Вы тут

Патэнцыял экатурызму ў Беларусі рэалізаваны менш чым на трэцюю частку


На сумесным пасяджэнні калегій Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя і Міністэрства спорту і турызму разглядаліся перспектыўныя кірункі развіцця экалагічнага турызму ў краіне. У выязным пасяджэнні, якое праходзіла на турыстычнай базе «Сябрыньскія азёры» ў Налібоцкай пушчы, прынялі ўдзел прадстаўнікі як міністэрстваў, так і гарадскіх і абласных выканаўчых камітэтаў з усёй краіны, а таксама кіраўнікі арганізацый, падначаленых Мінпрыроды.


Асабліва ахоўныя прыродныя тэрыторыі з унікальнымі формамі рэльефу, маляўнічымі азёрамі і рэдкімі відамі флоры і фаўны займаюць 8,8% тэрыторыі краіны. Асноўная іх функцыя — захаванне прыродных экасістэм, але разам з тым гэтыя аб'екты прыдатныя і для экатурызму. У Беларусі ўжо ёсць неблагія дасягненні — Бярэзінскі біясферны запаведнік, Белавежская пушча, Браслаўскія азёры, Аўгустоўскі канал і іншыя сталі сапраўднымі брэндамі гэтай галіны. І Налібоцкая пушча таксама не выключэнне. Факт выбару месца правядзення калегіі гаворыць сам за сябе. Заказнік «Налібоцкі» — адзін з самых буйных у краіне, яго прыбытак у год складае больш за 1,2 млрд недэнамінаваных рублёў. Па словах міністра прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Андрэя Каўхуты, спалучэнне экалагічных мерапрыемстваў Мінпрыроды з прафесійным поглядам Міністэрства спорту і турызму дасць штуршок для далейшага развіцця актуальнага сёння экатурызму на прыкладзе замежных краін.

У нашай краіне экатурызм у цэлым развіваецца не вельмі актыўна, пакуль яго патэнцыял рэалізаваны менш чым на трэцюю частку. На калегіі акрэслілі асноўныя праблемы, якія запавольваюць прыродны турызм: неразвітасць сферы паслуг, кадравы «голад» (адсутнасць кваліфікаваных спецыялістаў, якія валодаюць замежнымі мовамі), дрэнная каардынацыя дзеянняў паміж рознымі кіруючымі органамі, візавы рэжым, неабходнасць дазволу на наведванне прыгранічных зон, недахоп рэкламы, адсутнасць інфармацыі ў інтэрнэце. Фінансаванне мерапрыемстваў па развіцці экатурызму будзе ажыццяўляцца за сродкі рэспубліканскага і мясцовых бюджэтаў, але ўдзельнікі калегіі гаварылі і пра неабходнасць стварэння апякунскіх саветаў, у якія ўвойдуць прадстаўнікі прыватнага бізнесу і насельніцтва, а таксама пра пошук донараў міжнароднай тэхнічнай дапамогі.

Для далейшай сістэмнай і мэтанакіраванай работы па развіцці экалагічнага турызму на асабліва ахоўных прыродных тэрыторыях на сумеснай калегіі вырашылі забяспечыць стварэнне на базе Бел НДЦ «Экалогія» сектара, які адказвае за пытанні развіцця экалагічнага турызму і выпусціць прэзентацыйнае выданне аб асабліва ахоўных прыродных тэрыторыях Беларусі; сумесна з Мінспорту і Дзяржпагранкамітэтам распрацаваць пытанне бязвізавага наведвання трансгранічных прыродных тэрыторый «Котра—Чапкяляй», «Рычы—Сіленэ», Браслаўскія азёры—Аўгшдаўгава»; забяспечыць правядзенне навучання спецыялістаў тэрытарыяльных органаў Мінпрыроды, ДПУ, мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў па пытаннях экатурызму. Адобрылі некалькі праектаў і комплексы мер па развіцці экатурызму да 2025 года, прапанавалі выканкамам разглядаць на пасяджэннях пытанні развіцця экатурызму.

Трэба адзначыць, што пры абмеркаванні пытанняў развіцця экатурызму спецыялісты не забыліся і на ахову прыродных тэрыторый, адкрытых для наведвання. Удзельнікі мерапрыемства адзначылі неабходнасць устанаўлення нарматываў дапушчальнай антрапагеннай нагрузкі на гэтыя ўнікальныя ахоўныя аб'екты.

Вольга ПРАЛЮК

pralyuk@zviazda.by

Загаловак у газеце: Чаго нам не хапае на прыродзе

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».