Вы тут

У Брэсце хутка з'явіцца мурал, прысвечаны абаронцу Брэсцкай крэпасці Герою Савецкага Саюза Пятру Гаўрылаву


На вуліцы Гаўрылава ў Брэсце пачалі працаваць два мастакі сталічнай артстудыі ALMІRA. Яны наносяць на сцяну шматпавярховіка мурал героя, чыё імя носіць вуліца.


Старшыня Брэсцкага гарвыканкама Аляксандр РАГАЧУК у сваім тэлеграм-канале паведаміў, што гэта работа стала сумесным праектам гарадскога выканаўчага камітэта і Расійскага цэнтра культуры і навукі ў Брэсце. Яе плануецца завяршыць да 28 ліпеня — дня вызвалення горада.

Варта сказаць, што маёр Гаўрылаў — адзін з самых вядомых абаронцаў крэпасці. Ён быў цэнтральнай фігурай абароны Усходняга форта крэпасці. Яго заслугі прызнаў нават непрыяцель. Нямецкі генерал у сваім данясенні з павагай назваў яго «душой абароны». Пётр Гаўрылаў быў тым самым «невядомым маёрам», якога ў канцы чэрвеня ні сярод загінулых, ні сярод палонных немцы не знайшлі. Ён трапіць у палон 23 ліпеня. А да гэтага будзе абараняцца. Спачатку ў складзе трох рот, потым з астаткамі групы ў 12 чалавек з трыма кулямётамі, а ў канцы — калі застанецца адзін.

І толькі параненага, зусім знясіленага, яго знойдуць 23 ліпеня. Сяргей Смірноў у кнізе «Брэсцкая крэпасць» так апісаў момант захопу ў палон: «Палонны маёр
быў у поўнай камандзірскай форме, але яго вопратка ператварылася ў лахманы, твар быў пакрыты сажай і пылам, аброс барадой... Гэта быў у поўным сэнсе слова шкілет, абцягнуты скурай. Да якой ступені дайшла змардаванасць, можна было меркаваць па тым, што палонны не мог нават зрабіць глытальны рух:
у яго не хапала на гэта сіл, і дактарам давялося прымяніць штучнае харчаванне, каб выратаваць яму жыццё. Але нямецкія салдаты, якія бралі яго ў палон, расказалі ўрачам, што гэты чалавек, у чыім целе ледзьве трымцела жыццё, усяго гадзіну таму ў адзіночку прыняў бой, кідаў гранаты, страляў з пісталета, забіў і параніў некалькіх ворагаў».

Ён правядзе яшчэ чатыры гады ў нямецкіх канцлагерах, а затым пройдзе ўсе колы пекла былога ваеннапалоннага. Менавіта пісьменнік Сяргей Смірноў дапамог аднавіць добрае імя герою. Амаль праз дзесяць гадоў пасля вайны Гаўрылаву вярнулі званне і ўзнагароды, якіх пазбавілі без падстаў, а пазней прысвоілі
званне Героя Савецкага Саюза. Пётр Гаўрылаў пражыў жыццё ў Расіі, але завяшчаў пахаваць сябе ў Брэсце.

Прах яго знайшоў спачын на Гарнізонных могілках Брэста. Імя героя носіць вуліца ва Усходнім мікрараёне абласнога цэнтра. А цяпер з'явіцца мурал, які будзе відаць здалёк, бо героі не паміраюць, пакуль іх памятаюць.

Святлана ЯСКЕВІЧ

Фота з тэлеграм-канала А. Рагачука

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.