Вы тут

Рэспубліканская акцыя «Адновім лясы разам» набірае абароты на Брэстчыне


Сёлета рэспубліканская акцыя Міністэрства лясной гаспадаркі краіны «Адновім лясы разам» стартавала на Брэстчыне, у Гарадзішчанскім лясніцтве Баранавіцкага лясгаса. Усяго на пасадку лесу разам выйшлі каля 80 чалавек, прадстаўнікоў грамадскіх арганізацый, працоўных калектываў, моладзі.


Вучні СШ № 8 горада Брэста.

Першы намеснік міністра лясной гаспадаркі краіны Аляксандр Драгун, які прымаў удзел у акцыі, падкрэсліў, што сёлета асаблівая ўвага щдзяляецца якасці. Важна забяспечыць не толькі аб’ём пасадак, але і высокую якасць работы, каб маладыя саджанцы добра прыняліся і ў свой час сталі дружнай лясной дзялянкай. Намеснік міністра паведаміў, што летась падчас падобнай кампаніі ў краіне было пасаджана крыху больш за шэсць тысяч гектараў лесу, у гэтым годзе плануецца пасадзіць на плошчы не менш за шэсць з паловай тысячы гектараў.

Намеснік старшыні Брэсцкага аблвыканкама Вадзім Альшэўскі нагадаў, што акцыю «Адновім лясы разам» Брэсцкая вобласць пачынае адной з першых. Да гэтай пачэснай справы, якая накіравана на аднаўленне ляснога багацця, на экалагічны дабрабыт будучых пакаленняў, далучаецца ўсё больш людзей.

У Ганцавіцкім раёне першымі да акцыі далучыліся пярвічныя арганізацыі БРСМ на чале з першым сакратаром раённага камітэта Анастасіяй Гурман. У адзін з апошніх дзён сакавіка працоўны дэсант высадзіўся на тэрыторыі Круговіцкага лясніцтва. На лясной дзялянцы добра папрацавалі прадстаўнікі пярвічных арганізацый Ганцавіцкага лясгаса і раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях.

А на Піншчыне добрую справу падтрымалі медыцынскія работнікі раёна. Цэлы атрад медыкаў накіраваўся ў прыгараднае лясніцтва. Ала Вайтовіч, урач па медыцынскай прафілактыцы Пінскай цэнтральнай паліклінікі, сказала, што яны з калегамі ўмеюць не толькі лячыць людзей, але аказаліся і спраўнымі рабочымі па пасадцы лесу: «Дробны дожджык не стаў перашкодай рабоце, мы працавалі з пачуццём уласнага дачынення да справы аднаўлення лясоў роднай краіны і паляпшэння навакольнага асяроддзя».

— Да пачэснай справы далучаюцца многія і многія жыхары абласнога цэнтра. У ліку першых акцыю падтрымалі вучні і настаўнікі школ, дзе працуюць школьныя лясніцтвы, — сказала карэспандэнту газеты намеснік дырэктара па ідэалагічнай рабоце Брэсцкага лясгаса Ірына Фандорка. — Напрыклад, вучні са школьнага лясніцтва «Зялёная школа» брэсцкай СШ № 8 імя У. М. Карвата працавалі на пасадцы лясных культур у Мухавецкім лясніцтве.

Хлопчыкі і дзяўчынкі пасадзілі дзялянку плошчай у паўгектара з саджанцаў сасны і бярозы. На наступны дзень акцыю падтрымала школьнае лясніцтва СШ № 14 імя Я. М. Фаміна ў гэтым жа лясніцтве. Вельмі адказна і старанна працавалі ўдзельнікі школьнага лясніцтва Чарнаўчыцкай сярэдняй школы Брэсцкага раёна ў 193-м квартале Чарнаўчыцкага лясніцтва.

Прадстаўнікі ўжо цэлага шэрагу школ Брэста выязджалі на пасадку дрэў. Напрыклад, вучні і настаўнікі сярэдняй школы № 37 пабывалі ў Мяднянскім лясніцтве Брэсцкага лясгаса. Школьнікі ганарацца тым, што зрабілі ўнёсак у агульную справу. На сайце школы яны пакінулі справаздачу аб выніках працоўнага дэсанта, паведамілі, што высадзілі 600 саджанцаў сасны, 500 бярозы, 300 ясеня, па 200 дуба і клёна.

Талаку падтрымалі супрацоўнікі ўстаноў і арганізацый абласнога цэнтра, студэнты Брэсцкага дзяржаўнага тэхнічнага ўніверсітэта.

Вучні Чарнаўчыцкай сярэдняй школы.

— У Драгічынскім раёне акцыя набірае абароты, — паведаміла намеснік дырэктара Драгічынскага лясгаса па ідэалагічнай рабоце Алена Таўстыка. — На канец гэтага тыдня працоўныя дэсанты запланавалі прадстаўнікі органаў дзяржаўнай улады, супрацоўнікі аддзелаў МНС і Следчага камітэта, «Белдзяржстраха», іншых арганізацый. Папрацавалі ўжо члены БРСМ, школьнікі, навучэнцы каледжа. Такім чынам, добрая справа набывае ўсё больш прыхільнікаў.

Генеральны дырэктар Брэсцкага абласнога лесагаспадарчага аб’яднання Анатоль Леванюк паведаміў, што летась у Брэсцкай вобласці падчас акцыі было пасаджана каля 500 гектараў лесу, на гэты год запланавана звыш 600 гектараў, а ўсяго сёлета ў рэгіёне будзе высаджана больш за 2,5 тысячы гектараў лесу.

У Міністэрстве лясной гаспадаркі распрацавалі прыгожую наглядную агітацыю з нагоды акцыі. На адным з плакатаў напісана, што талака па аднаўленні беларускіх лясоў прысвечана Году якасці. Каб прыняць удзел, дастаткова звярнуцца ў найбліжэйшае лясніцтва ці лясгас і заявіць аб сваім жаданні. Акцыя прадоўжыцца да 20 красавіка.

Святлана ЯСКЕВІЧ

Фота Брэсцкага лясгаса

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Уважлівасць і правілы бяспекі — галоўны фактар зніжэння вытворчага траўматызму

Уважлівасць і правілы бяспекі — галоўны фактар зніжэння вытворчага траўматызму

Летась зафіксавана зніжэнне колькасці выпадкаў гібелі на вытворчасці. 

Грамадства

Ад чаго залежыць бяспека атракцыёнаў?

Ад чаго залежыць бяспека атракцыёнаў?

З пачатку года атракцыёны праверылі 43 разы.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.