Вы тут

Уласны боль і трагедыя краіны. Чарнобыльскія землі — крыніца для радыяцыйнай навукі і ўнікальнага экатурызму


Наша суразмоўца на ўласным вопыце ведае, як аварыя на Чарнобыльскай атамнай электрастанцыі змяніла лёсы людзей. Катастрофа напаткала яе, жыхарку Хойніцкага раёна, 14-гадовай дзяўчынай — эмацыянальныя ўспаміны пра эвакуацыю, калоны аўтобусаў з перасяленцамі, разлучаныя сем'і засталіся з ёю на ўсё жыццё. З цягам часу яна вярнулася на сваю малую радзіму, дзе ад майстра вытворчага навучання вучылішча вырасла да намесніка старшыні Хойніцкага райвыканкама. Ужо ў якасці дэпутата Палаты прадстаўнікоў, намесніка старшыні Пастаяннай камісіі па пытаннях экалогіі, прыродакарыстання і чарнобыльскай катастрофы Жанна ЧАРНЯЎСКАЯ расказала нашаму карэспандэнту, як цяпер жывуць рэгіёны, пацярпелыя ад аварыі.


Фота house.gov.by

— Якія ўспаміны ў вас засталіся з падзей вясны 1986 года?

— Пасля аварыі, у пачатку мая, усіх дзяцей, цяжарных жанчын вывезлі з тэрыторыі раёна. Канешне, успамінаючы ўсё гэта, устрымацца ад слёз немагчыма. Стаяла вялікая колькасць аўтобусаў, куды загружалі дзяцей. Малых аддзялялі ад бацькоў, а тыя беглі за транспартам, падаючы ў дарожны пыл. У сваёй сям'і я была старэйшай, сястра меншая за мяне на пяць гадоў. Нас абедзвюх вывезлі спачатку пад Гомель, размеркавалі ў санаторыі, а потым падзялілі. Маленькіх адправілі на Міншчыну. Нас, старшакласнікаў, — у Віцебскую вобласць. Там на вакзале нас сустракала шмат людзей. І ў свой адрас мы чулі мянушкі «чарнобыльскія вожыкі» — нас сапраўды баяліся, баяліся побач хадзіць, пыталі, ці не свецімся мы ад радыяцыі, цягнулі за валасы, спрабуючы, ці сапраўдныя яны. Было ўсякае, шмат давялося перажыць. Але мы былі падлеткамі, і невялікі ўзрост дапамагаў усё гэта спакойна вытрымаць.

4 мая 1986 года было прынята рашэнне аб эвакуацыі жыхароў з 50 населеных пунктаў Брагінскага, Хойніцкага, Нараўлянскага раёнаў. На першым этапе ў самыя кароткія тэрміны эвакуацыя была праведзена цалкам з 30-кіламетровай зоны вакол станцыі. Уявіце, колькі людзей трэба было выселіць, а некаторых яшчэ і ўгаварыць! Многія, зразумела, не хацелі з'язджаць, бо неабходна было пакінуць усё. Як успамінаюць старыя, ім абяцалі, што пераезд будзе толькі на некалькі дзён або месяцаў. Але, вядома, адбылося іначай.

Нашы бацькі ў той час заставаліся на забруджанай зямлі і працавалі. Вайскоўцы і мясцовыя жыхары мылі будынкі, дзесьці здымалі грунт, мянялі шыфер.

Праз нейкі час нас з сястрой бацькі забралі дамоў. Гэта толькі мая невялікая гісторыя. Драматызм чарнобыльскай катастрофы ў тым, што яна непапраўна і на доўгі час змяніла жыцці тысяч сем'яў.

— З якімі праблемамі (акрамя экалагічных) пасля катастрофы сутыкнуліся пацярпелыя раёны?

