Вы тут

У рэзідэнцыі беларускага Дзеда Мароза сустрэлі Снягурку


Падаецца, не так і даўно адкрывалі ў Белавежскай пушчы рэзідэнцыю галоўнага беларускага Дзеда Мароза, а налета ўжо 20 гадоў будзе. Каля двух мільёнаў гасцей-наведвальнікаў сустрэлі тут за гэты час. Ці справіўся б Дзядуля адзін з такой работай? Мабыць, не. А стаміўся б, дык яшчэ, чаго добрага, збег ад нас на які халодны полюс... Але наш галоўны навагодні чараўнік пачувае сябе добра ў векавым лесе, бо ў яго шмат памочнікаў. І першая сярод іх — казачная ўнучка Снягурка.


Летам яна жыве ў Антарктыдзе, а на зіму прыязджае сюды, у пушчу, каб дарыць людзям навагодні настрой і падарункі, дапамагаць разбіраць вялікую пошту. Апошнія гады Снягурка прыязджае ў пушчу не адна, а са світай — матухнай Зімой, а яшчэ з Завеяй, Сцюжай і Мяцеліцай, і ўсе яны ў зімовыя месяцы самааддана працуюць у памесці на карысць зімовай казкі. Вось і сёння доўгачаканыя госці завіталі ў пушчу, сустрэліся пасля доўгай разлукі з Дзядулем Марозам.

Казачны Дзед сустрэў іх ля варот сваёй рэзідэнцыі:

— Як я сумаваў без вас, як чакаў! Шматлікія госці нашы, дарослыя і дзеці, таксама чакалі. Праходзьце і далучайцеся да нашага свята! 

Снягурка, якая без справы ў сваёй халоднай летняй кватэры не сядзела, а рыхтавала падарункі, адразу ўзялася за работу. Усіх сустракала, прывячала, на добрыя словы не скупілася. Свята, якое назвалі «Белавежская казка», разгарнулася па ўсяму памесцю. Удзельнікі фестывалю аніматараў і тэатраў гульні «Добрыя чараўнікі» сабралі мноства гледачоў, акунулі гасцей у сапраўдную феерычную дзею. Тут усе спявалі, танцавалі, а галоўнае, усміхаліся разам. Самадзейныя калектывы, якія выступалі на імправізаванай сцэне, таксама задавалі святочны настрой. Маршам прайшоў аркестр Дзядоў Марозаў.

Госці з задавальненнем гулялі па рэзідэнцыі, цуды тут чакаюць ледзь не на кожным кроку. Ля чароўнага млына можна загадаць жаданне, але перад гэтым трэба папрасіць млын перамалоць усё дрэннае. І млын паслухае, і перамеле... А ўжо потым на паляне 12-ці месяцаў папрасіць заступніцтва ў свайго чароўнага месяца. Белавежская пушча захоўвае мноства розных таямніц і сакрэтаў, таму атмасфера ў лясным царстве асаблівая. Тут можна атрымаць падарунак, а можна і зрабіць падарунак. Тады яго размесцяць у Скарбніцы, і кожны зможа ўбачыць, якія прыгожыя рэчы робяць сваімі рукамі госці ў падарунак навагодняму чараўніку, якія незвычайныя прывозяць званочкі, Дзядуля сабраў іх цэлую калекцыю. 

Госці з задавальненнем наведваюць усе цікавасці рэзідэнцыі, а таксама частуюцца чаем на травах, блінамі і рознай смакатой.

Настаўніца з Брэста Вольга Бабко прыехала з дзецьмі:

— Дзеці у захапленні, яны чакалі сустрэчы з Дзедам Марозам і Снягуркай, мы ехалі за навагоднім настроем,і мы яго атрымалі, а яшчэ зарад весялосці і бадзёрасці.

Святлана ЯСКЕВІЧ

Фота з архіва, носяць ілюстрацыйны характар

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.