Вы тут

За мінулы год у Брэсце з'явіліся дзясяткі новых зялёных зон


Думаю, праз нейкіх дзесяць-пятнаццаць гадоў мы ўсвядомім, што гэта была, можа, найлепшая справа, зробленая да юбілею горада. Маецца на ўвазе азеляненне. Яшчэ напярэдадні юбілейнага мінулага года была аб'яўлена акцыя «1000 дрэў да 1000-годдзя Брэста». Актыўна садзіць дрэвы пачалі з восені 2018-га і працягвалі ўвесь мінулы год.


— Пройдзе час, маладыя дрэўцы падрастуць, узмацнеюць, насыцяць горад кіслародам. Бо за апошнія дзесяцігоддзі інтэнсіўнай забудовы людзі толькі і рабілі, што высякалі дрэвы, каб вызваліць пляцоўку для новых кварталаў ды гандлёвых цэнтраў. А летась сапраўды пастараліся выправіць становішча.

У парку 1000-годдзя прайшлі арганізаваныя пасадкі дрэў пад рознымі назвамі. Напрыклад, пасадзіць «Сямейнае дрэва» прыйшлі цэлымі сем'ямі, былі і шматдзетныя бацькі, і тыя, хто гадуе першынца. Садзілі свае алеі ветэраны і мытнікі, журналісты і дзяржаўныя служачыя. У мікрараёне Усход спартсмены высадзілі «Спартыўную» алею, у цэнтры горада з'явіліся сквер «банкіраў» і алея «адвакатаў». І ўсе гэтыя прыгожыя акцыі ставілі мэтай прыцягнуць увагу грамадскасці, падштурхнуць гараджан да ўдзелу ў агульнай справе. Вядома, асноўную работу па азеляненні робіць КУП ЖКГ, але ж калі праходзіць суботнік ці акцыя, то гэта становіцца падобным на свята, няхай і невялікай групы людзей.

Варта сказаць, што даволі часта такія акцыі ўзначальваў старшыня Брэсцкага гарвыканкама Аляксандр Рагачук. Так было ў адзін з выхадных дзён вясны, калі працоўны дэсант на чале з мэрам садзіў алею на рагу вуліц Валгаградскай і Кастрычніцкай рэвалюцыі. Раней там была проста пустка, якую жыхары бліжэйшых дамоў прызвычаілі да выгулу сабак. А цяпер там падымаюцца маладыя дрэўцы.

— Новы сквер з'явіўся і па вуліцы Міцкевіча, дзе ў канцы года паставілі помнік Пушкіну. Крыху далей, у мікрараёне Паўночны дрэвы пасадзіла адміністрацыя Ленінскага раёна. Акцыю тады падтрымалі кіраўнікі ўстаноў і прадпрыемстваў раёна. За адзін дзень на тэрыторыі былога Паўночнага ваеннага гарадка з'явілася больш за 60 рабін, бяроз і дубоў.

А на Набярэжнай Францыска Скарыны ў першую суботу чэрвеня заклалі сад бесперапыннага цвіцення. Клімат у нас, як вядома, змяніўся ў бок пацяплення, таму спецыялісты палічылі магчымым вырошчваць у Брэсце нават тыя расліны, якія раней выглядалі для нас экзатычнымі.

Усяго за юбілейны год, паводле падлікаў спецыялістаў, у абласным цэнтры пасадзілі каля 22 тысяч дрэў. Падзеяй на гэтым фоне можна назваць таксама ўладкаванне Гарадскога саду. Гаворка ідзе пра старадаўні парк у цэнтры горада, які раней называлі гарадскім садам. Ён быў закінуты і зарос кустоўем, аж пакуль у 2015 годзе сюды не прыйшлі зацікаўленыя гараджане, каб расчысціць тэрыторыю. Узначаліў першыя суботнікі мэр горада. А потым быў зроблены праект і пачалося адраджэнне саду. Яго ўрачыста адкрылі летась у першыя дні верасня. Цяпер у горадзе з'явілася яшчэ адна славутасць і прыемны ціхі куток для адпачынку.

Святлана ЯСКЕВІЧ

Загаловак у газеце: На памяць аб тысячагоддзі

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.