— У тыя гады пачаў узнікаць недахоп кадраў. Напрыклад, Хойніцкі раён дынамічна развіваўся, было шмат прамысловых, сельскагаспадарчых прадпрыемстваў. Пасля чарнобыльскай трагедыі было адселена 22 тысячы з 45 600 чалавек. Уявіце, колькі засталося пустуючых аб'ектаў, жылля. Гэта падарвала кадравую палітыку раёна. Трэба было думаць пра тое, як далей жыць. Дзяржава прыняла правільнае рашэнне — ствараць праграмы па пераадоленні наступстваў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС. У 2020 годзе заканчваецца рэалізацыя пятай праграмы. У першай прадугледжваліся мерапрыемствы, якія дазволілі зразумець, што адбываецца на гэтых тэрыторыях, абараніць насельніцтва ад наступстваў. Будавалі жылыя дамы для перасялення грамадзян, асфальтавалі дарогі, адбывалася перазалужэнне паш для жывёлы і іншае. Дзяржаўныя праграмы дапамаглі людзям у першыя гады неяк сакумуліравацца. Я магу адзначыць, што ўжо ў 2000 годзе міграцыя насельніцтва ў Хойніцкім раёне амаль спынілася.
З гэтага часу пачалася работа па забеспячэнні кадрамі. Дзякуючы гэтай жа праграме з'явілася магчымасць будаваць жыллё маладым спецыялістам, даваць ім выплаты і даплаты. Прадугледжаны льготны крэдыт пад тры працэнты для набыцця мэблі ў кватэру. Калі я пакідала раён і сваю пасаду, праблем у сацыяльнай сферы з кадрамі не было.

— Якія асаблівыя ўмовы створаны для тых, хто ўжо жыве на пацярпелых тэрыторыях?

— Больш за ўсё магчымасцяў у сацыяльнай абароне, медыцынскім забеспячэнні, санаторна-курортным аздараўленні. На гэтыя мерапрыемствы прадугледжваецца 56 працэнтаў ад сумы, выдаткаванай пад дзяржаўную праграму па пераадоленні наступстваў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС. Ёсць выплаты для ліквідатараў аварыі. Насельніцтва, якое жыве ў асаблівых раёнах, раз на год праходзіць абавязковую дыспансерызацыю, медыцынскі агляд. Дзеці бясплатна аздараўляюцца ў санаторыях. Летась з усіх пацярпелых раёнаў такой магчымасцю скарысталася больш за 87 тысяч дзяцей. Вучні школ (а іх амаль 120 тысяч чалавек) атрымліваюць бясплатнае гарачае харчаванне. Праграма прадугледжвае і набыццё школьных аўтобусаў, абсталявання для харчовых блокаў. Для бальніц купляюцца апараты УГД, стаматалагічнае абсталяванне і іншае. З 2019 года ідзе рэканструкцыя Хойніцкай цэнтральнай раённай бальніцы, якая завершыцца налета. Будзе таксама весціся і пераабсталяванне. Наш раён заўсёды ўдзельнічаў у праектах, якія маглі прынесці дадатковае фінансаванне. Напрыклад, па праграме ўрада Японіі «Карані травы» мы выйгралі два сучасныя медыцынскія апараты — відэабранхаскоп і відэакаланаскоп. Яны дазваляюць на ранніх стадыях выяўляць небяспечныя новаўтварэнні.

Для ўмацавання эканомікі раёна была праведзена мадэрнізацыя Палескага вытворчага ўчастка ААТ «Мілкавіта»: уведзена ў эксплуатацыю аўтаматызаваная лінія па вытворчасці і пасоле сыроў, пабудаваны цэх для выпрацоўкі сухой сыроваткі. Перажыў рэканструкцыю Хойніцкі завод жалезабетонных вырабаў, што дазволіла не толькі вырабляць прадукцыю для жыллёвага і прамысловага будаўніцтва, але і сваімі сіламі займацца будаўніча-мантажнымі работамі. Гэта робіць таннейшым квадратны метр і зніжае сабекошт будаўніцтва жылля. Пераабсталявалі Хойніцкі завод гідраапаратуры і Хойніцкі лясгас.

— Як ідуць справы з земляробствам на гэтых тэрыторыях?

— За кошт вышэйназванай праграмы пабудаваны новыя малочнатаварныя комплексы, набываюцца мінеральныя ўгнаенні, якія дазваляюць знізіць узровень радыяцыі ў глебе і атрымліваць бяспечную прадукцыю. Да гэтага ж адносіцца пытанне вапнавання глебы. Пастаянна бяруцца пробы зямлі па пэўнай схеме, на розных палях. Для сельскай гаспадаркі набываецца спецыяльная камп'ютарызаваная тэхніка новага пакалення, якая дазваляе пазбягаць пылу ў кабіне і больш дбайна працаваць на гэтых тэрыторыях. Для хатняй жывёлы былі перазалужаныя пашы, падбіраліся навукоўцамі тыя расліны, якія мала або ўвогуле не назапашваюць радыенукліды. Таму вырошчваецца шмат рапсу, кукурузы.

