Вы тут

У Дзяржаўным музеі гісторыі беларускай літаратуры праходзіць выстаўка «Жменя сонечных промняў»


У Дзяржаўным музеі гісторыі беларускай літаратуры праходзіць выстаўка «Жменя сонечных промняў», якая прысвечана пісьменнікам — юбілярам гэтага года. Назва для яе «пазычана» ў Янкі Брыля — з яго лірычных нататак. Уласныя думкі і назіранні аўтар заносіў у свой блакнот падчас розных падарожжаў, сустрэч, знаёмстваў.


Цэнтральны вобраз экспазіцыі — сонца, яго прамяні сімвалізуюць жыццёвыя шляхі пісьменнікаў, а таксама іх творчасць, талент, натхненне.

Тут прадстаўлены асабістыя рэчы, рукапісы, фатаграфіі, кнігі. Як заўважыў падчас адкрыцця выстаўкі дырэктар Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры Сяргей Усік, усе прадметы — з фондаў музея, многія з іх раней не выстаўляліся. Кожны з іх дазваляе раскрыць пэўныя рысы характару іх гаспадароў, паказаць час, у якім яны жылі. Дарэчы, на долю большасці з юбіляраў выпалі няпростыя выпрабаванні: яны заспелі рэвалюцыйныя падзеі, Першую і Другую сусветныя войны. Так, бацька Міхася Лынькова памёр у гады Першай сусветнай вайны, хутка не стала і яго маці. Хлопцу, якому на той час не было яшчэ і 20 гадоў, давялося клапаціцца аб двух малодшых братах і сястры. У 1941—1942 гадах Лынькоў быў рэдактарам франтавой газеты «За Савецкую Беларусь». У 1941 годзе захопнікі расстралялі яго жонку і сына. Пасля вайны ўжо разам з новай спадарожніцай жыцця пісьменнік удачарыў дзвюх дзяўчынак. З асабістых рэчаў Лынькова, якія прадстаўлены на выстаўцы, — партсігар, гадзіннік, запінкі, кашуля, прывезеная з ЗША. Магчыма, яе ён набыў, калі ўдзельнічаў у Генеральнай асамблеі ААН. Тут жа можна пабачыць рукапіс рамана «Векапомныя дні» і ілюстрацыі розных гадоў, зробленыя да кніг Лынькова мастаком Анатолем Волкавым, напрыклад малюнак Міколкі-паравоза.

Яшчэ адзін з юбіляраў 2024 года — Алесь Якімовіч. Гэты пісьменнік унёс вялікі ўклад у беларускую дзіцячую літаратуру, яго нават лічаць адным з яе пачынальнікаў. На выстаўцы прадстаўлены яго аўтабіяграфія, чытанка для другога класа, кнігі з апрацаванымі ім казкамі (напрыклад, такімі як «Каток — залаты лабок» і «Як кот звяроў напалохаў»). Алесь Якімовіч таксама быў перакладчыкам дзіцячых твораў: ён пераклаў казкі Пушкіна і братоў Грым.

Большасць юбіляраў, прадстаўленых на часовай экспазіцыі, былі звязаны з літаратурным аб'яднаннем «Маладняк». Адным з першых яго сяброў быў Максім Лужанін. За пачуццёвасць і эмацыянальнасць гэтага пісьменніка параўноўвалі з Багдановічам і Ясеніным. Таму адзін з экспанатаў выстаўкі — ручка з партрэтам Ясеніна.

Сярод «маладнякоўцаў» былі Аркадзь Куляшоў і Артур Вольскі. Апошні, хоць і пакінуў літаратурную спадчыну, усё ж марыў стаць мастаком і нават паступіў у Віцебскае мастацкае вучылішча. Вось толькі вайна перарвала яго планы. Па рэчах відаць, што Аркадзь Куляшоў быў аматарам шахмат. Пасля вайны ён нават узначальваў камітэт, які займаўся папулярызацыяй гэтага віду спорту.

Самым жа «маладым» юбілярам на выстаўцы стаў Іван Чыгрынаў. Яму сёлета магло б споўніцца 90 гадоў. Яго творы перакладаюцца на розныя мовы, па іх пішуцца сцэнарыі. Сёння актыўна развіваецца рэгіянальны турызм і ствараюцца кнігі, прысвечаныя невялікім гарадам і вясковым населеным пунктам, а менавіта Іван Чыгрынаў адным з першых узяўся за папулярызацыю лакальнай гісторыі.

Алена ДЗЯДЗЮЛЯ 

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Уважлівасць і правілы бяспекі — галоўны фактар зніжэння вытворчага траўматызму

Уважлівасць і правілы бяспекі — галоўны фактар зніжэння вытворчага траўматызму

Летась зафіксавана зніжэнне колькасці выпадкаў гібелі на вытворчасці. 

Грамадства

Ад чаго залежыць бяспека атракцыёнаў?

Ад чаго залежыць бяспека атракцыёнаў?

З пачатку года атракцыёны праверылі 43 разы.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.