Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы Ганна Галінская, у год, калі ўстанова адзначыць сваё 80-годдзе, адмыслова збіраліся ідэі і ствараліся праекты — як выставачныя, так і культурна-масавыя, прымеркаваныя да юбілею. Новая выстаўка дазваляе больш даведацца не толькі пра тое, што было зроблена для ўшанавання памяці Песняра, але і наогул паказаць цэлую эпоху, калі ствараліся архітэктурныя шэдэўры. Найвышэйшую дзяржаўную ацэнку атрымаў мемарыяльны комплекс «Хатынь». Як узгадваў Леанід Левін, галоўным было не тое, колькі аўтобусаў з турыстамі туды прывозілі, а што Хатынь сапраўды стала народным помнікам. Сюды пацягнуліся простыя людзі, многія з якіх раней ніколі не выязджалі за межы сваёй вёскі. Кранала, калі яны даставалі свае торбачкі, расцілалі посцілкі побач з месцам, дзе былі хаты, і паміналі тых, каго забрала вайна…

 

Працы Левіна — гэта не проста аб’екты, прысвечаныя пэўным асобам і гістарычным падзеям, яны вучаць разважаць, спалучаць розныя віды творчасці. Як адзначыў на адкрыцці выстаўкі скульптар, член Беларускага саюза мастакоў, лаўрэат міжнародных конкурсаў графікі і скульптуры Аляксандр Шапо, які разам з Леанідам Левіным працаваў над манументамі ў Бабруйску і ў Благаўшчыне, толькі дзякуючы Леаніду Мендэлевічу ён даведаўся, што такое паэтычнае гучанне мемарыялу.

Выстаўка — сумесны праект з Творчай майстэрняй Леаніда Левіна. Яе кіраўнік, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі, дачка архітэктара Галіна Левіна заўважыла, што той перыяд творчасці яе бацькі, калі ствараўся парк Янкі Купалы ды іншыя аб’екты, выдатна дэманструе, як перапляталіся музыка, архітэктура, скульптура, літаратура. Яна праглядала старыя газеты і адчула, што калегі яе бацькі былі літаратарамі і філосафамі, яны фарміравалі асяроддзе і перадавалі пасылы грамадству, знаходзілі вобразы, хоць час тады быў не для такіх пошукаў. Хутчэй былі запатрабаваны факты і прамыя адказы. Відаць, таму мемарыяльны комплекс так не спадабаўся тагачаснаму міністру культуры СССР — Кацярыне Фурцавай. Але ў той час столькі людзей адстаялі работу беларускіх аўтараў, і мемарыял у 1970 годзе быў адзначаны Ленінскай прэміяй за архітэктуру.

 

Галіна Левіна

Менавіта Галіна Левіна правяла першую экскурсію па выстаўцы. Многія экспанаты тут выстаўлены ўпершыню, сярод іх — асабістыя рэчы сям’і Левіных. Нават дзіцячыя кнігі і фота раскрываюць асобу. Напрыклад, у 60-я гады — вельмі напружаны час, калі ішла работа над Хатынню ды іншымі праектамі, — Леанід Мендэлевіч знаходзіў час, каб расказаць дачцэ казкі, вершы. У архітэктара было шмат сяброў сярод пісьменнікаў і іншых творчых людзей. Памяць пра іх захоўваецца ў сямейных архівах — гэта фатаграфіі, кнігі з дароўнымі подпісамі. Калі выбіраліся экспанаты, супрацоўнікі літаратурнага музея ўпадабалі адну з фатаграфій, калі Леанід Левін у сябе на лецішчы сустракаўся з Ігарам Лучанком. Так сталася, што рэчы, якія патрапілі на фота (напрыклад, ваза, карціна), захаваліся. У адной з вітрын адноўлены інтэр’ер з таго здымка.

Галіна Левіна з мужам

 

Галіна Левіна распавяла пра сваю ранейшую ідэю стварыць музей адной сям’і. Захаваліся нават вырабы яе бацькі з прыродных матэрыялаў. У 1962 годзе беларускае тэлебачанне зняла сюжэт, як малады архітэктар робіць розныя кампазіцыі з карчоў і іншых фрагментаў дрэў. У наш час гэта даволі папулярнае хобі, а тады лічылася нечым новым, смелым. На экспазіцыі можна пабачыць джэмпер і гальштукі Левіна. Натуральна, творчыя людзі ўдзялялі ўвагу свайму выгляду, іх нават маглі лічыць піжонамі. Галіна падзялілася планамі, каб у будучым зрабіць дэманстрацыю адзення, абутку, рэчаў.

За шклянымі вітрынамі — алоўкі, лякала, цыркуль, простыя інструменты, пры дапамозе якіх ствараліся выявы будучых шэдэўраў архітэктуры. Ёсць тут і кніга «Архітэктура Беларусі», у якую ўвайшлі малюнкі студэнтаў архітэктурнага факультэта. Левін ездзіў разам са студэнтамі, калі збіраўся матэрыял. У сям’і захаваліся і тыя работы, якія ў гэтую кнігу не ўвайшлі. Напрыклад, абмеры царквы ў Кажан-Гарадку. Упершыню выстаўляецца і эскіз аб’екта з радкамі з твораў Купалы, які Леанід Левін рабіў для Лагойска. Праект гэты не быў рэалізаваны.

Асобныя экспанаты знаёмяць з лёсам Левіна. Прадстаўлены праект «Каханне і вайна» — гэта расповед пра глыбокія пачуцці, сямейныя сувязі, клопаты, мары. Тут пададзены лісты, якія дасылалі адно аднаму яго бацькі ў гады вайны. Ёсць тут і першы ліст з эвакуацыі да таты ад маленькага Лёні, які толькі навучыўся пісаць, і малюнак, які ён зрабіў для бацькі ў 1942 годзе...
А яшчэ выстаўка насычана фатаграфіямі, што паказваюць як рабочыя моманты архітэктара, так і шматлікія сустрэчы.

Алена ДЗЯДЗЮЛЯ

Фота Віктара ІВАНЧЫКАВА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Уважлівасць і правілы бяспекі — галоўны фактар зніжэння вытворчага траўматызму

Уважлівасць і правілы бяспекі — галоўны фактар зніжэння вытворчага траўматызму

Летась зафіксавана зніжэнне колькасці выпадкаў гібелі на вытворчасці. 

Грамадства

Ад чаго залежыць бяспека атракцыёнаў?

Ад чаго залежыць бяспека атракцыёнаў?

З пачатку года атракцыёны праверылі 43 разы.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.