У першыя гады пасля трагедыі адназначна ніякія грыбы і ягады нават не думалі збіраць, разумеючы, што ўзровень забруджвання вялікі. Пачалі займацца гэтым апошнія гадоў 5–10. Раней амаль усе дары лесу і сваю садавіну, агародніну неслі ў лабараторыі на бясплатную праверку. Цяпер такіх выпадкаў менш. Жыхары, што ходзяць у лес, ведаюць, якія грыбы назапашваюць радыяцыю, якія не. Нашы лабараторыі і санэпідэмстанцыі раёнаў адбіраюць пробы вады ў калодзежах, малака ў насельніцтва. Ёсць пэўныя пункты ў рэгіёнах, дзе робяцца заборы паветра. На тэрыторыі Хойніцкага, Брагінскага, Нараўлянскага раёнаў знаходзіцца Палескі радыяцыйна-экалагічны запаведнік, і там ужо больш сур'ёзныя лабараторыі бяруць пробы драўніны, грунту — назіраюць, ці ёсць змяненні, якая драўніна або расліна назапашвае больш радыенебяспечных рэчываў, такая ж работа вядзецца з парэшткамі дзікіх жывёл. Пакуль я працавала ў раёне, шмат вучоных з усяго свету былі на тэрыторыі нашага запаведніка. Вахтавым метадам на працягу многіх гадоў працуюць там беларускія навукоўцы.

Фота Анатоля Клешчука.

— З якімі асаблівымі праблемамі да вас сёння як да дэпутата парламента звяртаюцца жыхары пацярпелых раёнаў?

— Спецыфічных запытаў, звязаных з чарнобыльскай тэматыкай, няма. У асноўным хвалююць жыхароў праблемы надзённыя, напрыклад працаўладкаванне. Камусьці неабходна новая дарога, дзіцячая пляцоўка, лаўка, тратуар. Шмат звяртаюцца з пытаннямі па мацярынскім капітале. Задаюць нават пытанні, чаму шмат рэкламы на тэлебачанні, цікавяцца, чым займаюцца дэпутаты, якія заканадаўчыя акты разглядаюцца.

— Ці ёсць цяпер у распрацоўцы Пастаяннай камісіі па пытаннях экалогіі, прыродакарыстання і чарнобыльскай катастрофы заканадаўчыя акты, звязаныя з чарнобыльскай праблематыкай?

— Зараз такіх нарматыўна-прававых актаў няма. Але я хачу яшчэ раз звярнуць увагу на Дзяржаўную праграму па пераадоленні наступстваў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС. Сёння распрацоўваецца новая, шостая праграма на 2021–2025 гады. Уносяцца прапановы па ёй, дэпартамент па ліквідацыі наступстваў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС Міністэрства па надзвычайных сітуацыях акумуліруе іх. На працягу многіх гадоў задачы праграм застаюцца нязменныя — у галіне медыцыны, сацыяльнай абароны, радыяцыйнай абароны, сацыяльна-эканамічнага развіцця раёнаў. Напрыклад, мы запрашаем маладых спецыялістаў і павінны іх забяспечыць жыллём. Калі браць Хойніцкі раён, там штогод будуецца адзін дом з аднапакаёвымі, двухпакаёвымі кватэрамі для маладых спецыялістаў. Акрамя таго, калі работнік заключае кантракт на пяць гадоў, то яму выплачваюць 200 базавых велічынь, па другім пяцігадовым кантракце — 300 базавых велічынь. На сёння гэта дапамагае замацаваць маладых спецыялістаў на месцах. Замацаванасць у нас у межах 75 працэнтаў.

— Дэпутацкі корпус нейкім чынам прыцягваецца да работы над праграмамі па пераадоленні наступстваў катастрофы?

