Вы тут

У Брэсце ўрачыста адкрылі 80-кватэрны дом для медыкаў


Па вуліцы Медыцынскай у Брэсце, побач з абласной бальніцай, узвялі дзесяціпавярховы арэндны дом для медыцынскіх работнікаў горада. У доме на два пад'езды усяго 80 кватэр, палова з іх двухпакаёвыя, 20 — аднапакаёвыя і 20 — трохпакаёвыя.


Сімвалічны ключ трымае галоўны ўрач Брэсцкай абласной клінічнай бальніцы Аляксандр Карпіцкі.

З наваселлем медыцынскіх работнікаў прыехаў павіншаваць старшыня Брэсцкага аблвыканкама Юрый Шулейка. Як адзначыў губернатар падчас цырымоніі адкрыцця, дом узведзены па распараджэнні кіраўніка
дзяржавы.

— Пляцоўку для дома выбіралі з улікам камфорту жыльцоў. Навасёлы, думаю, ацанілі той факт, што дом знаходзіцца блізка ад работы, побач — лесапаркавая зона, добрая транспартная лагістыка, — адзначыў губернатар. — Кватэры ўтульныя, светлыя, засталося вясной высадзіць кветкі, і двор стане выглядаць зусім прывабна. Большасць кватэр выдзелена работнікам абласной бальніцы, ключы атрымалі супрацоўнікі рознага рангу — ад санітаркі да ўрача вышэйшай катэгорыі, ёсць у ліку жыльцоў і медыкі іншых лячэбных устаноў горада. З улікам членаў сем'яў у доме будзе пражываць каля 200 чалавек. Цяпер разглядаем магчымасць рэканструкцыі аднаго з двух інтэрнатаў абласной бальніцы для пераводу будынка ў арэндны дом.

Галоўны ўрач абласной клінічнай бальніцы Аляксандр Карпіцкі ў размове з журналістамі адзначыў, што мінулы 2022 год стаў для іх установы паспяховым:

— Па-першае, мы вярнуліся да аб'ёмаў медыцынскай дапамогі, якія былі да ковіду. Летась мы атрымалі статус навуковай арганізацыі і сёння з'яўляемся адзінымі сярод рэгіянальных бальніц, хто мае такое званне. Нядаўна завяршылася работа над выкананнем праектна-каштарыснай дакументацыі на новы хірургічны корпус. Будаўнічыя работы распачнуцца вясной.

Гэта вялікі праект, разлічаны на тры гады будаўніцтва. Каштарысны кошт складае каля 220 мільёнаў рублёў, з якіх прыкладна 100 мільёнаў пойдзе на абсталяванне. Увядзенне ў строй аб'екта абяцае стаць прарыўной вяхой аказання медыцынскіх паслуг на Брэстчыне. Тут будуць праводзіць высокатэхналагічныя аперацыі, у тым ліку жыхарам іншых рэгіёнаў Беларусі. Фінансавацца будаўніцтва будзе пароўну з рэспубліканскага і абласнога бюджэтаў. Паводле праекта, корпус будзе складацца з двух блокаў. У чатырохпавярховым будынку размесцяць прыёмнае, рэанімацыйнае, аперацыйнае, цэнтралізаванае стэрылізацыйнае аддзяленні і аддзяленне гемадыялізу. У другім будынку лячэбнага блока размесцяцца кардыялагічная, кардыя-
хірургічная і сасудзістая дапамогі. Дадаткова будуць адкрыты тры аддзяленні, у тым ліку інфарктнае і парушэнняў рытму. З часам у абласной бальніцы з'явяцца дзве гібрыдныя аперацыйныя — кардыяхірургічная і сасудзістай хірургіі. Апошняе дазволіць брэсцкім медыкам адначасова выкарыстоўваць малаінвазійную методыку з адкрытымі аперацыямі на сэрцы і сасудах.

Сям'я Адамчук у новай кватэры.

Каб усё гэта функцыянавала на належным узроўні, патрэбны кваліфікаваныя кадры, якія ўжо сёння напрацоўваюць вопыт. Замацоўваць найлепшых — задача, важная нароўні са стварэннем матэрыяльна-тэхнічнай базы. Таму і адзначылі на святочнай цырымоніі, што новы арэндны дом як падарунак: у яго засяляюцца ў асноўным маладыя людзі каля 30 гадоў. Такія, напрыклад, як сям'я Сяркевічаў. Павел і Алена выхоўваюць малога сына, абое — медыкі. Да гэтага жылі на здымнай кватэры. Павел працуе ўрачом-рэаніматолагам у абласной бальніцы. Сказаў, што з жонкай ужо пакуюць рэчы і спадзяюцца за тыдзень пераехаць. Іх суседзямі па доме будзе таксама сям'я медсястры Наталлі Сарокі. Яе стаж у абласной бальніцы набліжаецца да васьмі гадоў, сёння Наталля працуе старшай медсястрой аддзялення функцыянальнай дыягностыкі, разам з мужам выхоўвае дачку і сына. Да гэтага сям'я жыла ў інтэрнаце. Хірург Ігар Белавусаў пакуль сям'і не мае, атрымаў аднапакаёвую кватэру. Усе навасёлы ў адзін голас дзякавалі будаўнікам, бо кватэры здадзены пад ключ, можна завозіць мэблю і жыць.

Будаўніцтвам дома займаліся спецыялісты КУП «Брэстжылбуд». Іх генеральны дырэктар Аляксандр Раманюк уручыў сімвалічны ключ Аляксандру Карпіцкаму. Пры гэтым адзначыў, што будаўнікі зрабілі ўсё магчымае для камфорту гаспадароў. І сапраўды, госці навасёлаў маглі ўпэўніцца, што кухні і санвузлы абсталяваны ўсім неабходным, сцены і падлогі не патрабуюць рамонту. На дваровай тэрыторыі праведзена добраўпа-
радкаванне. А вокны большасці пакояў выходзяць на сасновы бор.

Памочнік Прэзідэнта — інспектар па Брэсцкай вобласці Валерый Вакульчык, які прысутнічаў на адкрыцці, адзначыў, што будаўніцтва арэнднага дома для медыкаў стала першым падобным прыкладам у краіне і, магчыма, паслужыць пачаткам добрай традыцыі.

Святлана ЯСКЕВІЧ

Фота БелТА

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.