— Праграму распрацоўвае дэпартамент па ліквідацыі вынікаў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС Міністэрства па надзвычайных сітуацыях. Але я прысутнічала на пасяджэнні па падвядзенні вынікаў у 2019 годзе ў дэпартаменце. Калі пыталіся пра прапановы ў новую праграму, я выступіла з меркаваннем наконт павелічэння турыстычнага складніка на тэрыторыі Палескага радыяцыйна-экалагічнага запаведніка. Ёсць вялікая колькасць ахвотных туды трапіць, паглядзець на раслінны і жывёльны свет. За кошт таго, што з гэтых тэрыторый сышлі людзі, там флора і фаўна вельмі дынамічна і незвычайна развіваюцца. Напрыклад, ёсць беларуская архідэя, яе называюць венерын чаравічак, — на тэрыторыі нашага раёна яна была поўнасцю знішчана. Цяпер кветку знаходзяць у шматлікіх месцах — гэта сведчыць пра тое, што прырода адраджаецца. Тое ж адбываецца і з жывёльным светам: і зубры, і коні Пржавальскага, і рысі, і алені выдатна адчуваюць сябе там. Ёсць чырванакніжныя птушкі. Ніхто ніколі не бачыў, як жыве чорны бусел. А там гэтых птушак шмат.

Магчыма, работа з турыстамі будзе распрацоўвацца наступным чынам. Спецыяліст запаведніка забірае невялікую групу людзей, паказвае прыроду і з'язджае разам з наведвальнікамі, бо там заставацца нельга. Там і супрацоўнікі запаведніка не жывуць, а прыязджаюць на дзень або працуюць вахтавым метадам. Развіццё такога турыстычнага складніка будзе для Хойніцкага і іншых раёнаў спрыяць сацыяльна-эканамічнаму развіццю, падцягне гасцінічны, сувенірны бізнес.

Апроч таго, за гэтыя гады шмат матэрыялу напрацавала навука. Такой тэрыторыі ў свеце няма больш нідзе, а мы крыху спазняемся з падрыхтоўкай разнастайных матэрыялаў на аснове гэтай работы. Была прапанова: праз дзяржаўныя праграмы ці іншыя крыніцы заняцца выданнем навуковых і адукацыйных матэрыялаў. Яны могуць дапамагчы камусьці пераадолець падобныя праблемы. Свет не застрахаваны цяпер ні ад чога. Напрыклад, зусім нядаўна адбылася трагедыя на Фукусіме. Дарэчы, японскія спецыялісты ўжо прыязджалі да нас, і мы дзяліліся сваім вопытам.

— Якім чынам магчыма будзе трапіць у складзе турыстычнай групы ў запаведнік?

— Гэта можна зрабіць праз сайт. Кароткатэрміновая паездка не прынясе шмат праблем. Там ужо не адзін раз былі СМІ і блогеры Расійскай Федэрацыі. Адзіная нязручнасць — што частка тэрыторыі запаведніка адносіцца да прыгранічнай тэрыторыі, таму трэба атрымліваць дазвол ад пагранічнікаў. З гэтым яшчэ неабходна вырашаць, цяпер пытанне разглядаецца.

— Працягваючы тэму турызму: як вы асабіста адносіцеся да экскурсій у горад Прыпяць, чарнобыльскія закрытыя раёны? Ці трэба прапаноўваць такія маршруты?

— Я мяркую, што так. Гэта магчымасці для суседніх, пацярпелых ад катастрофы, але не адселеных раёнаў для развіцця. Вось кажуць, што на Украіне стапталі ўсе шляхі і ездзяць туды ўсе, хто пажадае. У нас так не будзе. Усіх ахвотных у Палескі запаведнік не пусцяць, але для арганізаваных груп — калі ласка. Калі такая турыстычная тэма будзе прапанавана МНС і пададзена для замацавання ў заканадаўства, я буду адназначна «за».

— Чарнобыльская праблематыка апошнім часам вельмі цікавая замежнаму турысту. Пэўную ролю ў гэтым сыграла і тэлебачанне — вядомы амерыкана-англійскі серыял «Чарнобыль», які ўзяў шмат кінапрэмій. Вы яго глядзелі? Якія вашы ўражанні?

— Так, глядзела. Увогуле ўсё досыць дакументальна і натуральна: ад адзення, мэблі, транспарту да абстаноўкі. Але мне не хапіла нейкай душэўнай ноткі, таго, што перажыла я, іншыя людзі, — калі вас здымаюць з роднага месца і звозяць. Было неяк дакументальна-адасоблена. Але фільм усё ж такі ўразіў сваёй натуральнасцю, крануў.

Марыя ДАДАЛКА

Фота Анатоля КЛЕШЧУКА

Загаловак у газеце: Уласны боль і трагедыя краіны

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».